Жнівень – хвалюючы месяц для моладзі, якая заступае на першыя працоўныя месцы. Значнае папаўненне ў 2026 годзе сустракаюць у сферы адукацыі Дзятлаўшчыны: па першы працоўны вопыт у наш раён прыбылі 22 маладыя спецыялісты.

– Па традыцыі мы ўрачыста прымем моладзь у настаўніцкую сям’ю раёна на жнівеньскай педагагічнай нарадзе, – расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская. – Аднак гэта не значыць, што цяпер ім не надаецца належнай увагі. Да пачатку новага навучальнага года вырашаем бытавыя, арганізацыйныя, сацыяльныя пытанні, якія заўжды звязаны з пачаткам работы маладых спецыялістаў. За кожным з іх замацавалі старэйшага калегу-куратара, які не толькі дапамагае знаёміцца з калектывам, установай, асноўнымі патрабаваннямі, але і заўжды падкажа, паслужыць прыкладам у рабоце. Школа настаўніцтва спрыяе адаптацыі ў прафесіі, а гэта вельмі важна для моладзі, бо толькі ўпэўнены ў сабе, матываваны спецыяліст можа паспяхова рэалізавацца на педагагічнай ніве, дзе кожны дзень патрабуе новых ідэй, цярпення, неардынарных падыходаў, засяроджанасці, адказнасці, творчасці, крэатыву.   

У гэтым годзе ў раён прыйшло дзевяць выхавальнікаў дашкольнай адукацыі. Кожны з іх, як і іншая моладзь, ужо замацаваны за пэўнай установай. Так, калектыў дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава папоўнілі тры маладыя выхавальнікі, працаваць у дзіцячым садзе № 1 горада Дзятлава пачынаюць два, а яшчэ музычны кіраўнік і кіраўнік фізічнага выхавання. Маладых спецыялістаў-выхавальнікаў сустракаюць у Новаяльнянскім, Казлоўшчынскім, Гезгалаўскім, Дварэцкім дзіцячых садах.

Педагагічную сям’ю сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча папоўнілі настаўніцы англійскай мовы і пачатковай адукацыі. У Новаяльнянскай сярэдняй школе імя А. А. Шаўчук пачынаюць сваю кар’еру настаўніца рускай мовы і літаратуры і два настаўнікі англійскай мовы, а таксама педагог-псіхолаг. Прыступае да работы настаўніцай англійскай мовы ў сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы яшчэ адна маладая спецыялістка. У Гезгалаўскую сярэднюю школу імя М. І. Нядзеліна прыйшла настаўніца пачатковых класаў. Вучыць дзяцей англійскай мове і фізічнай культуры ў Дварэцкай сярэдняй школе будуць яшчэ два маладыя настаўнікі. Настаўнік фізкультуры сёлета прыйшоў працаваць у Круцілавіцкую базавую школу. Маладога педагога дашкольнай адукацыі сустракаюць у калектыве Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Аддзел адукацыі райвыканкама і настаўнікі раёна жадаюць маладым спецыялістам поспехаў у выбранай справе, цікаўных навучэнцаў, важкіх дасягненняў і каб любоў да атрыманай прафесіі яны пранеслі ў сваіх сэрцах праз усё жыццё, а Дзятлаўшчына стала для іх куточкам, дзе хочацца жыць і працаваць.

Ірына СТЫРНІК     

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации