Пакуль мы памятаем, будзем жыць

У 7 класе гімназіі № 1 горада Дзятлава прайшла інфармацыйная гадзіна “Закон Рэспублікі Беларусь “Аб генацыдзе беларускага народа”: захоўваючы памяць у імя будучыні”. Дзеці чыталі вучэбны дапаможнік па тэме, слухалі запісы ўспамінаў відавочцаў, якія выжылі, аб страшных зверствах, учыненых фашыстамі ў дачыненні да мірных грамадзян на беларускай зямлі, нагадалі аб велізарнай колькасці беларускіх вёсак, якія былі спаленыя і знішчаныя разам з іх жыхарамі. Гімназісты пераканаліся, што трэба берагчы мір на нашай планеце. Генацыд не мае тэрміну даўнасці, пра яго нельга забываць.
Маленькія сябры прыроды

У той час як за вокнамі лютуе зіма, навучэнцы санаторнай школы “Баравічок” сталі сапраўднымі абаронцамі прыроды і дапамаглі крылатым сябрам. З простых матэрыялаў – пластыкавых бутэлек і пенапластавых каробак – дзеці разам з педагогам аб’яднання па інтарэсах “Зрабі сам” змайстравалі кармушкі. Гэту ідэю падтрымалі і работнікі санаторыя. Кожная кармушка – маленькі падарунак для птушак. Цяпер усе з нецярпеннем чакаюць гасцей.

Калі мае сябры са мной!

У пяцікласнікаў з Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна школьнае жыццё праходзіць пад дэвізам “Наперад! Справы клічуць!”. За першае паўгоддзе яны сабралі і здалі ў агульную скарбонку вялікую колькасць макулатуры, пластыку і шклянога бою, актыўна ўключыліся ў пошукавую дзейнасць, шмат падарожнічалі па роднай Беларусі: наведалі з агляднай экскурсіяй горад Ліду, Рэспубліканскі цэнтр бяспекі МНС, пабывалі ў Дзятлаве, Мінску. У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылі для сябе шмат новага і невядомага з гераічнага мінулага нашай краіны, у Беларускім дзяржаўным цырку паглядзелі прадстаўленне “Міраж”, у Нацыянальнай бібліятэцы пазнаёміліся з гісторыяй стварэння незвычайнага будынка, Мінск-Арэна заваявала іх чароўнай атмасферай сусветнага бестсэлера “Спящая красавица” ў выкананні зорак фігурнага катання.
Падрыхтавала Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga