Дынаміка работы сельскіх саветаў па Указе № 116, падрыхтоўка да Дня Незалежнасці, прызавое месца юных дзятлаўчан у рэспубліканскіх спаборніцтвах Міністэрства ўнутраных спраў, цэнаўтварэнне і кантроль за рынкам – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Дзе навялі парадак і колькі аб’ектаў у спісе?

Ужо не першы раз на раённай нарадзе ўзнімаецца пытанне, як рэалізуецца Указ Прэзідэнта ад 24 сакавіка 2021 года № 116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі”.

– Сітуацыі розныя па сельскіх саветах, аднак у большасці выпадкаў работа зводзіцца да зносу аб’ектаў, продажаў практычна няма, узнікаюць праблемы з навядзеннем парадку на прыдамавых тэрыторыях, – задаў сур’ёзны тон па важнай тэме кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі.

На нарадзе былі прадастаўлены фотаздымкі пустуючых дамоў. Кожны старшыня сельвыканкама трымаў справаздачу.

У 2024 годзе на Дзятлаўшчыне былі ўключаны ў Адзіны рэестр маёмасці 94 пустуючыя дамы, за першае паўгоддзе бягучага – 36, яшчэ 51 плануецца да ўключэння. Прададзены летась 18 дамоў гэтай катэгорыі, сёлета – 13. У 2024 годзе знесена 47 дамоў, за шэсць месяцаў бягучага года – 29. Усяго 435 прадпісанняў аб неабходнасці навядзення парадку на тэрыторыі пустуючага домаўладання атрымалі спадчыннікі ў мінулым годзе, у гэтым ужо выпісана 378.

Заўвагі па недастатковай рабоце па Указе прагучалі ў адрас усіх прадстаўнікоў мясцовай улады. Асабліва акцэнтавалі ўвагу на недапрацоўках па Дзятлаўскім, Войневіцкім, Жукоўшчынскім і Казлоўшчынскім сельсаветах. Чарговы зрэз з аналітыкай і адпаведным прыняццем мер будзе зроблены па выніках 9 месяцаў.

– Штогод на Дзятлаўшчыне скарачаецца колькасць насельніцтва, усё больш домаўладанняў трапляюць у катэгорыю пустуючых. Наша задача прапанаваць іх людзям набыць для пражывання або выкарыстання пад дачы, пакуль яны знаходзяцца ў добрым стане, не запушчаны зямельныя ўчасткі. На гэта неабходна нацэльвацца. Зразумела, што дамы, якія прыйшлі ў непрыдатнасць, “пойдуць” пад знос. Займайцеся і гэтым пытаннем, своечасова адпраўляйце дакументы ў суд, акуратна арганізуйце знос дома і навядзенне парадку на ўчастку, каб пасля зямлю можна было ўвесці ў севазварот. На гэтыя працэдуры выдзяляюцца дзяржаўныя сродкі. Галоўнае – весці планамерную пастаянную работу, і вынік будзе, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі.

Рыначны гандаль

Гаварылі на нарадзе аб стане арганізацыі рознічнага гандлю на рынках. У Дзятлаве на пастаяннай аснове працуе адзін цэнтральны рынак на 146 гандлёвых месцаў, 26 – для фізасоб. Як расказала намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская, запаўняльнасць дзятлаўскага рынку складае 63 %. Перыядычна ўзнікаюць заўвагі да прадаўцоў наконт завышэння кошту тавараў, таму пытанне цэнаўтварэння застаецца на кантролі аддзела эканомікі райвыканкама.

Стойкасць і мужнасць юных дзятлаўчан

Клуб “Мужнасць” аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама, у саставе якога займаюцца 10 вучняў Казлоўшчынскай сярэдняй школы на чале з педагогам ваенна-патрыятычнага выхавання Святаславам Буяком, заняў другое месца ў рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”, якая сёлета сабрала 120 юных удзельнікаў з 12 ваенна-патрыятычных клубаў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Дзятлаўчане заваявалі на рэспубліканскай “Зарніцы” кубак віцэ-чэмпіёнаў, сертыфікат на 3000 рублёў на ўмацаванне матэрыяльнай базы клуба, а таксама 24 узнагароды ў агульным і персанальным заліку.

Падрабязней пра нашых прызёраў чытайце ў наступным нумары раённай газеты.

Ірына КАМАРОВА

Похожие публикации