16 чэрвеня ў райвыканкаме прайшла справаздачна-выбарная канферэнцыя Дзятлаўскага раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь”. Удзел у яе рабоце прымалі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка.



Аб дзейнасці раённага аддзялення партыі ў 2023-2025 гадах расказала яго старшыня Марына Лашкоўская:

– 2 мая 2023 года Міністэрствам юстыцыі была зарэгістравана Беларуская партыя “Белая Русь”, а 13 мая на пасяджэнні Вышэйшага палітычнага Савета партыі было прынята рашэнне аб стварэнні яе арганізацыйных структур ва ўсіх раёнах рэспублікі. Ужо 26 мая на Дзятлаўшчыне адбылася ўстаноўчая канферэнцыя, на якой прынята рашэнне аб стварэнні Дзятлаўскага раённага аддзялення Гродзенскай вобласці Беларускай партыі “Белая Русь” з правам юрыдычнай асобы, а 27 чэрвеня яно было зарэгістравана ў Галоўным упраўленні юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. З гэтага часу і пачаўся адлік дзейнасці.

Паводле Устава членаў партыі на добраахвотных пачынаннях аб’ядноўваюць адзіныя мэты і задачы па фарміраванні і выяўленні палітычнай волі грамадзян, прадстаўленні іх інтарэсаў у дзяржорганах. Цяпер у саставе раённага аддзялення – 289 чалавек. За справаздачны перыяд мы прынялі ўдзел у розных мерапрыемствах, большасць з якіх было прысвечана знакавым падзеям у гісторыі Беларусі, мела важкае грамадскае значэнне. Рэалізоўваліся і непасрэдна партыйныя праекты, такія як “Час моцных”, “Прэзідэнцкая рэспубліка”. Па пастанове Гродзенскага абласнога аддзялення аказана спонсарская дапамога на суму 500 рублёў са сродкаў раённага аддзялення на рэканструкцыю музея імя Калініна сярэдняй школы № 5 горада Гродна, у рамках акцыі “Спіна да спіны” – гуманітарная дапамога жыхарам Курскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Шмат увагі надаецца падрастаючаму пакаленню і ўразлівым катэгорыям грамадзян. Гэта ўдзел у дабрачынных мерапрыемствах, рэспубліканскіх акцыях “Нашы дзеці”, “Ад усёй душы”, патрыятычных мерапрыемствах і юбілейных да 80-годдзя вызвалення Беларусі і Вялікай Перамогі, многіх іншых. Члены партыі рэгулярна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах па добраўпарадкаванні помнікаў, дыялогавых пляцоўках, аўтапрабегах, актыўна ўключыліся ў кампанію па выбарах Прэзідэнта. Зроблена сапраўды шмат, многія праекты прадаўжаюцца. Сярод іх “Дзятлаўшчына памятае”, марафон па добраўпарадкаванні. Сёння дзякую ўсім партыйцам за работу, падтрымку і ўзаемадзеянне, сумесную рэалізацыю планаў і ідэй. Многае ў нас яшчэ наперадзе: увагу трэба звярнуць на павелічэнне колькасці членаў і кірункі ў рабоце, якія спрыяюць захаванню гістарычнай памяці, стваральнай дзейнасці на карысць краіны. Дзякуй за работу.

Са справаздачай аб дзейнасці кантрольна-рэвізійнай камісіі выступіла яе старшыня Таццяна Нікіпорчык.

Шляхам адкрытага галасавання ўдзельнікі канферэнцыі вызначылі састаў Савета Дзятлаўскага раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь”, у які ўвайшлі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Ала Гародка, дырэктар Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Вольга Бойка, кіраўнік раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый Святлана Панасюк.

На пасаду старшыні раённага аддзялення партыі члены савета прапанавалі і аднагалосна падтрымалі пры галасаванні кандыдатуру Аляксандра Бараноўскага. Ён падзякаваў аднапартыйцам за аказаны давер.


Андрэй Садоўскі павіншаваў Аляксандра Станіслававіча з абраннем і выказаў словы ўдзячнасці Марыне Яўгенаўне за паспяховую работу.


Былі выбраны кантрольна-рэвізійная камісія і дэлегаты для ўдзелу ў абласным і рспубліканскім форумах. Так, на III справаздачна-выбарнай канферэнцыі Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” Дзятлаўшчыну прадставяць Аляксандр Бараноўскі, Марына Лашкоўская, Вадзім Бялятка, а на ІІІ пазачарговым з’ездзе Беларускай партыі “Белая Русь” – Аляксандр Бараноўскі і Марына Лашкоўская.



На развітанне новаму актыву і членам партыі пажадалі міру, дабра і стваральнай дзейнасці на карысць Радзімы.

Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga