Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Жамойда ў памяшканні райвыканкама правёў асабісты прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію.

Да сенатара звярнуліся чатыры жыхары раёна з пытаннямі, якія тычыліся аховы здароўя, жыллёва-камунальнай сферы, адукацыі і землеўпарадкавання.

Дзятлаўчанка мела пытанні па аказанні медыцынскіх паслуг у Дзятлаўскай ЦРБ, якія растлумачыла намеснік галоўнага доктара Алена Якубоўская. Заяўніцы быў прапанаваны аптымальны варыянт вырашэння сітуацыі.


Тэмы апекі і пражывання непаўналетніх дзяцей тычыўся другі зварот. Гэта пытанне даўно знаходзіцца на кантролі аддзела адукацыі райвыканкама і сацыяльных службаў. Для таго, каб разабрацца ў сітуацыі дэталёва, Андрэй Жамойда разам з прадстаўнікамі кампетэнтных органаў выехаў па месцы пражывання жанчыны і яе дачкі. Ён пацвердзіў той факт, што канчатковае рашэнне па пытанні застаецца за ўпаўнаважанымі органамі раёна і незалежнай камісіяй.





Яшчэ адзін нераўнадушны заяўнік цікавіўся, калі ўвядуць у эксплуатацыю лазню ў Дзятлаве. Яму растлумачылі, што на сёння работы прафінансаваны і будуць завершаны сёлета.

У жыхаркі раёна ўзніклі пытанні пры афармленні зямельнага ўчастка пад гаспадарчай забудовай. Каб разабрацца ў іх па факце, на прыём запрасілі начальніка аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Дзмітрыя Залеўскага.



Таксама на прамую лінію паступіў зварот ад жыхара гарадскога пасёлка з пытаннем аб рабоце рэнтгеналагічнага кабінета паліклінікі. Заяўнік атрымаў тлумачэнні па тэлефоне.
– Такая актыўнасць з боку мясцовага насельніцтва – паказчык даверу грамадзян да дэпутацкага корпусу краіны, гэта імпануе, – адзначыў сенатар пасля прыёму. – З другога боку, сёння яшчэ раз упэўніўся, што пераважная большасць пытанняў ужо на кантролі кіраўніцтва раёна і знаходзіцца ў працэсе вырашэння. Тым не менш, прыёмы грамадзян не губляюць сваёй важнасці і актуальнасці: галоўная мэта кожнага з іх – пачуць пытанні, якія хвалююць людзей і максімальна эфектыўна і аператыўна вырашыць іх. У сваю чаргу для членаў Савета Рэспублікі гэта работа дае магчымасць убачыць, як адбываюцца тыя ці іншыя працэсы ў грамадстве, лепш даведацца пра жыццё ў рэгіёнах. Гэта важная глеба для далейшых разважанняў, інфармацыя, якая паступіла, акумулюецца, сістэматызуецца і выкарыстоўваецца намі ў рамках заканатворчай дзейнасці.
Парламентарый адзначыў, як мяняецца да лепшага Дзятлава:
– Мне падабаецца, як з кожным маім прыездам бачу пазітыўныя перамены ў горадзе і раёне: мясцовыя ўлады шмат робяць для дзятлаўчан. Нязменнымі застаюцца чысціня і ўтульнасць, якія ўвогуле сталі брэндам беларускіх гарадоў.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga