На пачатку вясны ў Дзятлаве плануецца Радзівілаўскі баль.

Чаму такая назва, як патрапіць на яго? На гэтыя пытанні адказваюць людзі, якія маюць дачыненне да яго падрыхтоўкі і правядзення.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея:

—Ідэя правесці баль сыходзіць ад кіраўніка аматарскага аб’яднання “Эпатажны блюз” Анатоля Кардаша з Наваельні. Яе падтрымалі супрацоўнікі Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці, нашага музея. Назвай Радзівілаўскі баль хочацца прыцягнуць увагу да гісторыка-культурнай спадчыны, якая знаходзіцца ў нашым горадзе – палаца Радзівілаў. Мабыць, праз такую ўвагу знойдзецца спонсар для аднаўлення  палаца, якім валодалі Радзівілы на працягу доўгага часу. Тады і ў наша невялікае Дзятлава актыўна паедуць турысты, адпачывальнікі з “Радона”. Цікавасць да гістарычнага мінулага ёсць, толькі варта яе абудзіць.

Баль мяркуецца правесці напярэдадні жаночага свята, 7 сакавіка. Ён прысвячаецца жанчынам і жанчыне – Барбары Радзівіл. Яна жыла ў Дзятлаве, прыкладала шмат намаганняў дзеля росквіту паселішча. Радзівілы любілі гэтыя мясціны. Нездарма ж сэрца аднаго з прадстаўнікоў гэтага роду — Мікалая Фаўстына Радзівіла –знаходзіцца ў дзятлаўскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Менавіта яго другой жонкай і была Барбара, вельмі ўплывовая на той час жанчына.

Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей мае намер наладзіць у фае Дзятлаўскага цэнтра культуры, дзе будзе ладзіцца баль, выставу гістарычных партрэтаў, прадаставіць гістарычную інфармацыю, сувенірную прадукцыю. А калі хтосьці захоча падрыхтаваць да балю сукенку ў стылі таго часу, то мы ахвотна пракансультуем.

Анатоль Кардаш, кіраўнік аматарскага аб’яднаная “Эпатажны блюз”:

—Вопыт правядзення баляў ёсць. У Наваельні ладзілі свой Калядны баль. Давялося пабыць на падобных мерапрыемствах у Міры. Радзівілаўскі баль – гэта не якоесьці танцавальнае спаборніцтва, гэта магчымасць адпачыць у атмасферы добрай музыкі, танцаў, спеваў, жанчыне адчуць сябе прыгожай і вабнай. На гэты баль можа прыйсці любы жадаючы. І не важна, умее танцаваць ці не, ёсць партнёр ці партнёрша для танцаў або не. Вопыт паказвае, што жаданне паспрабаваць танцаваць узнікае, калі прама ў час балю паказваюцца некалькі рухаў: і вось ужо многія становяцца на танец.

Пропуск на баль адзін – дрэс-код. Мужчыны павінны быць апрануты адпаведна: касцюм або вайсковая парадная форма, смокінг або фрак, а яшчэ гальштук або бабачка. Жанчыны на баль прыходзяць у доўгіх да падлогі сукенках, пажадана ў бальных.

Праграма балю звычайна такая: адкрывае яго танец-шэсце – паланэз; затым прапануюцца венскі вальс; разнастайныя полькі; кантрданс; кракавяк. Няхай разнастайнасць назваў не палохае. Тым больш, што да балю ёсць час і распачынаем заняткі па навучанні танцам. Першы такі занятак прызначаны на суботу, 8 лютага, на 10 гадзін. Могуць прыходзіць усе жадаючыя: і хто мае танцавальны вопыт, і хто не ўмее пакуль што танцаваць, але хоча навучыцца.

Марына Шаўчук, намеснік дырэктара Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці:

—Варта зазначыць, што праграма Радзівілаўскага балю прадугледжвае, акрамя танцаў, гульні, міні-віктарыну па гісторыі Дзятлаўшчыны, музычныя і песенныя нумары. А напрыканцы мерапрыемства мы аб’явім, хто самы ўмелы танцор, у каго самы прыгожы строй, якая пара самая вабная ці які танцор самы вясёлы і актыўны. Хочам, каб на памяць засталіся і невялічкія сувеніры.Мяркуем, што на баль будуць збірацца гадзін да пяці-шасці вечара, і ён працягнецца да дзесяці. Танцавальнай плошчы другога паверха Цэнтра культуры хопіць для ўсіх. Жадаючыя пабыць набалі могуць тэлефанаваць, удакладняць (2-11-48, 2-15-48).

Мы запрашаем да ўдзелу ў першым Радзівілаўскім балі дзятлаўчан і гасцей горада. Спадзяёмся, што ў нас усё атрымаецца, і ён стане традыцыйным.

Іна ЯЎСЕЙЧЫК

 

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Водные игры небезопасны
Прыём грамадзян

Прыём грамадзян

10 июля, 2026
Дэпутацкія клопаты. Андрэй Жамойда правёў прыём грамадзян у Дзятлаве

Похожие публикации