Першапраходца? Так, бо менавіта ён даў пачатак новай гістарычнай літаратуры, заснаванай на летапісах, легендах і паданнях народных, на прымхах і веры ў Бога адзінага. Ён паказаў нам, хто мы такія, чым можам ганарыцца, адкрыў для нас слаўнае і годнае мінулае, яго гераічных асоб, што змагаліся за праўду і будучыню.

 Геній? Сапраўды, бо толькі генію падуладныя такія вышыні – быць паэтам і празаікам, драматургам і публіцыстам, сцэнарыстам і навукоўцам. А яшчэ тонкім псіхолагам, які ўмее бачыць нябачнае, схаванае ад людскіх вачэй, умее адчуваць унутраны свет чалавека, разумець яго парывы і жаданні. І рамантыкам, узнёслым, тонкім, глыбокім, здольным да фантазіі, пагружэння ў эпоху, час, у людскія лёсы. Ён адкрыў беларусам беларускі характар з усімі станоўчымі і адмоўнымі рысамі. Працавітасць, гасціннасць, шчодрасць, цярплівасць і мужнасць з аднаго боку і зайздрослівасць з другога. Але падаў гэта ў сваіх кнігах настолькі шчыра і з любоўю, што і адмоўная рыса выклікае не асуджэнне, а хутчэй усмешку. Так, ёсць у нашай натуры і такое.

 Прарок? Магчыма. Усе геніі – прарокі. Яны бачаць далей і глыбей, чым мы, звычайныя людзі. Яны пакутуюць за ўчарашні і сённяшні дзень, за ўсе недарэчнасці і памылкі гісторыі і яе вялікіх сыноў. Прароку падуладная і будучыня, бо без сапраўднай гісторыі яе ніколі не будзе ў народа. І сёння мы, беларусы, разумеем гэта як ніколі раней. Караткевіч вучыць любіць родную зямлю, народ наш беларускі, вучыць ганарыцца гісторыяй і сённяшнімі дасягненнямі, смела глядзець у заўтрашні дзень, заўважаць прыгажосць вакол сябе і радавацца гэтай прыгажосці.

І яшчэ адно: нага Уладзіміра Сямёнавіча ступала і па дзятлаўскай зямлі. Даўно гэта было, у 70-х гадах мінулага стагоддзя, калі ён разам з Алесем Адамовічам, Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам прыязджаў да Міхаіла Фёдаравіча Петрыкевіча, першага дырэктара нашага музея. Пісьменнікі збіралі матэрыял пра спаленыя вёскі, каб потым стварыць дакументальную кнігу “Я з вогненнай вёскі”, а Караткевіч падчас паездак па раёне цікавіўся легендамі і паданнямі Ліпічанскага краю, прыродай і асаблівасцямі характару жыхароў Заходняй Беларусі. І быў ён у такія моманты і гісторыкам, і псіхолагам, і пісьменнікам, і проста чалавекам.

Як нам цябе сягоння не стае –

Рамантык, геній, творца наш любімы.

Няхай жа будзе дзень народзін твой,

Як светач, яркім, зорным, негасімым.

Прыйшоў ты на зямлю, каб абуджаць

І слова праўды несці праз стагоддзі,

Наш Златавуст, асветнік і паэт,

Ты будзеш жыць у памяці народнай.

І будзе Стаха прывід па зямлі

Успенена скакаць ізноў начамі,

Алесь Загорскі помсціць за народ,

Альшанскі замак забывацца снамі.

І Бог заступіцца за мілы край,

Хрыста пашле ў слаўную Гародню,

І прачытае “Крылы” мой унук,

Палюбіць сэрцам край адзіны, родны.

Алена АБРАМЧЫК,

краязнаўца, паэтэса

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации