Рэагаванне службы ЖКГ у маразы, бязлітаснасць агню, зарплата ў канвертах, работа з не занятымі ў эканоміцы – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Супрацьпажарная бяспека стала адной з галоўных тэм нарады. З пачатку года на Дзятлаўшчыне адбылося 6 пажараў, у якіх загінуў адзін чалавек. За гэты ж перыяд 2025 года ратаўнікі выязджалі толькі на адзін пажар, загінулых не было.
Як адзначыў начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык, праблема датычыцца не толькі нашага раёна:
– Усяго ў Гродзенскай вобласці зафіксаваны 57 пажараў (у 2025 годзе – 36), загінулі ў іх 9 чалавек (летась – 3). Адвыклі людзі ад зімы. Пераграваюць печы, уключаюць у куратніках электрычныя абагравальнікі, кураць цыгарэты ў доме, каб не мерзнуць на вуліцы, – гэта халатнасць прыводзіць да трагедый.
– Узмацніць прафілактыку, павялічыць колькасць падамавых абходаў, максімальна задзейнічаць не толькі адказныя службы, але і сельвыканкамы ў рабоце з мясцовым насельніцтвам, – паставіў задачу старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. Таксама Андрэй Уладзіміравіч акцэнтаваў увагу на аператыўным рэагаванні РУП ЖКГ на магчымыя парывы сетак камунікацыі, паніжэнне тэмператур у жылым сектары.
Пакуль “не спадаюць” маразы, асабліва клапоцяцца пра сваіх падапечных жывёлаводы раённых гаспадарак. Штодзённы кантроль за сітуацыяй на сельгаспрадпрыемствах і надалей застаецца за намеснікамі старшыні райвыканкама.
Па інфармацыі начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзіма Шчурскага, узрасла колькасць зваротаў у міліцыю па грамадзянах, якія зніклі без вестак. Так, не ўвянчаліся поспехам пакуль пошукі жыхара аграгарадка Дварэц, 1957 года нараджэння, які прапаў без вестак напярэдадні Новага года. Дзякуючы расійскім праваахоўнікам стала вядома, што другі жыхар нашага раёна, 1987 года нараджэння, паехаў на заробкі ў Расійскую Федэрацыю ў 2024 годзе і там памёр, пахаваны ў Санкт-Пецярбургу. Яшчэ аднаго чалавека таксама спрабуюць адшукаць у краіне-суседцы. За тое, што нідзе не працаваў і злоўжываў алкаголем, летась рыхтаваліся дакументы на яго адпраўку ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Мужчына вырашыў уцячы, сабраў рэчы і паехаў на заробкі. Дагэтуль яго месцазнаходжанне невядома.
Увогуле спыніліся на тэме работы з не занятымі ў эканоміцы.
– Максімальна персаніфікаваць катэгорыю не занятых у эканоміцы грамадзян, каб мы разумелі, хто ёсць у гэтых спісах і як працаваць з кожным, дзе намаганні трэба прыкласці нашай падатковай службе, дзе патрабуецца дапамога органаў унутраных спраў, дзе сельсавета, сферы адукацыі і гэтак далей. Відавочна, што людзі, якія не працуюць і не хочуць, але існуюць за кошт блізкіх, у асноўным пажылых бацькоў, маюць узровень даходаў, які дазваляе ім жыць, як падабаецца. Адзіны спосаб вырашэння гэтай праблемы – пазбавіць іх гэтага камфорту. Наша задача – зрабіць усё, каб яны адчувалі сябе няўтульна ва ўмовах сацыяльнага ўтрыманства. А для гэтага неабходна ўзмацніць адміністрацыйны кантроль і адміністрацыйны ціск на іх, паколькі іх лад жыцця звязаны з парушэннем грамадскага парадку, п’янствам, бойкамі, крадзяжамі, гвалтам у сям’і, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі.
Праверка таксама будзе праведзена па падаткаплацельшчыках, якія па дакументах атрымліваюць мінімальную заработную плату ў такіх сферах, дзе гэта ў рэальнасці не магчыма, бо іх від дзейнасці з’яўляецца даволі прыбытковым. Намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская патлумачыла, што дзякуючы рабоце, якая праводзіцца ў Беларусі па барацьбе з заробкамі ў канвертах, у бюджэт паступаюць сотні тысяч рублёў. У тым ліку з гэтых сродкаў налічваюцца пенсіі, выплаты па доглядзе дзяцей і інвалідаў, аплачваюцца бальнічныя, таму тэма шэрых заробкаў заўсёды будзе на кантролі.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga