На Гродзеншчыне падведзены вынікі работы таварыства ратавання на водах за 2025 год.
За справаздачны перыяд спецыялістамі АСВОД на вадаёмах Прынёмання былі выратаваны 7 чалавек. З 36 у 2024 годзе да 28 знізілася колькасць ахвяраў вады, прычым 7 з іх патанулі на закрытых тэрыторыях (у ваннах, калодзежах, басейне).
Летась быў узмоцнены рэжым дзяжурства на акваторыях вадаёмаў, адбылося больш прафілактычных рэйдаў і сустрэч з насельніцтвам, значна абноўлена матэрыяльна-тэхнічная база.
Прафілактычныя меры далі плён у многіх раёнах Прынёмання, а лепшай арганізацыяй сярод іншых па выніках работы ў мінулым годзе прызнана Дзятлаўская раённая арганізацыя АСВОД. Яе старшыня Сяргей Шпакоўскі адзначаны абласной узнагародай. Яшчэ адну, ужо за трэцяе месца, атрымаў ратаўнічы пост на пляжы райцэнтра. Сяргей Іосіфавіч упэўнены, што поспехам паспрыяла падтрымка райвыканкама, добраўпарадкаванне, цеснае ўзаемадзеянне з зацікаўленымі службамі.

– У апошні час на пляжы ў Дзятлаве адбыліся карэнныя змяненні да лепшага, – расказаў дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк. – Арганізавана якаснае асяроддзе для паўнацэннага адпачынку: устаноўлены кабінкі для распранання, душавая, ёсць падача пітной вады, дзіцячая 3D-купальня, заасфальтавана пешаходная дарожка. За сродкі спонсарскай дапамогі былі набыты тры катамараны, а за сродкі камунгаса ўстаноўлены шматфункцыянальны спартыўны комплекс, дзве арэлі, ратаўнічая вышка. Бюджэтныя сродкі былі выкарыстаны на ўстаноўку новай агароджы з сеткі, буёў, паплаўковай лініі, лавачак, а таксама на арганізацыю вулічнага асвятлення і сістэмы відэаназірання.

– У цесным узаемадзеянні з раённай арганізацыяй АСВОД і аддзелам адукацыі райвыканкама на пляжы ў Дзятлаве супрацоўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях арганізаваны прафілактычныя сустрэчы са школьнікамі і навучанне дзяцей плаванню, – расказаў старшы інжынер сектара арганізацыі функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны Яўген Ясюкайць. – Мы не толькі вучым непаўналетніх, як трымацца на вадзе, але і паказваем ім спосабы выратавання тых, хто тоне, прывіваем навыкі аказання даўрачэбнай дапамогі. Усяго за мінулы год такія ўрокі каля вады наведалі да тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак, пядзясят непаўналетніх навучыліся плаваць. У летні час падвоз адпачывальнікаў школьных летнікаў арганізоўвае аддзел адукацыі райвыканкама. Мы ж сумеснымі намаганнямі стараемся зрабіць усё, каб школьнікі не толькі прыемна правялі час на вадаёме, пакупаліся, пазагаралі, але і атрымалі шмат карыснай інфармацыі. Каб дзецям было цікава прыязджаць на такія мерапрыемствы, для іх супрацоўнікамі РАНС у тым ліку ладзяцца паказальныя тэматычныя выступленні. Нездарма за плённае ўзаемадзеянне і цікавы фармат работы Дзятлаўская раённая арганізацыя АСВОД адзначана граматай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

– Другі год запар на вадаёмах Дзятлаўшчыны не зарэгістравана няшчасных выпадкаў, – падвёў вынік размовы Сяргей Шпакоўскі. – Як было адзначана, гэтаму спрыяе актыўная прафілактычная работа, якая ладзіцца ў цесным узаемадзеянні службаў раёна, і абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. За кошт падтрымкі раённай улады, спонсараў і арганізацый пляж у Дзятлаве стаў месцам прыцягнення для многіх. Ён ператварыўся ў сучасны добраўпарадкаваны аб’ект адпачынку каля вады. Тым не менш, спыняцца на дасягнутым мы не збіраемся: у планах на 2026 год – пабудаваць новы пірс і ўстанавіць лічбавае табло з бягучым радком для дэманстрацыі актуальнай інфармацыі ад службаў раёна. Дзякуючы станоўчым змяненням, ад насельніцтва паступае шмат пазітыўных водгукаў у адрас райвыканкама, АСВОДа, ратаўнікоў. У сваю чаргу я ўдзячны дзятлаўчанам за тое, што ў арганізацыях раёна фарміруюцца ячэйкі АСВОД, якія членскімі ўзносамі дапамагаюць агульнай справе па фарміраванні бяспечнага асяроддзя і прафілактыцы няшчасных выпадкаў на вадзе. Дарэчы, падтрыманне парадку спрыяе і культуры паводзінаў адпачывальнікаў, бо за справаздачны перыяд не складзена ніводнага адміністрацыйнага пратакола. Безумоўна, толькі пры цесным узаемадзеянні можна дасягнуць такіх высокіх вынікаў.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае