У маі бягучага года сваё брыльянтавае вяселле — 60 гадоў сумеснага жыцця — адзначаць Людміла Васільеўна і Канстанцін Казіміравіч Каратышы з вёскі Кажухоўцы.

Гісторыя іх знаёмства пачалася з вясковага вяселля, на якое яны былі запрошаны.  Канстанцін — як сябар жаніха, Людміла — як сяброўка нявесты. Праз паўгода яны стварылі ўжо сваю сям’ю. Кажуць, што гэта было каханне з першага погляду, а яшчэ аб’яднала іх падабенства нялёгкіх жыццёвых сітуацый.

Распісаліся Людміла і Канстанцін у сельскім савеце. А павянчаліся толькі праз пяцьдзясят гадоў — у свой залаты юбілей сямейнага жыцця.

_MG_3071

Кажухоўцы — гэта радзіма Канстанціна Казіміравіча. Людміла Васільеўна нарадзілася ў вёсцы Ятра цяперашняга Навагрудскага раёна. У трохгадовым узросце яна засталася сіратой: маці трапіла ў нямецкі палон, бацька загінуў на вайне. Выхоўвала Людмілу бабуля — Надзея Кліменцьеўна. Пасля замужжа ўнучкі Надзея Кліменцьеўна пераехала разам з ёй у Кажухоўцы, дапамагала гадаваць дзяцей, паколькі дэкрэтнага водпуску ў тыя гады  не давалі.

Праз два гады пасля вяселля Канстанціна Казіміравіча прызвалі на армейскую службу, якую ён праходзіў на тэрыторыі Грузіі, амаль на мяжы з Турцыяй,  у авіяцыйным палку. Вярнуўшыся дахаты, уладкаваўся працаваць у калгас шафёрам. Вадзіў аўтамабіль “ГАЗ-53”, самазвал, некаторы час быў вадзіцелям аўтобуса. Расказваючы аб мінулай працы, Канстанцін Казіміравіч узгадвае, што яго шафёрская дарога пралегла не толькі праз тэрыторыю Беларусі, але і за яе межамі.

Душэўным захапленнем Канстанціна Казіміравіча з’яўляецца ігра на гармоніку. Асвоіў ён гэты інструмент самастойна, яшчэ да армейскай службы. А ў арміі навучыўся іграць яшчэ і на баяне.

— Менавіта за свой музычны талент ён мне і прыглянуўся,– жартуе, гледзячы на мужа, Людміла Васільеўна.
Таксама як і Канстанцін Казіміравіч яна ўсё жыццё адпрацавала ў калгасе. Спачатку — даяркай, пасля — паляводам. Неяк на заробленую прэмію купіла швейную машынку “Падольская”. З яе дапамогай шыла сукенкі простага крою для сябе, для дочак, вопратку для мужа.

У Людмілы Васільеўны і Казіміра Канстанцінавіча — тры дачкі. Старэйшай — ужо пяцьдзесят восем гадоў.
“Брыльянтавыя” юбіляры — багатыя дзядуля і бабуля: у іх чатыры ўнукі і пяць праўнукаў.

— Сёння мы жывём дзеля дзяцей, — адзначае Людміла Васільеўна. — Галоўнае — каб у іх было ўсё добра, каб яны былі здаровыя, каб іх жыццё склалася.

А, увогуле, сакрэтам сямейнага даўгалецця юбіляры называюць узаемапавагу, узаемападтрымку, а таксама роднасць душаў, якая за многія гады стала толькі мацнейшай.

А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота П. АДАМЧУКА

About Author
administrator
View All Articles

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации