15 студзеня на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання. Працавала некалькі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага выступіла перад работнікамі ТАА”ПанЭкспа” і “Канвіга”, абласная на чале з начальнікам упраўлення спорту Гродзенскага аблвыканкама Максімам Малахоўскім – перад працоўнымі калектывамі КСУП “Хвінявічы” і ААТ “Дварэц-Агра”, з працоўнымі калектывамі сустрэліся групы старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага і намеснікаў старшыні райвыканкама.

Пагаварылі аб тым, што адной з найважнейшых палітычных падзей мінулага года стала другое пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу, на якім Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка звярнуўся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, была зацверджана і Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны на 2026-2030 гады. У звароце пад дэвізам “Час канкрэтных спраў” лідар дзяржавы закрануў ключавыя тэмы сучаснасці – ад эканамічнага і сацыяльнага развіцця Беларусі да фарміравання глабальных цэнтраў сілы. Спачатку акцэнтаваў увагу на дасягненнях мінулай пяцігодкі, якая была паспяховай, нягледзячы на складаную сусветную сітуацыю. Захаваўся моцны рэальны сектар эканомікі, а ў сусветным рэйтынгу канкурэнтаздольнасці прамысловасці мы займаем 56-ю пазіцыю. У Беларусі стабільная эканоміка, золатавалютныя рэзервы на гістарычным максімуме, давер да нацыянальнай валюты расце. Забяспечаны эфектыўная занятасць, годны ўзровень даходаў і, галоўнае, бяспека. БелАЭС дазволіла ўмацаваць энергетычную самастойнасць краіны амаль у два разы, даць самыя канкурэнтныя ў Еўропе тарыфы вытворчым прадпрыемствам, адкрыць новыя галіны. Гэта вынік працы ўсіх беларусаў – ад сельскага працаўніка да навукоўца.

Абазначыў кіраўнік дзяржавы і дзесяць стратэгічных задач на бліжэйшую перспектыву. Асаблівая ўвага ў Пасланні была нададзена ахове здароўя, нараджэнню дзяцей, падаўжэнню працягласці жыцця. Пры гэтым беларускі лідар выказаў упэўненасць, што трэба вяртаць вобраз жанчыны-маці на п’едэстал, бо гэта пытанне будучыні, нездарма 2026 год абвешчаны Годам беларускай жанчыны.

Спыніўся Аляксандр Лукашэнка і на абароне інтарэсаў Беларусі, падкрэсліўшы, што на першым месцы застаюцца нацыянальнае адзінства, мір, бяспека – базавыя каштоўнасці, без якіх развіццё немагчыма. Што тычыцца геапалітыкі, то сёння Беларусь з’яўляецца “часткай сусветнай большасці”, куды ўваходзяць Кітай, Індыя, Расія, краіны Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі.
Завяршаючы Пасланне, Прэзідэнт адзначыў, што свет стаў іншым, яго не змяніць, аднак якой будзе Беларусь – залежыць толькі ад нас.
Упершыню рашэннем УНС быў зацверджаны стратэгічны дакумент – Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026-2030 гады. У ёй вызначана сем ключавых прыярытэтаў, якія закранаюць усе сферы жыццядзейнасці. Асноўныя з іх звязаны з развіццём чалавека. Беларусь не мае багатых прыродных рэсурсаў, а галоўнае наша багацце – людзі, іх праца, інтэлект, за кошт якіх і развіваецца краіна. Таму і ключавая канцэпцыя наступнай пяцігодкі – сфарміраваць самадастатковую і канкурэнтаздольную дзяржаву, у цэнтры ўвагі якой – чалавек, стратэгічная мэта – пераход на якасна новы ўзровень жыцця кожнага беларуса, а дасягнуць іх можна толькі агульнымі намаганнямі.

– На Дзятлаўшчыне асноўны ўклад у эканоміку робяць чатыры ключавыя прадпрыемствы: Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”, ТАА “Ізакам”, ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, санаторый “Радон”, – спыніўся на развіцці нашага раёна Андрэй Садоўскі. – У планах на новую пяцігодку – устаноўка на сыраробным заводзе лініі па вытворчасці мяккіх сыроў. Падоўжыцца будаўніцтва малочнатаварных комплексаў, у раёне з’явяцца “Засецце-2” філіяла “АграМілк” і “Парэчча” КСУП “Хвінявічы”. У прыватным вытворчым сектары ажыццяўляецца пашырэнне вытворчасці раслінных алеяў у ТАА “Трыял Эксперт” (гарпасёлак Наваельня). Будзе пашырана база санаторыяў “Радон” і “Альфа Радон”, паколькі у сферы экспарту паслуг Гродзенскай вобласці іх уклад – да 70 %.

Што тычыцца мінулай пяцігодкі, то Дзятлаўшчыне ёсць чым ганарыцца. У эксплуатацыю ўведзена каля 22 тысяч метраў квадратных жылля: 72-кватэрны дом па вуліцы Навагрудскай і 30-кватэрны па Прытыцкага ў райцэнтры, 4-кватэрны ў Круцілавічах. Адбылася рэканструкцыя пад арэнднае жыллё шматкватэрных дамоў у Дзятлаве па вуліцы 50 гадоў ВЛКСМ, у гарпасёлку Казлоўшчына па Леніна, 35А і 35, у Наваельні – па вуліцы Дзятлаўскай. Капітальна адрамантаваны больш за два дзясяткі шматкватэрных дамоў. Значная работа праведзена па добраўпарадкаванні і рамонце дарожнай сеткі, напрыклад, у Дзятлаве заасфальтаваны вуліцы Леніна і Фогеля, адрамантавана прыдамавая тэрыторыя па вуліцы Перамогі, рамантаваліся двары шматкватэрных дамоў у абодвух гарпасёлках. Толькі за 2025 год былі заасфальтаваны 18 вуліц раёна, рэканструяваны масты па вуліцы Камсамольскай райцэнтра, праз раку Дзятлаўку, адрамантаваны мост праз раку Шчару. Уведзены ў эксплуатацыю будынак пажарнага дэпо, пабудаваны чацвёрты корпус санаторыя “Радон”, адрамантавана кацельня “Спадарожнік” райцэнтра, пабудаваны тры малочнатаварныя комплексы, станцыі абезжалезвання ў Раклевічах, Лапушна, Дзянісава, Сачыўлянах. Скончана першая чарга і пачата другая рэканструкцыі лазнева-аздараўленчага комплексу ў фізкультурна-аздараўленчы ў Дзятлаве. Важкі ўклад зроблены ў абнаўленне ўстановаў сацыяльнай сферы раёна, мадэрнізацыю іх матэрыяльна-тэхнічнай базы. Работа гэта будзе прадоўжана з ухілам на гарпасёлак Наваельня. Таксама штогод мяркуецца выдзяляць на асфальтаванне дарог каля двух мільёнаў рублёў.

У рамках Адзінага дня інфармавання таксама былі разгледжаны тэмы, якія не губляюць актуальнасці: прафілактыка хатняга гвалту, эксплуатацыя пячнога ацяплення, устаноўка АПА, бяспека зімовых забаў.

























































Ірына СТЫРНІК
Фота Ірыны СТЫРНІК, Наталлі АВЯРЧУК, Вольгі ЮШКЕВІЧ, Таццяны САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga