Прамежкавыя вынікі работы па зямельнай амністыі, жывёлагадоўля, падрыхтоўка кормаўборачнай тэхнікі, рамонты і добраўпарадкаванне – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Малочнае тармажэнне

Амаль ва ўсіх прадпрыемствах раёна апошнія дні назіраецца зніжэнне вытворчасці малака. Трывожная сітуацыя стала адной з тэм абмеркавання на чарговай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

– Вытворчасць малака – гэта вельмі жорсткая тэхналогія, і дробязяў тут быць не можа. Зніжэнне прадукцыйнасці малочнага статка сёння паказваюць СГФ “АграМілк”, ААТ Граніт-Агра”, КСУП “Войневічы”, КСУП “Жукоўшчына” і КСУП “Хвінявічы”. Для сельгаспрадпрыемстваў малако – асноўная крыніца даходу. Прычым паток “малочных” грошай не вычэрпваецца круглы год. Таму яго вытворчасць, рэалізацыя і якасць павінны быць на штодзённым кантролі ва ўсіх. Падключайце ветэрынарную службу, лабараторыю, спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, – паставіў задачу Андрэй Садоўскі свайму першаму намесніку Віталію Шулейку.

Таксама абмеркавалі тэму захавання статку буйной рагатай жывёлы. Падрабязна – падрыхтоўку кормаўборачнай тэхнікі. Да 1 мая гатоўнасць павінна складаць не менш за 95 %. Як запэўніў Віталій Тадэвушавіч, набыты неабходныя запчасткі, усе сельгаспрадпрыемствы вядуць рамонт і падрыхтоўку тэхнікі, інжынерная служба ўпраўлення кантралюе работы. Па даных на панядзелак, 6 красавіка, па раёне кормаўборачныя камбайны гатовы на 52 % (з 25 гатовы 13), трактарныя касілкі – 51 % (з 38 – 18), трактарныя граблі – 54 % (з 24 – 13), прэс-падборшчыкі для сена і саломы – 58 % (з 26 – 15).

На бягучым тыдні шэфскія арганізацыі выйдуць на дапамогу гаспадаркам па навядзенні парадку на аб’ектах.

Адсутнасць кантролю дазволіла крадзяжы

Прадоўжылі тэму АПК па лініі міліцыі. Як далажыў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі, у адным з сельгаспрадпрыемстваў раёна механізатар скраў 900 літраў паліва і рэалізаваў яго, мужчына прызнаўся ў зробленым. Справай займаецца Следчы камітэт.

– Вінаваты не толькі механізатар. У гаспадарцы ўстаноўлена электронная сістэма маніторынгу і кантролю транспарту, факт крадзяжу паліва павінны былі заўважыць раней. Аднак адсутнасць кантролю або садзейнічанне ў гэтай незаконнай справе службовай асобы дазволіла чалавеку ажыццявіць супрацьпраўны ўчынак. Інжынерная служба ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання таксама павінна пільна правяраць не толькі тэхніку, але і такія даныя ў сельгаспрадпрыемствах, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі.

Што датычыцца вартавой аховы на аб’ектах АПК, узнята на абмеркаванне тэма неабходнасці ўстаноўкі відэаназірання.

Чарговыя пацярпелыя ад кібермахлярства зарэгістраваны ў раёне. Адзін мужчына пералічыў злачынцам 202 рублі, а другі – больш за 67 тысяч. Мужчыну “вялі” некалькі тыдняў, прымусілі “задэклараваць сродкі”. За гэты час ён паспеў сабраць усе свае накапленні, узяць крэдыт і пачаў пазычаць грошы ў калег па рабоце. У міліцыю звярнуўся кіраўнік прадпрыемства, які западозрыў верагоднасць кібераферы над работнікам. Яго падазрэнні пацвердзіліся. 

Пра зямельную амністыю

Як праінфармаваў начальнік аддзела землеўпарадкавання Дзмітрый Залеўскі, за 1 квартал 2026 года прынята 16 рашэнняў аб узаконьванні самавольна занятых зямельных участкаў (іх частак). Сума ўнесеных плацяжоў у бюджэт за права легалізацыі склала 7394,28 рубля. 14 самавольна занятых зямельных участкаў прадастаўлены грамадзянам для агародніцтва, 4 – выключаны з Геапартала ЗІС “Самавольна занятыя зямельныя ўчасткі” ў сувязі з непацвярджэннем гэтай інфармацыі ў час палявога абследавання.

У час нарады пастаўлены задачы па рабоце з пустуючымі дамамі і зямельнымі ўчасткамі, якія не падпадаюць пад катэгорыю самавольна занятых, між тым спадчыннікі не спяшаюцца ўступаць у правы на іх і даглядаць. Працэс ускладняецца доўгімі разбіральніцтвамі, у некаторых выпадках рашэннем у судовым парадку, але, як падкрэсліў Андрэй Садоўскі, гэта работа павінна весціся і весціся сумесна – сельскімі выканаўчымі камітэтамі і службамі райвыканкама.

Іншыя тэмы коратка

За першы квартал у нашым раёне адбылося 14 пажараў (гарэлі пяць гаспадарчых пабудоваў, шэсць жылых дамоў, два аўтамабілі, у адным выпадку – сена). У агні загінуў адзін чалавек. Зафіксаваны 10 узгаранняў сухой расліннасці. Па двух выпадках віноўнікі абавязаны кампенсаваць урон, нанесены прыродзе. За ўзгаранне ў вёсцы Навасады ён склаў каля 4 тысяч рублёў.

****

Маніторынг цэн на аб’ектах гандлю прадоўжыцца. На мінулым тыдні выяўлены два парушэнні ў кропках прыватнай уласнасці.

****

На вуліцы Навагрудскай у райцэнтры каля будучага фізкультурна-аздараўленчага комплексу да лета будуць устаноўлены новыя малыя архітэктурныя формы і абновіцца дзіцячая пляцоўка.

****

Завяршаецца акцыя Міністэрства лясной гаспадаркі “Лес! Дабро! Парадак!”. Актыўны ўдзел у ёй прынялі арганізацыі раёна, асабліва навучальныя ўстановы. Як адзначылі ў Дзятлаўскім лясгасе, лідарам у пасадцы лесу стаў калектыў Дварэцкай сярэдняй школы.

****

Прадаўжаецца месячнік “генеральнай уборкі”. Старшыня райвыканкама падзякаваў усім арганізацыям, прадпрыемствам, проста нераўнадушным людзям, якія прымаюць актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні Дзятлаўшчыны.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации