31 снежня 2025 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ “Аб удасканаленні ўступнай кампаніі”. Галоўная задача дакумента – даць роўныя шанцы і правесці сумленны адбор пры паступленні ва ўніверсітэты і каледжы.
Што захавалася і памянялася, расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская:

– Ва ўступнай кампаніі 2026 года кардынальных змен не прадбачыцца: ранейшыя падыходы і этапнасць прыёму захаваюцца, у тым ліку асобны этап пры мэтавым прыёме. Не памяняўся каляндар уступнай кампаніі: асноўны прыём дакументаў стартуе 12 ліпеня, на бюджэтныя месцы ён завершыцца 17 ліпеня, а на платныя аддзяленні практычна ва ўсіх ВНУ, за выключэннем сельскагаспадарчых, прадоўжыцца да 1 жніўня. Залічэнне студэнтаў на платнай аснове адбудзецца 3 жніўня.
Прасцей стала паступіць на завочную і дыстанцыйную формы навучання. Калі раней для гэтага абавязкова было адпрацаваць не менш за дзесяць месяцаў па профілі, то цяпер не патрабуецца, каб стаж супадаў з выбранай спецыяльнасцю.
У Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэце імя Янкі Купалы ў гэтым годзе на завочную поўную форму можна паступіць на спецыяльнасці “псіхалогія”, “адукацыя ў галіне фізічнай культуры”, “спецыяльная і інклюзіўная адукацыя”, “правазнаўства”. Унесены карэкціроўкі ў пералік спецыяльнасцяў, па якіх адкрыюць набор на мэтавае навучанне. Напрыклад, з мэтавым накіраваннем у гэта ВНУ сёлета не прымаюць на “дызайн графічны” і “лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурнай камунікацыі”: у пераліку засталіся толькі спецыяльнасці, запатрабаваныя эканомікай Беларусі.
Яшчэ адно новаўвядзенне закране дзесяцікласнікаў, бо з 2027 года зменіцца пералік неабходных для паступлення прадметаў. У Купалаўскім універсітэце пад змену трапляюць спецыяльнасці “правазнаўства” і “эканамічнае права”: з наступнага года абітурыентам замест замежнай мовы для паступлення на іх давядзецца здаваць гісторыю Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі. Менавіта гэты прадмет дадаецца і ў спіс уступных профільных экзаменаў, паколькі яго па абноўленай школьнай праграме замест гісторыі Беларусі вывучаюць у 10-11 класах.
З’явіліся пэўныя абмежаванні для абітурыентаў з мэтавым накіраваннем: заказчыкамі кадраў цяпер могуць выступаць толькі арганізацыі, у долі ўласнасці якіх дзяржаўная займае не менш за 50 %.
Дадатковыя абмежаванні ўстаноўлены на тое, якія ведамствы могуць быць заказчыкамі на пэўных спецыяльнасцях. Напрыклад, на “правазнаўства” мэтавы набор даступны толькі Следчаму камітэту, мытнаму камітэту, іншым профільным ведамствам.
Удакладнена, хто можа паступіць па льгоце: ва ўказе выразна прапісаны спіс абітурыентаў, якія маюць асаблівыя правы пры залічэнні. Падобныя змены звязаныя з адкрыццём новага каледжа Міністэрства ўнутраных спраў. Права на залічэнне без уступных выпрабаванняў і па-за конкурсу ў яго атрымаюць выпускнікі спецыялізаваных ліцэяў і профільных класаў ваенна-патрыятычнай скіраванасці пры ўмове дасягнення пэўнага ўзроўню паспяховасці. Акрамя таго, выпускнікі новага каледжа МУС, якія скончылі яго з адзнакай, у перспектыве атрымаюць дадатковыя магчымасці для прадаўжэння адукацыі па сілавым напрамку, у першую чаргу, у ВНУ сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga