Назапашванне кармоў і выхад камбайнаў у палі, узгаранні травы і лесу, неабходнасць прафілактычнага кантролю з боку дзяржаўтаінспекцыі, завяршэнне капітальных рамонтаў дамоў і дваровай тэрыторыі, звароты грамадзян – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Нарыхтоўваем, падсяваем, убіраем
Сельская гаспадарка раёна на бягучым тыдні пачынае ўборачную кампанію. Як адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка, тэхніка і зернесушыльныя комплексы гатовы, сфарміраваны камбайнавыя экіпажы. Ёсць дамоўленасці аб прыцягненні дадатковых вадзіцеляў з іншых арганізацый і прадпрыемстваў, паколькі нагрузка на механізатараў цяпер высокая – паралельна ідзе работа па назапашванні кармоў. КСУП “Хвінявічы” пастаўлена задача нарасціць тэмп закладкі кармоў, бо гаспадарка адстае ў параўнанні з іншымі ў гэтай рабоце.
Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі падкрэсліў, што ўсім сельгаспрадпрыемствам неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на якасць нарыхтоўкі кармоў, уборку няўдобіц, тэхналогію закладкі травяной масы, правесці аналіз і ўлік кармоў мінулага перыяду, якія яшчэ застаюцца, і завастрыў увагу на абавязковым падсеве шматгадовых траў, кантролі за наяўнасцю насення люцэрны.
На наступным тыдні пройдзе раённы агляд пасеваў.
Моладзь – у дапамогу
Жыллёва-камунальная гаспадарка, будаўнічыя прадпрыемствы займаюцца рамонтам дамоў, дарог і навядзеннем парадку. Былі падведзены прамежкавыя вынікі па здачы аб’ектаў за паўгоддзе (падрабязней чытайце ў наступных нумарах раённай газеты).
Як і сельскія гаспадаркі, не спынялі работу ўсе доўгія выхадныя работнікі ТАА “Зодчий” (г. Слонім). На Дзятлаўшчыне гэта будаўнічая арганізацыя вядзе шмат аб’ектаў, яе праца адзначана станоўча.
На нарадзе акцэнтавалі ўвагу на змяненнях у заканадаўстве, згодна з якімі ўласнікі зямельных участкаў павінны выконваць правілы добраўпарадкавання “па-новаму”. Напрыклад, гэта датычыцца прылеглай тэрыторыі: ад мяжы зямельнага ўчастка да тратуара, а ў выпадку яго адсутнасці – праезнай часткі, і ў межах 10 метраў або да паловы адлегласці да суседняга ўчастка (але не менш за 10 метраў) па астатніх баках. На гэтай тэрыторыі домаўладальнік у цэлым павінен падтрымліваць належны санітарны стан, прыбіраць скошаную траву і апалае лісце.
Датычыцца гэта і прадпрыемстваў, арганізацый як дзяржаўнай, так і прыватнай формаў уласнасці, за якімі замацаваны пэўныя тэрыторыі.
Абмеркавалі таксама распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі аб’ектаў 2026 года.
Тэмы на кантролі намесніка старшыні райвыканкама Дзмітрыя Баравіка.
Яшчэ Андрэй Садоўскі заклікаў кіраўніцтва РУП ЖКГ больш актыўна працаваць са студатрадамі.
– Моладзь можа дапамагчы навесці парадак у горадзе: пачысціць плітку, падгрэбці траву, выканаць іншыя нескладаныя работы, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч.
Бяда на дарозе
Што датычыцца бяспекі, на мінулым тыдні двойчы ратаўнікі выязджалі на тушэнне ўзгаранняў сухой травы, таксама зафіксаваны два факты ўзгарання лесу (дапамога РАНС не спатрэбілася).
Трагічнымі здарэннямі на дарозе былі азмрочаны апошнія дні.
2 ліпеня па вуліцы Навагрудскай райцэнтра адбылося дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам матацыкла. Вадзіцель аўтамабіля “МАЗ” пры павароце налева дапусціў сутыкненне з матацыклам “HONDA”, якія яго абганяў. У выніку матацыкліст з траўмамі рознай ступені цяжкасці шпіталізаваны ў Дзятлаўскую ЦРБ.
4 ліпеня на дарозе каля вёскі Вялікая Палонка мясцовы жыхар, пенсіянер, 1960 года нараджэння, кіруючы мотаблокам, выязджаў з поля і не прадаставіў перавагу для руху легкавому аўтамабілю. У выніку аварыі вадзіцель мотаблока з траўмамі рознай ступені цяжкасці шпіталізаваны ў Дзятлаўскую ЦРБ.
5 ліпеня ў вёсцы Самойлаўшчына жыхар горада Мінска пры руху на легкавым аўтамабілі заднім ходам учыніў наезд на мясцовага жыхара, пенсіянера, які ад атрыманых траўмаў памёр на месцы аварыі.
Старшыня райвыканкама ў сувязі з вялікай колькасцю трагічных здарэнняў акцэнтаваў увагу кіраўніцтва міжраённага аддзела дзяржаўтаінспекцыі на неабходнасці арганізаваць узмоцнены кантроль у населеных пунктах Дзятлаўшчыны з мэтай стабілізацыі абстаноўкі з аварыйнасцю з удзелам уразлівых удзельнікаў дарожнага руху, павышэння дысцыпліны на дарогах, прафілактыкі парушэнняў правілаў дарожнага руху.
Звароты разглядаюцца на мясцовым узроўні
Яшчэ адна тэма, якая гучала на абласной, а пасля і раённай нарадах – звароты грамадзян і юрыдычных асобаў у абласны выканаўчы камітэт, райсельвыканкамы.
Усяго ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы Гродзеншчыны за шэсць месяцаў бягучага года паступіла 4400 зваротаў. Асноўная іх тэматыка – жыллёвы фонд, жыллёва-камунальная гаспадарка, землеўпарадкаванне і землекарыстанне, будаўніцтва, транспарт.
З Дзятлаўскага раёна ў аблвыканкам паступіла 14 зваротаў.
Было адзначана, што пераважная большасць пытанняў дзятлаўчан разглядаецца на ўзроўні раёна. Сапраўды, на Дзятлаўшчыне магчымасцей задаць органам улады хвалюючае чалавека пытанне вельмі шмат. Сёння вырашэнню многіх праблем спрыяе аб’яднанне намаганняў органаў мясцовага кіравання і самакіравання, грамадскіх аб’яднанняў і іншых арганізацый раёна, а таксама выкарыстанне райвыканкамам у рабоце з насельніцтвам такіх форм і метадаў як выязныя асабістыя прыёмы, сустрэчы з жыхарамі ў розных фарматах па месцы жыхарства і у працоўных калектывах, удзел дэпутатаў сельскіх Саветаў у сходах грамадзян, прамыя і гарачыя тэлефонныя лініі, адзіныя дні інфармавання, рабочыя групы, назіральныя камісіі і іншыя.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga