22 снежня член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Жамойда правёў у памяшканні райвыканкама фінальны ў адыходзячым годзе асабісты прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію.
У час прыёму паступіў тэлефонны зварот ад жыхаркі вёскі Боцкавічы Данілавіцкага сельсавета. Жанчыну хвалявалі пытанні добраўпарадкавання могілак вёскі Ахонава, а таксама стан дарогі, якая звязвае вёскі Боцкавічы і Яцукі. Па словах жанчыны, з-за пастаяннага руху цяжкагрузнай тэхнікі дарога дэфармавалася, і па ёй стала нязручна хадзіць.
Каб разабрацца ў сітуацыі, парламентарый запрасіў да дыялогу адказныя службы. Галоўны інжынер ДРБУ-119 Аляксей Гірык адзначыў, што ўжо на гэтым тыдні будзе праведзена прафіліраванне аўтадарогі. Гэта пытанне ўзята на кантроль кіраўніцтвам раёна і сенатарам, у будучым будзе ўнармаваны рух транспарту на дадзеным участку.

Намеснік дырэктара Дзятлаўскага РУП ЖКГ Віктар Дзедуль адзначыў, што кіраўніцтвам раёна сумесна з камунальнай службай было праведзена абследаванне ўсіх 110 могілак, размешчаных на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна, падлічана колькасць дрэваў, якія падлягаюць выдаленню, большасць з якіх магчыма спіліць толькі з прыцягненнем прамысловых альпіністаў. Вялікая работа па выдаленні аварыйных дрэваў на могілках была праведзена сёлета. Па меры фінансавання і заключэння дагавораў са спецыялістамі яна будзе прадоўжана ў 2026 годзе.

Са свайго боку, Андрэй Пятровіч паабяцаў заяўніцы, што разам з кіраўніцтвам раёна будзе кантраляваць выкананне арганізацыямі ўзятых абавязальніцтваў.
– Не так часта людзі звяртаюцца на асабістыя прыёмы грамадзян, а гэта значыць, што большасць пытанняў “знімаецца” на ўзроўні раённай і мясцовай улады. Тым не менш, гэта важная форма работы з насельніцтвам на ўзроўні рэгіёнаў. Людзі прыходзяць з рознымі пытаннямі, якія іх хвалююць. Спектр праблем шырокі, многія з іх можна вырашыць на мясцовым узроўні. Але мы выслухоўваем кожнага, прытрымліваючыся ў сваёй дзейнасці аднаго важнага прынцыпу, аб якім заўсёды гаворыць Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка: для нас няма дробных або другарадных пытанняў. Усе звароты, з якімі ідуць да нас, заслугоўваюць увагі і дапамогі. Таму канструктыўна падыходзім да кожнага звароту, імкнучыся знайсці кампраміснае рашэнне, хаця гэта не заўсёды атрымліваецца. Не трэба забываць, што правядзенне асабістых прыёмаў дапамагае дэпутатам у далейшай рабоце па ўдасканаленні заканадаўства.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga