Categories: Падзеі

Дэпутат тлумачыць сутнасць законапраекта па дзярждапамогах сем’ям

На мінулай сесіі Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў першым чытанні прыняла праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей». Каб зразумець, што зменіць гэты законапраект у дзейным заканадаўстве, карэспандэнт «Звязды» пагаварыў з намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Валянцінай КУРСЕВІЧ, якая адказвае непасрэдна за падрыхтоўку дакумента.

— Якія новаўвядзенні змяшчае дакумент?

— Існуюць сем’і, у якіх бацькі — інваліды або адзін з бацькоў з’яўляецца інвалідам першай ці другой групы, якога даглядае другі з бацькоў. Калі ў іх з’яўляецца дзіця, то з яго трох і да 18 гадоў сям’я будзе мець права атрымліваць дапамогу незалежна ад таго, паступіў малады чалавек ці дзяўчына ў прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную або вышэйшую навучальную ўстанову, нават на бюджэтную форму, або не. Гэта першае новаўвядзенне. Другое — сем’і, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды, будуць мець права атрымліваць дапамогу да дасягнення дзіцем 18 гадоў у выпадку няпоўнага працоўнага дня. Гэта значыць бацькі могуць працаваць, напрыклад, на паўстаўкі — і атрымліваць дапамогу.

Трэцяе: дзеткі-інваліды розныя — ёсць першая, другая, трэцяя і чацвёртая ступені страты здароўя. Найбольш складаныя — гэта апошнія дзве. Сёння гэтыя дзеці пры дасягненні трохгадовага ўзросту атрымліваюць дапамогі. Мы будзем разглядаць папраўку, згодна з якой тым, хто даглядае дзяцей трэцяй і чацвёртай ступеняў страты здароўя, дапамога будзе павялічана на 20 працэнтаў па дасягненні імі 18 гадоў. Чацвёртае: атрыманне дапамогі па часовай непрацаздольнасці — бацькі будуць атрымліваць дапамогу, калі дзіця-інваліда адправілі ў санаторый або на медыцынскую рэабілітацыю.

Яшчэ адно новаўвядзенне: сёння права на атрыманне дапамогі па цяжарнасці і родах маюць толькі жанчыны, якія сталі на ўлік да 12 тыдняў цяжарнасці ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя. У законапраекце прадугледжаны выплаты ў выпадку звароту і ў недзяржаўныя арганізацыі, але толькі калі жанчына стане на ўлік да 12 тыдняў і будзе выконваць усе рэкамендацыі ўрача. Акрамя таго, удакладняюцца катэгорыі грамадзян, якія могуць атрымліваць дапамогу, а таксама ўводзяцца дадатковыя ўмовы для атрымання. А менавіта — тэрмін пражывання бацькоў на тэрыторыі Беларусі ў выпадку нараджэння дзіцяці за межамі краіны. Ён павінен быць не меншы за 6 месяцаў у межах года, які папярэднічае нараджэнню дзіцяці. І апошняе: мы прапануем павысіць памер дапамогі па цяжарнасці і родах у тых выпадках, калі яе памер быў меншы, чым сума дапамогі па доглядзе дзяцей ва ўзросце да трох гадоў за перыяд з моманту нараджэння дзіцяці па дзень, на які выплачана дапамога па цяжарнасці і родах, — напрыклад, калі жанчына да наступлення цяжарнасці не працавала, была студэнткай.

— Вялікая колькасць прапаноў звязана з неабходнасцю ўдасканаліць цяперашні закон?

— Я не сказала б, што ў нашым заканадаўстве ёсць недахопы. Любы законапраект павінен быць гнуткай сістэмай мер, якая адлюстроўвае рэальную дэмаграфічную і сацыяльную сітуацыю па краіне. У 2013 годзе, калі прымаліся апошнія змены, была іншая мэта — павысіць нараджальнасць, якая па выніку была дасягнутая. А цяпер мы прапануем папраўкі, якія наспелі на сённяшні момант. Гэта значыць ідзе паступовае павышэнне сацыяльнай дапамогі дзяржавы тым сем’ям, якія маюць патрэбу ў гэтай дапамозе.

— Згодна з законапраектам удакладняюцца катэгорыі асоб, якія могуць атрымліваць сацыяльную дапамогу. У чым сутнасць змен?

