Ужо наступная нарада ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага будзе першай вясновай. Таму на бягучай падвялі вынікі, як падрыхтаваліся да палявых работ, пачатку капітальных рамонтаў, аднаўлення дарожнага пакрыцця і іншай сезоннай дзейнасці.
Прагучаць сірэны
Напярэдадні Сусветнага дня грамадзянскай абароны (адзначаецца 1 сакавіка) на Дзятлаўшчыне пройдуць спецыяльныя навучальныя мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне ўзроўню інфармаванасці насельніцтва аб надзвычайных сітуацыях прыроднага і тэхнагеннага характару, а таксама навучанне жыхароў раёна дзеянням па сігнале “Увага ўсім!”.
27 лютага ў 12 гадзін па ўсёй Гродзенскай вобласці, у тым ліку на Дзятлаўшчыне, прагучаць сірэны. Дарэчы, іх у нашым раёне – 27, а ўсяго па Гродзеншчыне – 721.
У раёне зарэгістраваны першыя пажары ад выпальвання сухой расліннасці. Як паведаміў начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык, на мінулым тыдні ратаўнікі двойчы выязджалі на тушэнне пажараў у экасістэмах паблізу вёсак Руда Яварская і Сачыўляны.
– Цёплая зіма і адсутнасць снежнага покрыва ствараюць верагоднасць узнікнення ўзгаранняў сухой расліннасці, – адзначыў Сяргей Сяргеевіч і нагадаў, што за выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, іржышча і пажніўных рэшткаў на палях прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічыняў. У выпадку прычынення шкоды ў асабліва буйным памеры надыходзіць крымінальная адказнасць.
Не чакаем цяпла, працуем цяпер
На нарадзе абмеркавалі падрыхтоўку сельгастэхнікі да пасяўной. Кіраўнік раёна выслухаў адказныя службы па выніках работы ў кожнай гаспадарцы. Таксама Андрэй Уладзіміравіч падкрэсліў, што завершаным лічыцца рамонт тэхнікі толькі тады, калі ёю пройдзены тэхнічны агляд. На панядзелак, да прыкладу, 93 % трактароў у раёне прайшлі ТА.
Увагу завастрылі таксама на арганізацыі работы на жывёлагадоўчых аб’ектах. Разабралі пытанні падачы кармоў жывёле, утрымання і вырошчвання цялятаў, наладкі сістэм гноявыдалення.
Рыжэць вада не будзе
Пагаварылі пра будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў вёсцы Нянадавічы. Як патлумачыў дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васілій Пяцюк, мантаж павільёна пачнуць на бягучым тыдні. Потым спецыялісты правядуць наладку, каб аб’ект выйшаў на неабходныя параметры работы. Пасля завяршэння работ па гэтым аб’екце на Дзятлаўшчыне, згодна з умовамі рэалізацыі падпраграмы “чыстая вада”, падача якаснай пітной вады будзе забяспечана ў поўным аб’ёме.
Старшыня райвыканкама паставіў задачы жыллёва-камунальнай гаспадарцы па падрыхтоўцы да майскіх святаў – будуць закуплены светлавыя кансолі для ўстаноўкі на вуліцах Кірава, Савецкай, Чырвонаармейскай у райцэнтры; дапоўнены тэматычныя канструкцыі на знакавых месцах; абноўлены расцяжкі, сцяжкі.
Узмацніць работу з насельніцтвам
Мінулы тыдзень не абышоўся без зафіксаваных правапарушэнняў у раёне. У райцэнтры непаўналетні ўчыніў крадзеж у піцейнай установе. У адной з вёсак непрацуючы ў час распіцця спіртных напояў з работнікамі мясцовага сельгаспрадпрыемства скраў у іх грошы. Зарэгістраваны тры парушэнні працоўнай дысцыпліны – людзі знаходзіліся на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення.
Андрэй Садоўскі падкрэсліў, што неабходна ўзмацніць работу з насельніцтвам у сельсаветах.
28 лютага аддзел унутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама адзначыць 85-годдзе. Начальнік аддзела Вадзім Шчурскі расказаў пра падрыхтоўку да юбілейных урачыстасцяў.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятловщина #власть