Сучасная міліцыя – гэта складаны арганізм, які патрабуе ад супрацоўнікаў высокай кампетэнцыі, стрэсаўстойлівасці і самааддачы.
Ніколі не пашкадаваў, што выбраў гэту прафесію, падпалкоўнік міліцыі Вадзім Шчурскі.
Як не раз ён сам адзначаў, “самая галоўная радасць ад выкананай работы – усведамленне таго, што ты дапамагаеш людзям”.

Больш за тры гады Вадзім Васільевіч узначальваў аддзел унутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама. З яго агульнага стажу ў 28 гадоў у сілавых структурах гэта зусім няшмат, але і за такі адрэзак часу можна дасягнуць высокіх вынікаў у службовай дзейнасці, знайсці новых надзейных сяброў і аднадумцаў і пакінуць добрыя ўспаміны ў сэрцах людзей цэлага раёна.
Далейшую службу Вадзім Шчурскі працягне ва ўпраўленні аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі УУС Гродзенскага аблвыканкама, але прызнаецца, што з дзятлаўскімі калегамі абавязкова будзе падтрымліваць сувязі як па службе, так і сяброўскія.

За час працы ў нашым раёне Вадзім Васільевіч вызначыўся як адказны, кампетэнтны кіраўнік, які штодзень паказваў асабістае і службовае майстэрства, каб прафесійна вырашаць пастаўленыя задачы. Пад яго ўмелым кіраўніцтвам узровень злачыннасці ў раёне зменшыўся больш чым напалову, за што ён адзначае і якасную прафілактычную работу ўсіх супрацоўнікаў. Ён праявіў сябе і як добры гаспадар: нядаўна была адметна добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя аддзела, адрамантаваны службовыя кабінеты.

Высокую ацэнку атрымаў узровень падрыхтоўкі пад яго кіраўніцтвам пры правядзенні два гады таму штогадовай міліцэйскай эстафеты сярод супрацоўнікаў органаў унутраных спраў Гродзенскай вобласці.

Вадзім Васільевіч усімі сіламі падтрымліваў, дапамагаў і радаваўся за поспехі навучэнцаў клуба “Мужнасць” аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама.

За высокія паказчыкі ў службе ён неаднаразова атрымліваў узнагароды, адна з апошніх – падзяка начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама за высокую эфектыўнасць работы падначаленага асабовага саставу, якая яшчэ раз даказвае яго прафесіяналізм і самаадданасць выбранай справе.
Калегі-дзятлаўчане з ноткамі суму развітваюцца са сваім кіраўніком, які аб’яднаў іх у адну дружную сям’ю, у любую хвіліну мог даць і прафесійную, і сяброўскую параду, дапамагчы ў складаны час і пахваліць за поспехі, але сардэчна дзякуюць яму за добрыя адносіны і шчырую ўсмешку, зычаць рэалізаваць сябе на новым этапе жыццёвага шляху.
Кіраўніцтва Дзятлаўскага раёна выказвае ўдзячнасць Вадзіму Шчурскаму за ўзаемадзеянне, эфектыўную работу, высокі прафесіяналізм, майстэрства і жадае далейшых поспехаў, дасягнення ўсіх пастаўленых мэтаў, дастойна несці сваю адказную службу дзеля Айчыны і беларускага народа.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае