Мілагучныя спевы, светлыя пажаданні, інсцэніроўкі на біблейскія тэмы – усё гэта радавала ўдзельнікаў і гасцей праваслаўнага раённага фестывалю “Хрыстаславы-2026”, які 15 студзеня прайшоў у сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча.











– У гэтыя светлыя марозныя дні Святая Царква славіць вялікую падзею – Нараджэнне на зямлі Спрадвечнага Бога, які больш за дзве тысячы гадоў таму ўвасобіўся дзеля нашага выратавання, каб душам людскім па завяршэнні жыцця даць магчымасць вярнуцца ў родны дом – Царства Божае, – звярнуўся да прысутных ад імя духавенства раёна благачынны Дзятлаўскай царкоўнай акругі іерэй Іаан Кісель. – Мы прынеслі спрадвечнаму Богу-Немаўляці свае падарункі, як калісьці ў Віфлееме зрабілі гэта персідскія мудрацы. Мы падрыхтавалі ў якасці іх вершы, песнапенні, станоўчыя ўчынкі і добры настрой. Давайце адзіным сэрцам праславім Госпада. Хрыстос нарадзіўся – Бог увасобіўся. Са святам вас!

Гасцей фестывалю павітала і галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Гарановіч:

– Штогадовы раённы праваслаўны фестываль “Хрыстаславы” аб’ядноўвае самых таленавітых, крэатыўных, актыўных дзяцей Навагрудскай епархіі. Я шчыра віншую вас са светлым і важным святам Нараджэння Хрыстова, няхай яно нагадае кожнаму аб вечных хрысціянскіх традыцыях. Няхай святло веры заўжды гарыць у вашых сэрцах, а душы будуць асвечаны радасцю і Божай дабрынёй, няхай свята нясе вашым сем’ям і блізкім любоў і надзею. Ад імя аддзела адукацыі райвыканкама за супрацоўніцтва і духоўнае кіраўніцтва дзякую святарам Дзятлаўскага благачыння і спадзяюся на далейшае плённае супрацоўніцтва. Камандам жадаю паспяховага выступлення на сцэне, а ўсім навучэнцам раёна – добрай вучобы. Удачы вам!


















Мерапрыемства ў фармаце музычна-тэатральнага прадстаўлення было напоўнена радасцю і захапленнем. Не менш урачыстым момантам стала ўручэнне Хрыстаславам памятных дыпломаў і салодкіх падарункаў.

– Дзякую, дзеці, за праслаўленне Госпада нашага Ісуса Хрыста, – звярнуўся да школьнікаў іерэй Іаан Кісель у час цырымоніі ўшанавання. – Асаблівыя словы ўдзячнасці – вучням і педагогам сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча за арганізацыю фестывалю, музычнаму кіраўніку ўстановы Валянціну Палухіну – за змястоўную праграму і песенныя віншаванні. У гэты дзень жадаю ўсім галоўнага: выратавання, дзеля якога Бог прыйшоў у свет. Здароўя, радасці зямной, добрага настрою, Божай дапамогі і няхай свет Віфлеемскай зоркі асвячае дарогу. Многіх і шчаслівых вам гадоў!

Кожны дзіцячы калектыў выступіў годна, а таму ўсе атрымалі дыпломы і салодкія падарункі ад арганізатараў.










Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае