Прыцягненне працоўных рэсурсаў, адказнасць за ўчыненне пажару, няпрофільная дзейнасць жыллёва-камунальнай гаспадаркі, прафарыентацыйныя заняткі – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Пра эфектыўнае земляробства

Нарыхтоўка насення да вясновых палявых работ стала адной з галоўных тэм абмеркавання на нарадзе па сельскагаспадарчай тэматыцы.

Насення зерневых і зернебабовых прадпрыемствамі раёна нарыхтавана 1092 тоны (план патрэбы 1151 тона 94,9 %).

Старшыня райвыканкама адзначыў, што жывёлагадоўлі на Дзятлаўшчыне надаецца больш увагі, а ў развіцці раслінаводства інавацыйных зрухаў практычна няма, штогод стандартныя культуры рыхтуюцца да сяўбы, няма аналізу патрэбы кожнай асобнай гаспадаркі, выручка з раслінаводства нізкая. Пры гэтым, спецыялісты і кіраўнікі нашых гаспадарак рэгулярна навучаюцца на курсах павышэння кваліфікацыі; пастаянна ўдасканальваецца машынна-трактарны парк.

– “Пёстрая” сітуацыя па нарыхтоўцы насення буракоў, дрэнна – рапсу, люпіну. Мала надзяляеце ўвагі вырошчванню бабовых, а гэта крыніца бялка, неабходная для корму жывёлы. Запрашайце спецыялістаў-навукоўцаў, якія дапамогуць ацаніць глебу, растлумачаць агратэхніку зернебабовых культур. Новыя метады і формы ў раслінаводстве неабходна прымяняць і ўкараняць на дзятлаўскай зямлі. Важная не колькасць рэсурсаў, а эфектыўнасць і рацыянальнасць іх выкарыстання, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі, звяртаючыся да спецыялістаў АПК.

Першы крок у будучую прафесію

Прадоўжылі сельскагаспадарчую тэму па лініі прафарыентацыйнай падрыхтоўкі школьнікаў. Адукацыя Дзятлаўшчыны сёння акцэнтуе ўвагу навучэнцаў на магчымасцях атрымання розных прафесій. Праводзяцца прафарыентацыйныя экскурсіі на прадпрыемствы і ў арганізацыі раёна, запрашаюцца спецыялісты розных сфер дзейнасці на ўрокі ў школы, праводзяцца персанальныя размовы са старшакласнікамі, выслухоўваюцца спецыялістамі аддзела адукацыі райвыканкама пажаданні падлеткаў, высвятляюцца іх схільнасці. Рэгулярна дзятлаўскія школьнікі выязджаюць на дні адчыненых дзвярэй у сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Зразумела, што спецыялісты сферы АПК вельмі патрэбны ў раёне, таму сёння навучэнцам шмат расказваюць пра разнастайнасць прафесій у сельскай гаспадарцы.

– Правільная пазіцыя нашага аддзела адукацыі. Жыццё не стаіць на месцы, змяняючы аблічча многіх звыклых прафесій, і сельская гаспадарка – не выключэнне. Акрамя таго, усеагульная лічбавізацыя, развіццё тэхналогій актыўна ўкараняецца і ў гэтай сферы, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі. – Не трэба забываць, што атрыманая адукацыя – гэта толькі першы крок, і праявіць сябе можна далей у розных арганізацыях. І ў райвыканкаме працуюць спецыялісты з сельскагаспадарчай адукацыяй, і педагогі. Кожнай структуры патрабуюцца бухгалтары, юрысты, праграмісты. Гэта і трэба растлумачваць дзецям.

Як удакладніла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, сёлета школы раёна заканчваюць 129 выпускнікоў.

Дарэчы, у суботу, 31 студзеня, на базе сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча пройдзе рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамена для адзінаццацікласнікаў раёна.

А ў чацвер у гімназіі № 1 горада Дзятлава пройдзе ўрачыстасць, на якой павіншуюць пераможцаў і прызёраў абласных алімпіяд па вучэбных прадметах, іх настаўнікаў і бацькоў. Нагадаем, з абласнога этапу рэспубліканскіх алімпіяд дзятлаўскія школьнікі прывезлі восем дыпломаў і тры граматы.

Вёрстка планаў

Напрыклад, інвестыцыйных планаў дзятлаўскіх прадпрыемстваў на 2026 год. Намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская расказала, што цяпер тры прадпрыемствы: Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”, ТАА “Торвлад”, ТАА “Трыял Эксперт” – узгадняюць свае інвестпраекты з павелічэннем аб’ёму інвестыцый, іх тэрміны рэалізацыі.

Жыллёва-камунальнай гаспадарцы пастаўлена задача сфарміраваць пералік вуліц населеных пунктаў раёна для асфальтавання ў гэтым годзе, праездаў у гарадскія двары, запланаваць работы па пашырэнні тратуара па вуліцы Міцкевіча райцэнтра, рыхтаваць тэндары на выбар падрадчыкаў будаўнічых работ для рамонту дваровых тэрыторый.

Сярод паўсядзённых актуальных задач РУП ЖКГ – кантроль і своечасовая апрацоўка, ачыстка вуліц ад снегу.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации