Парадак на дарогах, вырошчванне буйной рагатай жывёлы, рэканструкцыя і рамонт будынкаў, пасяджэнні суда па накіраванні грамадзян у ЛПП – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Цяперашняя зіма паднесла нямала сюрпрызаў работнікам сельскай гаспадаркі, палохаючы то маразамі, то адлігай, то снегам, то ледзяным дажджом.
– Унікайце глыбей у тэхналагічныя моманты жывёлагадоўлі, асаблівую ўвагу надавайце якасці і своечасовасці кармлення, забеспячэнню жывёл цёплай вадой для піцця, а таксама рэгулярнасці правядзення работ па ачыстцы памяшканняў. Простыя, але жыццёва важныя мерапрыемствы дазваляюць жывёле, у тым ліку і ў перыяд пераменлівага надвор’я, заставацца здаровай, прыбаўляць надоі; маладняку – нарошчваць вагу, – настройваў Андрэй Садоўскі на сур’ёзны працоўны лад работнікаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання.
Што датычыцца рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, па словах спецыялістаў гаспадарак, усе неабходныя запчасткі закуплены ў поўным аб’ёме, засталося толькі “прыкласці рукі” і спрацаваць на вынік.
Пракурор раёна Віталій Юрго звярнуў увагу на важную тэму – своечасовасць кампенсацыі ўрону за падзеж жывёлы.
Абмеркавалі і пытанне запазычанасці некаторых сельгаспрадпрыемстваў за камунальныя паслугі.
Раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя кіраўніком раёна пастаўлена задача маніторынгу месцаў захоўвання ўгнаенняў з прадастаўленнем у райвыканкам фотасправаздачы, а таксама агляду меліярацыйных каналаў.
Гаварылі на нарадзе і пра зімовыя клопаты камунальнай і дарожнай службаў. Адліга і маразы, якія прыйшлі за ёй, прывялі да ўтварэння лядовай скарынкі на дарогах і тратуарах.
Навесці парадак на аўтамабільных дарогах, ачысціць тратуары, вызваліць праезную частку дарог у населеных пунктах ад лёду і снежных гурбаў – гучалі заўвагі ў адрас РУП ЖКГ і ДЭУ-56.
Па ўсіх напрамках дадзены даручэнні.
У сувязі з ускладненнем абстаноўкі з пажарамі і гібеллю людзей ад іх у жыллёвым фондзе на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна з 23 па 27 лютага праходзіць спецыяльнае прафілактычнае мерапрыемства “Дом без пажару”. Работнікі МНС (раённыя і абласныя групы) наведваюць домаўладанні жыхароў трох сельскіх саветаў (Дзятлаўскага, Казлоўшчынскага і Дварэцкага), а таксама раённага цэнтра. Асаблівую ўвагу надаюць адзінокім пенсіянерам, інвалідам, шматдзетным сем’ям, а таксама тым, хто ўжо трапляў у поле зроку праваахоўнікаў.
Супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама сканцэнтравалі сілы на рабоце з непрацуючымі грамадзянамі, якія злоўжываюць алкагольнымі напоямі. Праходзяць выязныя пасяджэнні суда па накіраванні такіх грамадзян у лячэбна-працоўны прафілакторый. Дарэчы, як ні сумна, значная частка з іх – жанчыны.
Узмоцнены кантроль за правапарадкам у раёне з боку ўчастковых інспектараў міліцыі.
Падведзены вынікі па эканамічных паказчыках работы прадпрыемстваў Дзятлаўшчыны ў першым месяцы года. Індэкс фізічнага аб’ёму прамысловай прадукцыі склаў 93,6 %. На стопрацэнтны вынік па важкіх прычынах не спрацавалі некалькі арганізацый. Ёсць завярэнні кіраўнікоў, што сітуацыя выправіцца.
Прадаўжаецца рамонт другой часткі (басейна) лазнева-аздараўленчага комплексу ў райцэнтры. Таксама распачаты работы па рэканструкцыі нежылога памяшкання ў арэнднае жыллё ў Дзятлаве (будынак былой школы-інтэрната). На аб’екце працуюць будаўнікі з Ліды і дзятлаўскага “Будкомплекса”. Да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь будзе ўведзены ў эксплуатацыю арэндны дом у гарпасёлку Наваельня. Цяпер прымаюцца заявы ад грамадзян, якія жадаюць атрымаць у ім кватэры (на агульных падставах).
Як расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен на 90-98 балаў напісалі пяць юных дзятлаўчан – вучні гімназіі № 1 горада Дзятлава, сярэдняй школы № 3 горда Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук. На жаль, ёсць па двух прадметах і вынік у 1-2 балы.
Марына Лашкоўская дадала, што педагогі імкнуцца больш працаваць з моладдзю па заключэнні мэтавых дагавораў на навучанне ў каледжах і ВНУ – гэта высокі шанц на паступленне і далейшая гарантыя працаўладкавання, што вельмі важна.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga