Не кожны  адважыцца прысвяціць сваё жыццё самым маленькім, стаць для іх другой мамай, рабіць з імі першыя крокі ў жыцці, вучыць дабру, любіць сваіх родных і блізкіх, свой пасёлак, краіну. Малеча – гэта цудоўная глеба: якое зерне кінеш, такі парастак і вырасце.

Тры гады таму, скончыўшы Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы, прыйшла на работу ў Казлоўшчынскі дзіцячы сад малады спецыяліст Юлія Сіняк, як кажуць, вярнулася на радзіму. За гэты кароткі час яна стала прыкладам для пераймання, здольнай знаходзіць да сваіх выхаванцаў індывідуальны, асаблівы падыход. Для аднаго дзіцяці яна добрая фея з казкі пра Папялушку, для другога  – строгая, але справядлівая Мэры Попінс з казачных аповесцей Памелы Трэверс. Да кожнага дзіцяці Юлія ўмее падабраць свой “ключык”, закрануць часцінку душы, каб узнікла жаданне з радасцю ісці ў дзіцячы сад.

Для Юліі Сяргееўны выхавальнік дашкольнай адукацыі  не толькі прафесія, гэта прызванне, вобраз жыцця, гатоўнасць у любы час адказаць на пытанні не толькі дзяцей, але і іх бацькоў.

Педагог крочыць нага ў нагу з часам, самаўдасканальваецца, авалодвае інавацыйнымі тэхналогіямі навучання і выхавання дзяцей. Яна атрымала сертыфікат Парка высокіх тэхналогій і ўжо другі год рэалізуе адукацыйны праект для дашкольнікаў “Інфарматыка без разеткі”. Пры гэтым не забывае пра тое, што вякамі перадавалася пакаленням, да прыкладу, народныя промыслы, традыцыі, мову праз заняткі ў беларускамоўнай групе. Гэта творчы малады спецыяліст, з цікавымі крэатыўнымі ідэямі.

– Я заўсёды хацела працаваць з дзецьмі, выхоўваць у іх важныя чалавечыя якасці, – расказвае Юлія Сіняк. – З задавальненнем разам з выхаванцамі прымаю ўдзел у розных конкурсах і мерапрыемствах. Так,  Ясенія Пігульская ў II Міжнародным конкурсе “Я люблю жывёл” атрымала дыплом лаўрэата III ступені ў намінацыі “Мастацкае слова”, а   Арына Макарчык разам з татам і дзядулем падрыхтавалі відэаролік “Тата, дзядуля і я – бяспечная сям’я” на раённы фестываль “Бяспечнае дзяцінства”.

Юлія Сяргееўна – актыўная ўдзельніца ў прафсаюзным жыцці дашкольнай установы. Яна і Снягурка на парадзе Дзедаў Марозаў, і Вясна на свяце “Гуляй, Масленіца”, і нават хлопчык Кай з казкі пра Снежную Каралеву ў конкурсе “Парад саней”.

Пра цяжкасці, з якімі кожны сутыкаецца ў пачатку прафесійнага шляху, Юлія адказвае з усмешкай:

– Спачатку не ўсё атрымлівалася, бо, каб набрацца вопыту, неабходны час. Вялікую падтрымку аказваюць калегі. Калі ў чым сумняваюся, заўсёды пытаю парады ў вопытных педагогаў.

У вольны час Юлія Сяргееўна любіць маляваць, чытаць мастацкую літаратуру. Кожны дзень маладога спецыяліста не падобны на папярэдні, бо столькі ўсяго патрэбна паспець зрабіць. Але самае галоўнае – яна вучыць сваіх выхаванцаў шчырасці, дабрыні, любові, узаемадапамозе. І ў гэтым праяўляецца яе самае галоўнае майстэрства.

Хочацца пажадаць Юліі Сіняк поспехаў у абранай прафесіі, удзячнасці бацькоў і выхаванцаў, дасягнення пастаўленых мэтаў.         

Іна ДЖУРАХАНАВА,

намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Казлоўшчынскага дзіцячага сада

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации