Якім для Дзятлаўшчыны быў мінулы тыдзень і на якія пытанні будзе звернута больш увагі ў наступныя сем дзён, абмеркавалі на штотыднёвай рабочай нарадзе старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з кіраўнікамі і спецыялістамі службаў раёна.

Прафілактыка – лепшы спосаб зберагчы сябе і маёмасць

Размову пачалі з пытанняў бяспекі. Вогненных здарэнняў на мінулым тыдні ў нашым раёне не адзначалася, таму ўся ўвага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях была скіравана на прафілактыку. У рамках акцыі “За бяспеку разам” ратаўнікі прадоўжылі маніторынгі ў жылым сектары з ухілам на катэгарыраваныя групы насельніцтва. Па выяўленых парушэннях два домаўладанні ўзяты на кантроль, у адносінах да аднаго грамадзяніна выкарыстаны меры адміністрацыйнага ўздзеяння. Як сведчыць абласная статыстыка, такая ўвага не лішняя: на Гродзеншчыне з пачатку года адзначаецца рост колькасці пажараў у дванаццаці раёнах. Толькі за кастрычнік у Прынёманні ў агні загінулі сем чалавек. Сярод ахвяраў “па класіцы жанра” пераважаюць аматары курэння ў ложку.  

Звяртаючы ўвагу прысутных на важнасць тэмы, Андрэй Садоўскі яшчэ раз заклікаў супрацоўнікаў экстранных службаў у час ацяпляльнага сезона, калі рызыка няправільнай эксплуатацыі пячнога і іншага ацяпляльнага абсталявання ўзрастае, не пакідаць без пільнага нагляду неабароненыя катэгорыі дзятлаўчан.

Ураджай з поля, тэхніку – на захоўванне

Завяршаецца ў раёне ўборка цукровых буракоў, а вываз салодкіх клубняў на перапрацоўку ажыццяўляецца з апераджэннем графіка. Не збаўляюць гаспадаркі тэмпаў па ўборцы кукурузы на зерне. На палетках гэтай культуры засталося каля дзвюх тысяч гектараў, некаторую з улікам патрэбаў жывёлагадоўлі перапрацуюць у сілас. Асноўная ўвага спецыялістаў сельскагаспадарчай галіны цяпер скіравана на рамонт тэхнікі і пастаноўку яе на захоўванне.

Не менш увагі Андрэй Садоўскі даручыў надаць і такім пытанням у рабоце сельскай галіны, як навядзенне парадку на зямлі, здача другасных матэрыяльных рэсурсаў – металалом, шыны. Аднак галоўнае, што ў зімовы перыяд неабходна трымаць у фокусе – гэта паспяховая работа жывёлагадоўчай галіны. Калі комплексы і фермы якасна падрыхтуюцца да стойлавага перыяду, будуць выконваць усе тэхналагічныя патрабаванні па кармленні і доглядзе буйной рагатай жывёлы, захаванні статку, то будуць павышацца прывагі і надоі, а малако – асноўная крыніца даходаў гаспадарак у гэты час. Дарэчы, менавіта такім пытанням быў прысвечаны раённы семінар для спецыялістаў ветэрынарнай службы і жывёлаводаў, які ладзіўся на базе КСУП “Хвінявічы”.

Напрыканцы абмеркавання тэмы было анансавана, што традыцыйны раённы конкурс аратых, які меўся адбыцца на мінулым тыдні, але быў адкладзены з-за дажджлівага надвор’я, пройдзе пасля Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.

Іншыя тэмы коратка

У 2026 годзе ў раёне плануецца ажыццявіць капітальны рамонт шасці шматкватэрных жылых дамоў.

Да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі ў райцэнтры будзе арганізаваны мітынг, у Дзятлаўскай раённай бібліятэцы пройдзе дыялогавая пляцоўка, а ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча будзе ладзіцца тэматычная выстава.

На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца месячнік па навядзенні парадку з удзелам арганізацый, установаў, прадпрыемстваў раёна. Яшчэ не ўсе дрэвы скінулі лісце, а таму многія лакацыі, дзе любяць адпачываць і гуляць жыхары і госці раёна, будуць мець патрэбу ў рабоце працоўных дэсантаў.

У час асенніх канікулаў ва ўстановах адукацыі працуюць школьныя лагеры, дзе праходзяць аздараўленне 240 юных жыхароў раёна.

У фармаце анлайн з запрашэннем усіх структур соцыуму 5 лістапада мяркуецца правесці раённы бацькоўскі сход.

Навучэнцы раёна прымаюць удзел у абласных этапах конкурсаў “Крыштальная Альфа (адбор прайшлі 11 работ) і “Патрыёт.by” (дзве работы).

Установы адукацыі актыўна ўключыліся ў кампанію па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў з ухілам на шкло, толькі за мінулы тыдзень сабрана 70 кілаграмаў карысных адходаў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации