Поўная зала сяброў, шчырыя пажаданні, цёплыя апладысменты, кранальныя ўспаміны, мілагучныя песні, памятныя падарункі – так Новаяльнянская сярэдняя школа імя А. А. Шаўчук адсвяткавала 60-гадовы юбілей адкрыцця.
Раздзяліць радасць “дня нараджэння” роднай школы прыйшлі тыя, хто тут вучыўся або працаваў, працуе і вучыцца цяпер, а таксама госці – прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, святары, бацькі.
– Рада вітаць вас на нашым юбілеі, сёння вы пачуеце пра ўсе нашы дасягненні, работнікаў і навучэнцаў, якімі ганарымся, жадаю атрымаць асалоду ад прыемнай сустрэчы і творчых выступленняў, – павітала ўдзельнікаў урачыстасці дырэктар школы Алена Круглова.
– Шэсць дзесяцігоддзяў – гэта перыяд, за які змяніліся тры пакаленні, – зазначыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі. – Прыемна бачыць у гэтай зале выпускнікоў, занятых у эканоміцы раёна, есць тыя, хто працуе ў райвыканкаме. З упэўненасцю магу сказаць, што тут выхоўваюць годных людзей. Сёння школа ўяўляе сабой прыгожы сучасны будынак, у гэта ўкладзена нямала сіл і сродкаў, аднак галоўнае – педагагічны калектыў. Прыемна, што настаўнічаюць тут сапраўдныя прафесіяналы, сярод якіх ёсць былыя выпускнікі. Жадаю, каб і надалей навучэнцы апраўдвалі вашы надзеі, поспехаў вам і перамог, здароўя і дабрабыту, а раённая ўлада будзе надзейнай падтрымкай.
У пацвярджэнне сваіх слоў Андрэй Садоўскі ўручыў дырэктару ўстановы грашовы сертыфікат.
Ганаровыя ўзнагароды – нагрудныя знакі “За заслугі. Дзятлаўскі раён” атрымалі ад старшыні начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская і Алена Круглова.
Прыемным момантам сустрэчы стала падарожжа ў мінулае, да самых вытокаў, калі ў далёкім лістападзе 1966 года Новаяльнянская школа прыняла першых вучняў. Успамінамі аб памятных днях падзяліўся адзін з іх – Віктар Сушчэвіч. Сімвалічную эстафету ад яго перанялі і дадалі ў кранальную атмасферу ноткі пазітыву сённяшнія маленькія навучэнцы.
Праз дзесяцігоддзі, іспыты і радасці вялі “школьны карабель” да поспеху былыя дырэктары. Успамінамі аб працы тут падзяліўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, расказаў, як новаяльнянскія педагогі ўмелі спраўляцца з цяжкасцямі, пажадаў калектыву і надалей быць паспяховым.
Надзейны вектар развіцця школе за 13 гадоў на пасадзе дырэктара задала цяперашняя начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская. За падтрымку сістэмы адукацыі Дзятлаўшчыны і папаўненне матэрыяльна-тэхнічнай і адукацыйнай базы ўстановаў яна падзякавала раённаму кіраўніцтву і асабіста Андрэю Садоўскаму, уручыла заслужаныя ўзнагароды. Падзякай раённага аддзела адукацыі адзначаны калектыў установы і дырэктар Алена Круглова, таксама ўзнагароды атрымалі Антаніна Каўцэвіч, Валянціна Лазоўская, Кацярына Карлоўская, Людміла Баброўская. Падарункі ад раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” былі ўручаны Ірыне Маліка, Алене Жых, Тамары Крывеня, Таццяне Бялятка.
Віншавальную эстафету прадоўжылі настаяцель храма Прасвятой Багародзіцы гарпасёлка Наваельня протаіерэй Валерый Мануйла, член прызідыума раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алеся Маркевіч, дачка першага дырэктара школы-юбіляркі Таццяна Лазовік, мастак, таленавіты выпускнік Анатоль Кардаш, кіраўнік Новаяльнянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Шэнаева, педагог Наталля Гізоўская.
На працягу ўсяго перыяду функцыянавання ўстановы ў яе сценах выкладалі прафесіяналы высокага класа, якія далі пуцёўку ў жыццё дзясяткам таленавітых вучняў. Прысутныя схілілі галовы перад светлай памяццю педагогаў, чый ратны подзвіг быў адзначаны высокімі ўзнагародамі, – Пятра Каструбаева, Юрыя Кабанава, Аляксандры Шаўчук, Міхаіла Лапіцкага, Аляксандра Міцкевіча. Узгадалі іншых дастойных педагогаў, якія тут працавалі ці прадаўжаюць працаваць. Гэта заслужаныя настаўнікі БССР Матрона Лазоўская, Аляксандра Шаўчук, Ганна Адамчык (узнагароджана ордэнам “Знак пашаны), а таксама настаўнікі, адзначаныя Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР Яўгеній Лазовік, Пётр Каструбаеў, Людміла Карлоўская, Аляксандра Шаўчук, Аляксандр Міцкевіч, званні “Выдатнік народнай асветы” атрымалі Яўгеній Лазовік, Пётр Каструбаеў, Ганна Адамчык, Аляксандра Шаўчук, Алена Шмык, Аляксандр Міцкевіч, Тамара Крывеня, Уладзімір Тулейка, званне “Выдатнік адукацыі” – Марына Лашкоўская, Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Беларусі адзначаны Марына Лашкоўская, граматамі Міністэрства адукацыі Беларусі – Марына Лашкоўская, Алена Баковіч, Ганна Савасцюк, Валерый Нагорны. Сваёй штодзённай працай яны даказалі, што настаўнік – не проста прафесія, а лёс, заклік душы.
Сёння гісторыя Новаяльнянскай сярэдняй школы беражліва захоўваецца тымі, хто прысвяціў ёй сябе: нязменным кіраўніком народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Дзеці ліхалецця” з’яўляецца Тамара Крывеня. У нашы дні лепшыя традыцыі ранейшых педагогаў прадаўжаюць цяперашнія настаўнікі школы, сапраўдныя майстры педагагічнай справы.
Кожны новы навучальны год папаўняе школьны летапіс яркімі падзеямі, дасягненнямі, паспяховымі выпускнікамі, якія становяцца прафесіяналамі ў розных галінах эканомікі.
У 2023 годзе Новаяльнянскай сярэдняй школе быў прысвоены статус “Школа міру”, у 2024-м – імя Аляксандры Шаўчук, заслужанай настаўніцы БССР, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Яе ўнучкі Марына Уладзіміраўна і Алена Уладзіміраўна падзяліліся ўспамінамі пра бабулю, выказалі пажаданні ўстанове і калектыву.
Прадаўжаецца школьная гісторыя і ў вучнях. У кастрычніку 2024 года ў рамках работы Асацыяцыі школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь яны прымалі ўдзел у міжнародным форуме Саюзнай дзяржавы ў Калінінградзе. З’яўляюцца пераможцамі абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў, сярод якіх абласны этап рэспубліканскага конкурсу камп’ютарных распрацовак “Патрыёт.by”, рэспубліканскія конкурсы навукова-тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект”, “Энергамарафон”, міжнародныя “Таленты 21 стагоддзя”, “Расія і Беларусь: агульная гісторыя, агульны лёс”, “Без тэрміну даўнасці” (з далейшым знаходжаннем на фінале ў Маскве). Аляксандра Якшук была ўдзельніцай культурна-патрыятычнага праекта “Цягнік Памяці-2025”. Навучэнцы з Наваельні неаднаразова з’яўляліся ўдзельнікамі адукацыйных змен у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, атрымлівалі рэкамендацыі назіральнага савета для залічэння ў ВНУ без уступных іспытаў, з’яўляюцца лаўрэатамі прэмій Беларускага дзіцячага фонду, прэміі Міру, двойчы лаўрэатамі прэміі Дубко.
У час урачыстасці словы шчырай удзячнасці за прыгожую, дагледжаную сучасную школу, дзе ў сталовай частуюць смачнымі стравамі, прагучалі ў адрас тэхнічнага персаналу і павароў.
У дзень свята ніхто не застаўся без цёплай увагі і сардэчных віншаванняў, развітваліся да наступных сустрэч, а яны абавязкова будуць, бо Новаяльнянская сярэдняя школа імя А. А. Шаўчук прадаўжае свой яркі і цікавы летапіс.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае
С наступлением поздней осени на первый план выходит риск возникновения пожаров и чрезвычайных ситуаций в…
Пытанне: купляў на рынку куртку і папрасіў выдаць чэк. Прадавец сказаў, што не можа гэта…
Творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва наведаў 80-гадовую юбілярку з аграгарадка Войневічы Таісію Сакалоўскую, каб…
На территории Дятловского района завершилось специальное профилактическое мероприятие «Дом без пожара», направленное на предупреждение пожаров…
У Новаяльнянскім сельскім выканаўчым камітэце на заслужаны адпачынак урачыста праводзілі кіраўніка спраў Ірыну Каспяровіч. Ірына…
У Мінску прайшла Міжнародная спецыялізаваная выстава-кірмаш, дзе сваю прадукцыю прадставілі 160 кампаній з сямі краін…