Тактыка-спецыяльныя вучэнні Дзятлаўскага РАНС прайшлі на базе санаторыя “Радон” ААТ “Белаграздраўніца”.


Па тактычнай задумцы ўмоўны ачаг загарання знойдзены ў пакоі санітараў, размешчаным на адным з верхніх паверхаў санаторыя. Спробы ліквідаваць пажар сіламі добраахвотнай пажарнай дружыны поспеху не мелі. Назіраецца моцнае задымленне, што можа стварыць пагрозу людзям. Ёсць верагоднасць распаўсюджання агню на суседнія памяшканні. Эвакуацыйныя работы праводзяцца.

На месца здарэння накіраваліся два баявыя разлікі ПАВЧ № 1 горада Дзятлава, Новаяльнянскага ПАВП № 12 і Раготнаўскага ПАВП № 13.

У ходзе вучэнняў правяраліся дзеянні персаналу санаторыя па паведамленні аб узгаранні, ратаўнікоў – па ўзаемадзеянні ў час ліквідацыі ўзгарання і перадачы інфармацыі на цэнтр аператыўнага кіравання, выкананне патрабаванняў тэхнікі бяспекі. Паралельна правяраўся стан сістэм і камунікацый санаторыя “Радон”, у тым ліку ўнутраных і вонкавых пажарных водаправодаў.











Ратаўнікі з пастаўленай задачай справіліся, пры гэтым былі моманты, на якія звярнуў увагу ў час аналізу работы падраздзяленняў намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС Аляксандр Беленка.

– Нягледзячы на тое, што сітуацыя вучэбная, кожны работнік аддзела павінен выкладвацца на максімум, каб таксама спрацаваць у надзвычайнай сітуацыі. Менавіта практычная адпрацоўка вучыць пажарных не выпускаць з увагі, на першы погляд, неістотныя дэталі, якія ў сітуацыі павышанай рызыкі і абмежаванага часу могуць сыграць ключавую ролю ў працэсе тушэння пажару і выратавання людзей. З другога боку, падобныя вучэнні праводзяцца не толькі для адпрацоўкі работы па ліквідацыі ўзгарання. Для персаналу ўстановы гэта таксама магчымасць праверыць сябе і рэсурсы па ліквідацыі надзвычайных сітуацый, – адзначыў ён.



Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае