Сёння не навіна, што быць афіцэрам, мець добрую вытрымку і выпраўку – гэта прэстыжна і пачэсна, нягледзячы на тое, колькі на гэта ідзе працы і цярпення. Стаць афіцэрам ужо з маладых гадоў – значыць атрымаць вялізны багаж ведаў і вопыту.
На выбар сваёй спецыяльнасці, прызнаюся, я патраціў не адзін дзень. Яшчэ ў дзяцінстве любіў ляпіць са снегу розныя прадметы і збудаванні, складаць любімы канструктар “Лега”, дзе з-пад тваіх рук выходзяць самыя незвычайныя рэчы. Паступова дзіцячае захапленне перарасло ад вясёлай забавы да сур’ёзнай справы.
І вось я ўжо правучыўся чатыры гады на ваенна-тэхнічным факультэце Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “прамысловае грамадзянскае будаўніцтва”.
За гэты час я вывучыў розныя профільныя прадметы: тэхналогію будаўнічай вытворчасці, эканоміку будаўніцтва, будаўнічую механіку і іншыя. Сучаснае абсталяванне спрыяе больш паглыблена акунуцца ў будучую спецыяльнасць, а сама вучоба ў грамадзянскай ВНУ дае магчымасць пазнаёміцца з цікавымі мэтанакіраванымі маладымі людзьмі, студэнтамі розных факультэтаў. Высокакваліфікаваныя выкладчыкі дапамагаюць курсантам асвойваць асновы будаўнічай і ваеннай спраў.
Створаны тут усе ўмовы не толькі для навучання, але і пражывання, вольнага часу. Харчуюцца курсанты ў сталовай БНТУ, а кормяць тут, скажам не саромеючыся, смачна і дастаткова. Жывём ва ўніверсітэцкім інтэрнаце з усімі жыццёва неабходнымі выгодамі ў пакоях па два-тры чалавекі.
Вучыцца цікава і весела, але пра вайсковую дысцыпліну ніхто не забываецца. І ў нарады ходзім, і на пастраенні не спазняемся, але з такіх дробязяў і развіваецца тая самая загартоўка, якая нам і па службе, і па жыцці не раз спатрэбіцца.
Вадзім КУХАРЧЫК,
курсант 4 курса ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga