З 18 мая 2025 года ў Беларусі змяніліся абавязкі грамадзян і суб’ектаў гаспадарання, звязаныя з добраўпарадкаваннем і ўтрыманнем населеных пунктаў. Яны закліканы навесці парадак, палепшыць экалогію і зрабіць населеныя пункты больш прывабнымі эстэтычна. Падрабязней аб тым, якія абавязкі па навядзенні парадку цяпер маюць грамадзяне, пагутарылі з начальнікам аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жаллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Аленай Грамко.
– Алена Іванаўна, аб чым новы дакумент?
– У абноўленых “Правілах добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў” канкрэтызаваны патрабаванні да належнага ўтрымання земляў агульнага карыстання, а таксама зямельнага ўчастка, прадастаўленага для абслугоўвання аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў, тэрыторыях, замацаваных за грамадзянамі і суб’ектамі гаспадарання. Згодна з ім, на зямельных участках, прылеглых да прыватных дамоў, і тэрыторый, замацаваных за грамадзянамі і суб’ектамі гаспадарання, уладальнікі абавязаны: падтрымліваць у тэхнічна спраўным стане будынкі, збудаванні, гаспадарчыя пабудовы і агароджы, ажыццяўляць фарбаванне, рамонт, замену дэфармаваных, пашкоджаных асобных канструкцый і элементаў; забяспечваць устойлівасць і цэласнасць агароджаў. Калі агароджа пахілілася больш, чым на 10 % ад вертыкалі, яе трэба рамантаваць. Таксама гаспадары абавязаны захоўваць будматэрыялы на зямельным участку ў складзеным стане, скошваць газоны пры вышыні травы больш за 20 см, прыбіраць тэрыторыю ад будаўнічага і выпадковага смецця, выдаляць сухую расліннасць не менш за 2 разы ў год.
– Змяненні закранулі і правілы пасадкі культур на зямельным участку. Раскажыце па іх падрабязней.
– Так, цяпер рэгламентаваны і межы пасадкі насаджэнняў (дрэў, кустоў) у адносінах да сумежных зямельных участкаў. Так, высакарослыя расліны (якія дасягаюць у дарослым стане вышыні больш за 3 м) павінны знаходзіцца ад межаў сумежных участкаў на адлегласці не менш за 3 м, сярэднярослыя (вышынёй да 3 м) – на адлегласці не менш за 2 м, нізкарослыя (да 2 м) – не менш за 1 м.
– Што ў дакуменце гаворыцца пра расчыстку снегу каля аўтамабіля?
– У абноўленых правілах замацавана, што ў выпадку стаянкі на прыдамавых тэрыторыях транспартнага сродку грамадзян або юрыдычных асоб яны абавязаны своечасова ўбіраць тэрыторыю ад снегу на адлегласці не менш як адзін метр ад пакінутага аўтатранспарту. Так што цяпер аўтаўладальнікі не змогуць проста ігнараваць заклікі камунальнікаў дапамагчы ў расчыстцы стаянкі ад снегу – гэта афіцыйна закладзена як абавязак.

– Адзін з новых абавязкаў грамадзян – адказнасць за тэрыторыю агульнага карыстання. Як вызначыць яе межы?
– Сфера адказнасці за тэрыторыю агульнага карыстання рэгламентуецца ў залежнасці ад некалькіх фактараў наступным чынам. Для зямельных участкаў, на якіх размешчаны нежылыя будынкі (збудаванні), – з боку фасада будынка ўздоўж праезнай часткі вуліцы ад мяжы зямельнага ўчастка да тратуара (у выпадку яго адсутнасці – да мяжы праезнай часткі вуліцы, дарогі), па астатніх баках зямельнага ўчастка – палова адлегласці ад разрыву да мяжы суседняга зямельнага ўчастка, але не больш за 30 м; для зямельных участкаў, на якіх размешчаны прамысловыя аб’екты, якія знаходзяцца ўздоўж праезнай часткі вуліцы, – ад мяжы зямельнага ўчастка да тратуара (у выпадку яго адсутнасці – да мяжы праезнай часткі вуліцы, дарогі), па астатніх баках зямельнага ўчастка – палова адлегласці разрыву да суседняга зямельнага ўчастка, але не больш за 30 метраў, а ў выпадку, калі зямельны ўчастак мяжуе з землямі сельскагаспадарчага, прыродаахоўнага, аздараўленчага, рэкрэацыйнага, гісторыка-культурнага прызначэння, ляснога фонду, – да мяжы такіх земляў, але не больш за 5 метраў ад мяжы зямельнага ўчастка; для зямельных участкаў, на якіх размешчаны аўтазаправачныя станцыі, аўтамыечныя пункты, шынамантажныя майстэрні і станцыі тэхнічнага абслугоўвання, – у межах ад 15 да 100 метраў ад граніцы зямельнага ўчастка, а таксама пад’езды і паркоўкі да гэтых аб’ектаў; для зямельных участкаў, прадастаўленых грамадзянам, – ад іх мяжы да тратуара (у выпадку яго адсутнасці – да мяжы праезнай часткі вуліцы, дарогі), па астатніх баках зямельнага ўчастка – 10 метраў; для зямельных участкаў, прадастаўленых для абслугоўвання індывідуальных гаражоў, размешчаных на дваровых тэрыторыях, а таксама зямельных участкаў, прадастаўленых для будаўніцтва і (або) эксплуатацыі гаражоў, аўтамабільных стаянак для захоўвання транспартных сродкаў, – не больш за 5 метраў па перыметры зямельнага ўчастка.
– Якія работы ўваходзяць у паняцце “падтрыманне належнага санітарнага стану” земляў?
– Ачыстка і ўборка тэрыторый ад смецця па меры неабходнасці; санітарна-гігіенічныя і тэхналагічныя мерапрыемствы (абрэзванне, скошванне, выдаленне адходаў) пры выкананні работ па доглядзе аб’ектаў азелянення (газоны, іншыя зялёныя насаджэнні) – па меры неабходнасці з мая па верасень; расчыстка ад снегу і наледзі ўсіх відаў пакрыццяў, апрацоўка супрацьгалалёднымі сродкамі па меры неабходнасці – у зімовы перыяд, ва ўмовах моцных снегападаў, завеяў і галалёдзіцы – пастаянна, але не радзей аднаго разу ў суткі; збор, сартаванне і выдаленне камунальных адходаў – у адпаведнасці са схемай абыходжання з імі; ачыстка і ўборка водаадводных сістэм адкрытага тыпу, прызначаных для адводу паверхневых і грунтавых вод (канавы, латкі, кюветы) – па меры неабходнасці.
– Што будзе, калі ігнараваць новыя правілы?
– Гэта будзе дастаткова затратна для тых, хто задумае “забыцца” аб патрабаваннях правілаў. Адміністрацыйная адказнасць за адпаведныя парушэнні прадугледжана артыкулам 22.10 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і прымяняецца ў залежнасці ад катэгорыі парушальніка. Напрыклад, за загрувашчванне вуліц, плошчаў, двароў, іншых земляў агульнага карыстання будматэрыяламі і іншымі прадметамі чакае штраф: для грамадзян – да 5 базавых велічыняў (цяпер гэта 210 рублёў), для індывідуальных прадпрымальнікаў – ад 5 да 10 базавых велічыняў (ад 210 да 420 рублёў), для юрыдычных асоб – ад 10 да 20 базавых велічыняў (420-840 рублёў). За парушэнне іншых правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, а таксама невыкананне работ па падтрыманні належнага санітарнага стану на тэрыторыях земляў агульнага карыстання населеных пунктаў штрафы істотна большыя.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga