На базе райвыканкама прайшло пасяджэнне Савета па дэмаграфічнай бяспецы Дзятлаўскага раёна пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі. У ходзе сустрэчы абмяркоўваліся актуальныя пытанні жыцця насельніцтва.

Удзельнікамі пасяджэння сталі прадстаўнікі сілавых структур, арганізацый і служб раёна, таксама былі запрошаны кіраўнікі сельвыканкамаў Дзятлаўшчыны.

Намеснік галоўнага доктара Дзятлаўскай ЦРБ Наталля Літвінская агучыла паказчыкі дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне, расказала аб планавай рабоце, якая вядзецца для зніжэння смяротнасці. Наталля Міхайлаўна падкрэсліла, што медыкі сёння маюць у арсенале розныя віды абследаванняў, якія спрыяюць ранняму выяўленню захворванняў. Аднак дзятлаўчане (асабліва людзі працаздольнага ўзросту) часта не жадаюць своечасова праходзіць дыспансерызацыю, для якой спецыяльна выдзяляецца выхадны дзень. Яны спасылаюцца на і так добрае самапачуванне, занятасць на рабоце або іншыя прычыны. Пры гэтым менавіта своечасовая дыспансерызацыя застаецца самым эфектыўным метадам сачыць за станам уласнага здароўя, а значыць – падтрымліваць спрыяльны дэмаграфічны фон у раёне.

Не абышлі ўвагай і тэму суіцыдальных паводзінаў. Доктар псіхіятр-нарколаг Дзятлаўскай ЦРБ Барыс Отчык назваў прычыны такіх дзеянняў, “намаляваў” партрэт патэнцыяльнага самагубцы, расказаў пра магчымасць спрагназаваць сітуацыю і своечасова аказаць дапамогу.


Здаровы лад жыцця – прамы шлях да паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі. Такое меркаванне выказала інструктар-валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля Юрэня. Яна расказала аб рэалізацыі на Дзятлаўшчыне дзяржаўнага прафілактычнага праекта “Здаровыя гарады і пасёлкі”, у якім задзейнічаны тры населеныя пункты раёна – горад Дзятлава, гарпасёлак Наваельня і аграгарадок Круцілавічы, які ў мінулым годзе стаў уладальнікам рэспубліканскай узнагароды ў гэтай сферы.
Наталля Іванаўна анансавала далучэнне да работы праекта новых населеных пунктаў Дзятлаўшчыны, першым з якіх ужо з жніўні стане гарпасёлак Казлоўшчына.


Па выніках пасяджэння быў створаны пратакол і распрацаваны адпаведныя даручэнні.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga