Кантроль паводкі, свінагадоўля, прафілактыка пажараў, навядзенне парадку на фермах, ямачны рамонт, санітарныя нормы – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Першацветы, ды не тыя
Кіраўнік раёна пачаў размову з надзённага – навядзення парадку. Сыходзіць снег – на прылеглых тэрыторыях дамоў, каля магазінаў, установаў і прадпрыемстваў, на тратуарах і газонах там-сям “праяўляецца” смецце. Як кажуць, першацветы, ды не тыя.
Справа сумлення для кожнага гаспадара, кіраўніка прадпрыемства або арганізацыі, індывідуальнага прадпрымальніка аператыўна навесці парадак. Андрэй Садоўскі паставіў задачу кіраўніцтву раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі актыўна ініцыяваць і кантраляваць падтрыманне належнага санітарнага стану ў населеных пунктах.
– Выйдзіце з аўтамабіляў, прайдзіцеся пешшу па вуліцах, нагадайце людзям, што чысціня – справа кожнага. З дробязяў складваецца агульнае ўражанне пра раён, – падкрэсліў Андрэй Уладзіміравіч.
Што дытычыцца жыллёва-камунальнай гаспадаркі, тут акцэнтавалі ўвагу не толькі на ўборцы, але і правядзенні ямачнага рамонту.
– Небяспечныя ўчасткі, глыбокія рытвіны каля дарожных люкаў павінны быць тэрмінова адрамантаваны, – адзначыў старшыня райвыканкама.
Скаардынаваць работу
Патрабуецца прыкласці рукі і на жывёлагадоўчых аб’ектах некаторых дзятлаўскіх гаспадарак. Маніторынг у выхадныя дні паказаў, што ўмеюць гультаяваць як пастаянныя работнікі сельгаспрадпрыемстваў, так і нанятыя, напрыклад, з ІКП-26.
– У КСУП “Жукоўшчына” больш за 200 работнікаў – парадку няма. Чаму зусім іншая, станоўчая сітуацыя ў КСУП “Хвінявічы”, КСУП “Войневічы”, дзе менш працуючых? – спытаў Андрэй Садоўскі. – І справа не толькі ў асабістым нежаданні працаваць, а таму што няма каардынацыі работ, дакладных указанняў і кантролю за іх выкананнем.
Старшыня райвыканкама падкрэсліў, што ў сілах кожнай гаспадаркі навесці парадак самастойна, без дапамогі “шэфаў”, і менавіта гэта задача стаіць цяпер. Чарговы раённы маніторынг плануецца ў чацвер.
Што датычыцца іншых пытанняў галіны, на бягучым тыдні сельгаспрадпрыемствы зоймуцца вывазкай арганічных угнаенняў на палі, пакуль глеба падмарожана і ёсць магчымасць праезду тэхнікі.
Будуць вызначаны планы меліярацыйных работ. Разглядаецца неабходнасць навучання работнікаў жывёлагадоўчых аб’ектаў, асаблівая ўвага – свінагадоўлі.
Крымінал і пажары
Ратаўнікі падвялі вынікі дзейнасці за два месяцы. Усяго ў Гродзенскай вобласці адбылося 177 пажараў, у якіх загінулі 26 чалавек. Выратаваны і эвакуяваны 116 жыхароў рэгіёна, захаваны ад агню 108 будынкаў і 18 адзінак тэхнікі.
На Дзятлаўшчыне ў вогненнай пастцы загінуў адзін чалавек, усяго адбылося 13 пажараў.
У сувязі з павышэннем тэмпературы надвор’я супрацоўнікі РАНС кантралююць паводкавыя праявы, асабліва на тэрыторыі сельскіх саветаў. Пакуль такія не фіксуюцца на Дзятлаўшчыне.
Па лініі аддзела ўнутраных спраў на мінулым тыдні ўзбуджаны тры крымінальныя справы: адна за махлярства, дзве – за няўплату аліментаў.
Выяўлены і затрыманы зламыснікі, які падманулі жыхарку нашага раёна, што планавала набыць турыстычную пуцёўку і пералічыла ім 3 тысячы 728 рублёў. Махляры затрыманы. На жаль, грошы з іх будзе скаладана ўтрымаць, паколькі вызначана шмат пацярпелых.
З пачатку года ў ЛПП накіраваны 6 дзятлаўчан. Не менш за 4 будуць ізаляваны ў сакавіку.
Іншыя тэмы коратка
Прадаўжаецца рэканструкцыя нежылога памяшкання ў арэнднае жыллё ў Дзятлаве (будынак былой школы-інтэрната). Разборачныя работы завершаны. Будаўнікі прыступаюць да рамонту. Плануецца ўвесці арэндны дом у эксплуатацыю да верасня бягучага года.
****
Дыспетчарызацыя кантролю вулічнага асвятлення на павестцы РУП ЖКГ.
Сярод бягучых работ – выдаленне небяспечных дрэваў у цэнтральным парку райцэнтра.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga