Ход уборачнай кампаніі, своечасовае ўнясенне аплаты за камунальныя паслугі, падрыхтоўка ўстановаў адукацыі да новага навучальнага года – гэтыя і іншыя пытанні абмеркаваны на штотыднёвай рабочай нарадзе старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з кіраўнікамі і спецыялістамі раённых службаў.

Бяспека на жніве і пошукі грыбніка

Прадаўжаецца жніво, пытанні бяспекі пры яго правядзенні застаюцца на кантролі ратаўнікоў Дзятлаўшчыны. Паколькі з іншых рэгіёнаў рэспублікі ў экстранную службу паступаюць трывожныя паведамленні, то і спецыялісты раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях найперш адсочваюць кірункі, дзе могуць узнікнуць такія ж праблемы – правяраюць работу збожжасушыльных комплексаў, тэхнікі на палях, аптымальныя тэмпературы ў сенасховішчах.

Паралельна арганізоўваюцца рэйды па месцах адпачынку, бо цёплае надвор’е прываблівае людзей да вадаёмаў. Варта памятаць, што ў нашым раёне купанне дазволена толькі на пляжах горада Дзятлава і санаторыя “Радон”.

У аддзел унутраных спраў райвыканкама за мінулы тыдзень паступіла 73 паведамленні, сярод якіх тры – аб злачынствах. Крымінальныя справы былі ўзбуджаны за крадзеж з дачнага дома ў вёсцы Норцавічы, а таксама за сістэматычныя пабоі, якія наносіў жонцы адзін з вяскоўцаў раёна.

Міліцыя разам з валанцёрамі і іншымі службамі прадаўжае пошукі жыхара Лідчыны, які накіраваўся ў лес па грыбы і знік у раёне вёскі Яцукі. Пакуль пра далейшы лёс мужчыны дакладна нічога невядома.  

Скупы плаціць двойчы, асабліва за камуналку

У вобласці і раёне прааналізавалі сітуацыю з запазычанасцямі за камунальныя паслугі ў першым паўгоддзі. Як аказалася, насельніцтва нашага раёна недаплаціла за спажытыя выгоды 143 тысячы рублёў. Па ацэнцы спецыялістаў, каля 80 % гэтых даўжнікоў – людзі, якія ўносяць аплату, але чамусьці дапускаюць пратэрміноўку па плацяжах. Як вядома, апошні дзень аплаты – 25 чысло кожнага месяца, усе, хто спазніліся, ужо даўжнікі. Аднак не трэба забываць, што на суму пазыкі кожны дзень з павелічэннем нарастае пеня, а значныя запазычанасці з’яўляюцца законнай падставай для адключэння паслугі, за аднаўленне якой пасля поўнага пагашэння запазычанасці таксама давядзецца заплаціць.

Андрэй Садоўскі даў даручэнне кіраўнікам службаў для пагашэння гэтых запазычанасцяў актывізаваць работу спецыялізаванай камісіі райвыканкама і выкарыстоўваць усе законныя механізмы ўздзеяння. Дарэчы, у гэтым годзе на Дзятлаўшчыне ўжо было рэалізавана судовае рашэнне аб высяленні ў менш камфортнае жыллё адной неплацельшчыцы. 

Задачы пастаўлены, іх трэба вырашаць

Перад аграрыямі Гродзеншчыны, нягледзячы на няўстойлівае надвор’е, стаіць задача зжаць ячмень у ліпені і паралельна прыступіць да ўборкі гароху. Прыспешваюць да правядзення работ азімыя зерневыя культуры, на пільным кантролі застаецца ўборка лёну. Адначасова неабходна нарыхтоўваць кармы і рыхтаваць глебу пад сяўбу азімага рапсу. Нарыхтоўка кармоў у гаспадарках раёна сёлета радуе – сельгаспрадпрыемствы ўжо выходзяць на мінулагоднія лічбы.   

Канец ліпеня – яшчэ і час задумацца аб падрыхтоўцы да новага ацяпляльнага сезона. Пакуль гатоўнасць цеплакрыніц да асенне-зімовага перыяду складае 6 %. Работа ў гэтым напрамку прадаўжаецца.

Напярэдадні новага навучальнага года набліжаюцца да завяршэння рамонтаў установы адукацыі раёна. У другой дэкадзе жніўня іх стан ацэніць спецыяльная міжведамасная камісія.   

Пры правядзенні рамонту даху ў гімназіі № 1 горада Дзятлава выяўлены новыя ўчасткі работ, якія таксама неабходна выканаць, унесены нязначныя змяненні ў праектна-каштарысную дакументацыю, што не павінна выклікаць падаражэння аб’екта, скончыць яго мяркуецца да сярэдзіны жніўня. Яшчэ дах рамантуюць у Гезгалаўскай сярэдняй школе. У Новаяльнянскай і Дварэцкай плануецца заасфальтаваць стадыёны.

Абнавіць асфальтавае пакрыццё мяркуецца таксама на вуліцы Савецкай у Дзятлаве, на ўчастку каля сыраробнага завода райцэнтра, у Казлоўшчыне на пляцоўцы, дзе арганізоўваецца мясцовы кірмаш, а цяпер работы па ўладкаванні дарожак і пляцоўкі ажыццяўляюцца на пляжы ў горадзе Дзятлаве.

Іншыя тэмы коратка

Па папярэдняй інфармацыі са 151 выпускніка адзінаццатых класаў раёна на бюджэтную форму навучання ў ВНУ залічана 50 %. Найбольш з іх, 19 чалавек, выбрала педагагічныя спецыяльнасці, 11 – аграрныя, 15 – інжынерныя, 6 – сілавыя, 7 – эканамічныя, 5 – медыцынскія, адзін выпускнік – юрыдычную.

У сферы адукацыі раёна чакаюць папаўненне. Сёлета на Дзятлаўшчыну павінны прыехаць дзевяць маладых спецыялістаў: чатыры педагогі дашкольнай адукацыі, тры філолагі, настаўнік фізічнай культуры і музычны кіраўнік.

Мяркуецца, што групы падоўжанага дня ў школах раёна пачнуць фарміравацца з 1 верасня па заявах бацькоў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации