Categories: Падзеі

Ажыццявіла мару дзяцінства

У скарбонцы ўзнагародаў былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №1 горада Дзятлава Надзеі Міхайлаўны Абрамчык — Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі БССР, шэраг абласных і раённых узнагародаў. Надзея Міхайлаўна — прадстаўніца педагагічнай дынастыі. Работа ў школе стала для яе прызваннем, натхненнем душы.

За час прафесійнай дзейнасці Надзея Міхайлаўна выхавала не адно пакаленне вучняў, якія сталі годнымі людзьмі. Мінула шмат гадоў, а яны памятаюць, паважаюць і любяць сваю настаўніцу. Нядаўна яна адсвяткавала свой юбілейны дзень нараджэння. Мы папрасілі Надзею Міхайлаўну падзяліцца ўспамінамі.

— Чаму выбралі прафесію настаўніка?

— У нашай вёсцы была пачатковая школа, дзе настаўніцай працавала Вера Іванаўна Ермалаева. Для нас, дзяцей, яна была эталонам прыгажосці. Да таго ж, сярод вяскоўцаў прафесія настаўніка лічылася самай прэстыжнай, усе марылі аб ёй. А з нашай сям’і выйшла дынастыя педагогаў: дзве мае сястры, швагер, мая дачка, пляменнік.

— Цяжка было вучыцца?

— Складана, але гэта таго варта. Вывучалі паліталогію, філасофію, стараславянскую мову. Трэба было шмат чытаць.

— Ці памятаеце свой першы ўрок?

— Першыя ўрокі — самыя складаныя і адказныя. Было і хваляванне, і страх, але ўсё праходзіць з вопытам. Калі да працы адносіцца адказна, то і вынік буде добры.

— Вашы вучні памятаюць вас як строгага і патрабавальнага педагога. Ці памятаеце вы сваіх вучняў?

— Усе мае вучні былі стараннымі, адказнымі, спартыўнымі. Слабейшыя — раўняліся на мацнейшых. Не магу паскардзіцца ні на адзін выпуск. Кожны быў па-свойму цудоўны. Мы і цяпер сустракаемся на вечарах-сустрэчах. Яны наведваюць мяне, тэлефануюць, цікавяцца пра маё жыццё. Я пра кожнага ведаю, дзе ён, чым займаецца.

— Як лічыце, праца настаўніка цяжкая ?

— Бясспрэчна, прафесія настаўніка нялёгкая. Гэта і бяссонныя ночы, і гадзіны, праведзеныя за праверкай сшыткаў. Але яна і пачэсная, бо ў нашых руках — сэрцы нашых вучняў, ад нас залежыць, якімі людзьмі яны вырастуць.

— А чаму вы дазволілі сваёй дачцэ стаць настаўніцай?

— Раіла ёй падумаць, не спяшацца прымаць рашэнне, але яна ўсё роўна выбрала такі шлях.

— Калі была б такая магчымасць, вы змянілі б сваё мінулае?

— Нічога не мяняла б. Выбрала б тую ж прафесію, пражыла б сваё жыццё яшчэ раз.

— А якія тры жаданні загадалі б?

— Хачу, каб усе былі здаровыя, каб на Зямлі быў мір, каб людзі былі дабрэйшыя.

І. ДЗЕДАВА

administrator

Recent Posts

Отвечает участковый. Кибербезопасность: основные правила

Вопрос: какая существует защита от кибермошенников? Отвечает участковый инспектор милиции Игорь Сокольник: – Кибербезопасть –…

6 часов ago

Прамая лінія і прыём грамадзян

4 чэрвеня з 11 да 12 гадзін намеснік начальніка ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага…

6 часов ago

Праект “Жамчужыны зямлі Дзятлаўскай”. Марыя Лішык: “Маладому пакаленню – дабрыні ў душы”

Чарговым прыпынкам “аўтаклуба” сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці стала вёска…

6 часов ago

Танцуй, гуляй, “Зецельскі фэст”!

Арганізатары свята сямейнага адпачынку падрыхтавалі для гасцей шмат прыемных сюрпрызаў, якія не канчаліся да позняга…

16 часов ago

Вячэрняя забаўляльная праграма: песні, рыцарскія баі, палёт на паветраным шары

Наталля АВЯРЧУК Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga #нашелучшее #нашалепшае

18 часов ago