Дзень пажарнай службы ў сям’і Гародкаў з Казлоўшчыны асаблівы, бо ў іх адразу два ратаўнікі. Надыходзячае свята – добрая нагода бліжэй пазнаёміцца з гэтай дружнай сям’ёй і распытаць аб выбары прафесіі.
– Заўжды глядзеў на тату, захапляўся яго справай і хацеў таксама быць вадзіцелем пажарнай машыны, – пачынае аповед пра сябе і сваю сям’ю вадзіцель пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 11 гарпасёлка Казлоўшчына Кірыл Гародка. – Цяпер працуем тут разам з ім.
Самыя яркія ўспаміны з дзяцінства ў маладога чалавека аб тым, як прыходзіў да бацькі на работу, знаёміўся з абстаноўкай, тэхнікай, нават садзіўся за руль баявой машыны і марыў, што аднойчы, калі стане дарослым, будзе выязджаць на сапраўдны пажар разам са сваімі таварышамі па рабоце.
Пасля школы ён атрымаў адукацыю тэхніка-будаўніка ў сённяшнім Навагрудскім дзяржаўным каледжы тэхналогій і бяспекі, але пра мару сваю не забыўся.
– У той год, калі я ўжо заканчваў навучанне, у каледжы адкрылі спецыяльнасць “Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый”, я гэтай магчымасцю скарыстацца ўжо не паспеў і пайшоў іншым шляхам.

Выпускнік каледжа звярнуўся ў Дзятлаўскі РАНС, дзе расказаў пра сваё жаданне стаць вадзіцелем-ратаўніком, прайшоў сур’ёзны медагляд, перападрыхтоўку па спецыяльнасці і прыступіў да работы. Спачатку ў Дзятлаве, а праз некаторы час вярнуўся на малую радзіму.
– Працаваць побач з татам больш адказна і ў той жа час лёгка: ён мае вялікі вопыт, заўсёды дапаможа слушнай парадай і падтрымае ў незразумелай сітуацыі.
Аляксандр Гародка, у адрозненне ад сына, стаць ратаўніком не марыў, так склалася жыццё. Ён тутэйшы: нарадзіўся ў пасёлку, вучыўся ў Казлоўшчынскай сярэдняй школе, а затым у вучылішчы.
– Заўсёды хацеў быць вадзіцелем, і гэта жаданне збылося, проста крыху трансфармавалася, – заўважае ён. – Вось ужо больш за 20 гадоў працую тут. Рады, што сын прадоўжыў маю справу, будзе каму змену здаць.

Аляксандр Іванавіч мае нямала прафесійных узнагарод, самая важкая з якіх – нагрудны знак “Выдатнік” Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Аднак галоўнай узнагародай лічыць сям’ю, якая любіць і заўжды чакае дома.
– Дачушка ведае, што, калі тата не на змене, ён абавязкова адвозіць яе ў садок на аўтамабілі і забірае таксама, хоць ісці туды і недалёка. Такая ў нас сямейная традыцыя.
Дарына Аляксандраўна з дзяцінства любіць аўтамабілі і ратаўнікоў, ганарыцца сваімі роднымі – татам і старэйшым братам.
– Яны ў нас самыя прыгожыя пажарныя! – кажа дзяўчынка. – Я таксама хачу насіць такую форму.
Магчыма, мінуць гады, і жаданне Дарынкі ператворыцца ў свядомы выбар прафесіі ратаўніка, а пакуль яна расце ў любячай сям’і, дзе па выхадных усе збіраюцца за сямейным сталом на духмяныя матуліны бліны.
– Сын ужо дарослы, жыве самастойна ў арэнднай кватэры, але часта наведвае родны дом, – расказвае Аксана Гародка. – Муж і сын ратаўнікі – гэта двайны гонар для мяне. У сям’і ўсе прывыклі да нестандартнага ладу жыцця, дзе хапае часу і на службу, і на быт, і на час, які бавім разам.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #Дятловщина