— На сёння права на дапамогу маюць грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць на нашай тэрыторыі, замежныя грамадзяне, асобы без грамадзянства, а таксама грамадзяне іншых дзяржаў і людзі без грамадзянства, якія часова пражываюць і на якіх распаўсюджваецца дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне, а яны выплачваюць узносы на гэтае страхаванне. Калі дапамога не выплачваецца? Згодна з дзейным заканадаўствам, калі дзеці пражываюць за межамі Беларусі — акрамя дзяцей дыпламатычных і консульскіх работнікаў. Таксама права на дапамогу не распаўсюджваецца на дзяцей-сірот, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні ў дзіцячых інтэрнатах, дамах, прыёмных сем’ях. У новым законапраекце прапісана: калі дзеці вучацца на дзённай форме навучання за мяжой Беларусі, то дапамога бацькам на іх не выплачваецца. Не будзе выплачвацца дапамога бацькам, калі іх дзеці знаходзяцца ў дамах дзіцяці або ўстановах адукацыі з кругласутачным рэжымам знаходжання, а таксама калі яны змешчаны ў стацыянарныя ўстановы сацыяльнага абслугоўвання.

— Памер дапамог будзе павялічаны?

— Да 2016 года ў Беларусі натуральнае змяншэнне насельніцтва пераважала над натуральным прыростам. Кіраўнік дзяржавы нядаўна паставіў задачу, каб насельніцтва павялічылася да 20 мільёнаў, — і гэта выдатная задача. Таму мы і прапаноўваем павялічыць памер дапамог. Гэта значыць для стымулявання ў тым ліку нараджальнасці, каб сем’і маглі паўнавартасна ўдзельнічаць у выхаванні дзяцей.

Дарэчы, пра выхаванне. Нядаўна наша камісія прымала ўдзел у рабочай групе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Пачалася прапрацоўка такога пытання, як атрыманне абавязковага сацыяльнага водпуску бацькам пры нараджэнні дзіцяці. Гэта робіцца для таго, каб бацька прымаў удзел у выхаванні дзяцей з нараджэння. Сёння рабочая група абмяркоўвае тэрміны такога водпуску — у Швецыі, напрыклад, гэта 10 дзён. Таксама вывучаецца, калі лепш даваць такі водпуск — адразу пасля нараджэння або на працягу некалькіх месяцаў. Трэба разумець, што мужчына і сёння можа ўзяць такі водпуск, але толькі за свой кошт. А ў будучыні ён абавязкова зможа атрымаць магчымасць дапамагаць жонцы, пры гэтым маючы дзяржаўную падтрымку. Як бачыце, дзяржава не толькі павялічвае памер дапамогі, але і садзейнічае паўнавартаснаму развіццю сям’і.

— Калі законапраект можа ўступіць у сілу?

— Першыя два артыкулы законапраекта запрацуюць з першага ліпеня 2017 года. Гэта артыкул пра права на дзяржаўную дапамогу сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, а другі артыкул — заканадаўства аб дзяржаўных дапамогах. Усе астатнія артыкулы — з моманту афіцыйнага апублікавання дакумента. Папраўкі аб парадку вылічэння дапамог па доглядзе дзяцей да трох гадоў уступяць у сілу з першага лютага 2018 года.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

administrator

Recent Posts

Ведае ўчастковы. Званок з незнаёмага нумара? Пакладзіце трубку

Пытанне: мне патэлефанавалі і прапанавалі задэклараваць грашовыя сродкі. Мяркую, што гэта махляры. Як паводзіць сябе…

2 часа ago

Вас памятае свет уратаваны. Жанчыны, якія набліжалі Перамогу

У Год беларускай жанчыны на старонках газеты “Перамога” расказваем пра нашых зямлячак, якія змагаліся на…

15 часов ago

Словы ўдзячнасці і віншавання – вам, людзі ў белых халатах!

У раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў святочны канцэрт-шанаванне, прысвечаны надыходзячаму Дню медыцынскіх работнікаў.…

15 часов ago

Па 25 базавых велічыняў за няскошаную траву кожнаму

За невыкананне работ па падтрыманні належнага санітарнага стану на тэрыторыях зямель агульнага карыстання населеных пунктаў,…

17 часов ago

Прафарыентацыя. Каму падыдзе прафесія карэспандэнта

Гэта высвятлялі выхаванцы летніка “Крута” гімназіі № 1 горада Дзятлава, наведаўшыся ў рэдакцыю раённай газеты…

17 часов ago

Канікулы-2026

Чым жыве летнік Выхаванцы летніка “Усмешка” сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М.…

17 часов ago