Цёплае красавіцкае сонейка сагравае зямлю, у такт павевам ветрыка ківаюць блакітнымі галоўкамі першынцы вясны – пралескі, птушкі ўсё весялей шчабечуць за акном, людзі пачынаюць часцей усміхацца, радуючыся спрыяльнаму надвор’ю. У шчодрым на сонейка красавіку нарадзілася сёлетняя юбілярка Яніна Сяргееўна Уласевіч, у дзявоцтве – Федзюкевіч. Можа таму і па-характары яна чалавек прыемны, спакойны, міралюбівы. У вёсцы Страла, дзе жанчына пражыла ўсё сваё жыццё ад нараджэння да сталасці, яе ведаюць як руплівую, гасцінную гаспадыню, клапатлівую матулю і бабулю, мудрага, добразычлівага чалавека.
Свой 85-ы дзень нараджэння Яніна Сяргееўна адзначыла 12 красавіка. Нарадзілася яна ў 1933 годзе ў сялянскай сям’і. Уся адукацыя Яніны – тры класы пачатковай школы: вучыцца далей перашкодзілі Вялікая Айчынная вайна і складаныя пасляваенныя гады. Дзяўчыне рана давялося пачаць працоўную дзейнасць. У калгасе “1 Мая” (цяпер “Жукоўшчына”) яна шмат гадоў (нават на пенсіі, пакуль дазваляла здароўе) працавала паляводам. Работы не баялася, выконвала яе адказна і добрасумленна, таму і ў кіраўніцтва калгаса была на добрым рахунку – яе ставілі ў прыклад іншым.
За шчырую душу і нястомную працу лёс узнагародзіў Яніну Сяргееўну шчаслівым сямейным жыццём. Цікава, што яе будучы муж, Мікалай Іванавіч, прыехаў у вёску Страла знаёміцца з іншай дзяўчынай, да якой яго сваталі. Пазнаёміўся, пабыў крыху ў хаце, выйшаў прагуляцца – і на адным з суседніх падворкаў убачыў сваё яснавокае шчасце. Яніна з першага погляду запала ў сэрца Мікалаю, і праз некаторы час маладыя людзі зладзілі вяселле. Было гэта ў ліпені 1958 года, і сёлета сямейная пара адзначыць 60-годдзе сумеснага жыцця – брыльянтавае вяселле. Усе гэтыя гады жылі Уласевічы дружна і зладжана, шмат працавалі, трымалі вялікую гаспадарку. Яны выгадавалі трох сыноў, дачакаліся 6 унукаў і 5 праўнукаў. Уласным прыкладам, адказнымі адносінамі да працы і абавязкаў, праз любоў і клопат Уласевічы прывівалі сваім дзецям добрыя якасці характару. Сыны выраслі годнымі людзьмі.
Яніна Сяргееўна і Мікалай Іванавіч і ў сталым веку жывуць у згодзе і ўзаемапавазе, дзверы іх хаты адчынены для дзяцей і іх сем’яў. А калі наведваюцца госці, іх абавязкова частуюць гарачым супам з печы, духмянымі дранікамі, піражкамі. На Вялікдзень і Каляды ўся сям’я абавязкова збіраецца за святочным сталом.
У вольны час Яніна Сяргееўна любіць займацца рукадзеллем. У маладосці яна ткала прыгожыя пакрывалы, цяпер, калі падрастаюць унукі, стараецца справіць для іх абноўкі – вяжа цёплыя шкарпэткі, жылеты, капялюшыкі. Вясной і летам любіць завіхацца ў кветніку і на агародзе.
Ад прыроды Яніна Уласевіч надзелена надзвычайнай дабрынёй і ўменнем згладжваць канфліктныя сітуацыі, а таму пад дахам яе хаты пануюць мір і спакой. Што, як ні гэта, можна назваць сапраўднай жыццёвай мудрасцю, якой Яніна Сяргееўна шчодра дзеліцца з роднымі і сябрамі.
Ірына СТЫРНІК
Стоит почитать:
Дарадчыца, сябар і дарагі чалавек
10 мая ў Беларусі адзначаецца вялікае свята, якое яднае беларускі народ, заклікае да згоды ўсіх…
14 мая с 11.00 до 13.00 на базе ГУ «Дятловский рай ЦГЭ» с участием главного…
Председатель облисполкома Юрий Караев принял участие в торжественном ритуале чествования Государственных символов Республики Беларусь в…
Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка павiншаваў суайчыннiкаў з Днём Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна…
Установа “ЛПП № 5” (Навагрудскі раён) ЗАПРАШАЕ юнакоў для паступлення на дзённую форму навучання: -…
https://www.youtube.com/embed/FYMdbfP8Ufw Ежемесячно в результате убийств и тяжких телесных повреждений гибнет до 40 граждан нашей страны,…