Работы ў сельскай гаспадарцы, фінансавая дысцыпліна на прадпрыемствах, старт кампаніі МНС “Бяспечны Новы год!” – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Калі жывёле сытна, у гаспадара ў кашальку звініць
– Кармы для любога сельгаспрадпрыемства – важнейшая неабходнасць. Выкарыстанне няякасных кармоў або недастаткова збалансаваны рацыён прыводзіць да зніжэння надояў і вагі жывёлы. Дзятлаўскія прадпрыемствы забяспечаны кармамі. Вазьміце на асабісты кантроль арганізацыю іх падвозу. Гаспадарка з добрымі надоямі і здаровым статкам заўсёды мае грашовы прыбытак, а яе работнікі – высокі заробак, – звярнуўся Андрэй Садоўскі да свайго першага намесніка – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталія Шулейкі.
Таксама сярод цяперашніх сельскагаспадарчых клопатаў работа з насеннем, рамонт тэхнікі, завяршэнне вапнавання глебы, выбарка і нарыхтоўка мінеральных угнаенняў і іншыя.
Сумны чарнатроп
Зіма з яе маразамі і завеямі сёлета дзесьці затрымліваецца. Умовы надвор’я і кароткі светлавы дзень ствараюць правакацыю для ўчынення дарожна-транспартных здарэнняў, так званы “чарнатроп”. Як падкрэсліў у час нарады начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі, флікер цяпер надзвычай неабходны кожнаму пешаходу.
У выхадныя прайшоў рэйд па прадпрыемствах АПК, былі выяўлены работнікі, у якіх на спецвопратцы адсутнічалі святлоадлюстроўваючыя элементы.
– У чарговы раз нагадваю ўсім кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў забяспечыць работнікаў адпаведнай спецвопраткай, выдаць дадаткова святлоадлюстроўваючыя камізэлькі і флікеры для тых, хто працуе на вячэрніх, начных зменах. Бяспека людзей – перш за ўсё, – падкрэсліў старшыня райвыканкама.
Вясёлае жыццё
Напярэдадні навагодніх святаў суб’ектам гаспадарання рэгіёна нагадалі патрабаванні да арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў. Згодна з закандаўствам заяўка на атрыманне гастрольнага пасведчання арганізацыяй, якая будзе весці святочны канцэрт, падаецца не пазней за дзесяць дзён да яго або да продажу на яго білетаў. Ні адзін карпаратыў на аграсядзібах або на аб’ектах харчавання, калі туды запрошаны музыкальныя калектывы, таксама не павінен праводзіцца без наяўнасці такога пасведчання. Парушэнні будуць выяўляць спецыяльныя камісіі, якія функцыянуюць пры райвыканкамах вобласці.
Не засталося “ні крыпты, ні валюты”
Праваахоўнікі і ратаўнікі прадаўжаюць прафілактычную работу з насельніцтвам па правілах бяспекі.
Дарэчы, на мінулым тыдні ў Дзятлаўскім раёне не зафіксавана пажараў і ўзгаранняў.
У сувязі з тэхнічнымі няспраўнасцямі ў нядзелю шэсць населеных пунктаў Дварэцкага сельсавета часова засталіся без электрычнасці. Аб’екты жыццязабеспячэння не пацярпелі. У жылых дамах энергазабеспячэнне было адноўлена праз некалькі гадзін.
Што датычыцца правапарушэнняў, чарговы дзятлаўчанін стаў ахвярай інтэрнэт-махляроў. Мужчына вырашыў падзарабіць на крыптавалюце і пералічыў грошы ў суме 1640 рублёў на рахунак злачынцам.
Будаўнічыя работы ў раёне працягваюцца
Напрыканцы мінулага тыдня кампанія “Зодчий” прыступіла да рамонту Новаяльнянскай бальніцы. Згодна з праектам цяпер праводзяцца работы па дэмантажы часткаў будынка і выдаленне дрэваў на тэрыторыі аб’екта.
Будаўніцтва шматпавярховага дома ў Дзятлаве будзе завершана да канца 2024 года. Афіцыйнае адкрыццё аб’екта плануецца на пачатку 2025 года, калі будуць падпісаны ўсе заключныя дакументы. 11 кватэр у гэтым доме заселяць супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях, 5 – аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, 1 – папраўчай калоніі-пасялення, яшчэ 13 кватэр пабудаваны пад арэнднае жыллё.
Рыхтуюцца дакументы, вызначаюцца заказчык і праекціроўшчыкі з колькасцю будучых кватэр у арэндным доме, які плануецца зрабіць на базе будынка былой школы-інтэрната ў райцэнтры.
Пуска-наладачныя работы правядуць на бягучым тыдні спецыялісты на новай станцыі абезжалезвання вады ў вёсцы Сачыўляны.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga