У Мінскім міжнародным выставачным цэнтры “Белэкспа” адбыўся пазачарговы IV з’езд Беларускай партыі “Белая Русь”, які сабраў каля 600 дэлегатаў з усіх куткоў нашай краіны. Ім належала прыняць абноўленую праграму партыі.
Дзятлаўшчыну на форуме прадстаўлялі старшыня раённага аддзялення Гродзенскай вобласці Беларускай партыі “Белая Русь”, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, яго намесніца, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, член прэзідыума, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова.
– Нягледзячы на тое, што наша партыя яшчэ маладая, яна ўжо аб’ядноўвае 84 тысячы аднадумцаў, якія падтрымліваюць палітычны курс Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, задаюць тэмп палітычнага будаўніцтва ў краіне, з’яўляюцца сувязным звяном паміж грамадствам і дзяржавай, засяроджаны на рэалізацыі значных для грамадзян і Айчыны праектаў і спраў, – адзначыў Аляксандр Бараноўскі. – Беларуская партыя “Белая Русь” і надалей будзе ісці ў нагу з часам, наш партыйны рух выходзіць на новы ўзровень, што пацвердзіла аднагалоснае прыняцце дэлегатамі IV пазачарговага з’езда абноўленай праграмы патрыі. Гэта стратэгічны дакумент з шасці блокаў, у якім сінхранізаваны дзяржаўныя прыярытэты і рашэнні Усебеларускага народнага сходу, улічаны ключавыя напрамкі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026-2030 гады. Адпаведна абноўленая партыйная праграма ўключае такія сферы дзейнасці, як палітычны ўдзел, сацыяльная і рэгіянальная палітыка, моцная эканоміка і лічбавізацыя, нацыянальная бяспека, міжнароднае супрацоўніцтва. Важнымі рашэннямі з’езда сталі таксама змяненне статута Беларускай партыі “Белая Русь”, выбар Вышэйшага палітычнага савета і Цэнтральнай кантрольна-рэвізійнай камісіі.
Мы моцныя, калі адзіныя. Як адзначыла ў час выступлення кіраўнік партыі Вольга Чамаданава, стратэгічнай мэтай дзейнасці застаецца кансалідацыя грамадства і дзяржаўных органаў. Прынцыпова важна пры гэтым імкнуцца да ўвасаблення ў жыццё мэтаў і ідэй Прэзідэнта, захоўваць суверэнную дзяржаву, узбагачаць і развіваць яе. Нездарма, ведучы размову аб беларускім грамадстве, Вольга Чамаданава падкрэсліла: “Мы хочам, каб рэальная палітыка ў краіне ажыццяўлялася не ў віртуальных чатах і пабліках, а сумленна, вочы ў вочы, на аснове дыялогу паміж прадстаўнікамі пакаленняў беларусаў”. Толькі агульнымі намаганнямі і рэальнымі справамі можна дабіцца поспехаў, зрабіць нашу краіну больш прыгожай і камфортнай для жыцця.
Яшчэ старшыня партыі адзначыла, што пры абнаўленні праграмы ўвага надавалася рэгіёнам, бо моцныя рэгіёны – гэта падмурак, які служыць для развіцця абласцей, значыць, і краіны ў цэлым, а ў кожнага з беларускіх раёнаў – свае асаблівасці і кропкі для росту.
У фокусе ўвагі будзе знаходзіцца таксама эканамічнае развіццё Беларусі, важны складальнік якога – тэхналагічны суверэнітэт, рабатызацыя, лічбавізацыя эканомікі, бяспека і ўстойлівае развіццё. Як гэта ўлічана ў праграме, таксама абмеркавалі на форуме.
Пагаварылі і пра міжнароднае супрацоўніцтва, абазначыўшы каналы партыйнай дыпламатыі, у аснове наладжвання якіх павінен быць прамы і ўстойлівы дыялог. Упэўнены, што гэта правільнае і аптымальнае рашэнне ў наш неспакойны час, калі многія дзяржавы стараюцца адшукаць саюзнікаў і кропкі апоры. Нездарма ўжо цяпер у Беларускай партыі “Белая Русь” ёсць сябры на міжнароднай арэне: у адрас яе на форуме паступілі вітальныя адрасы ад вядучых палітычных партый трынаццаці сяброўскіх Беларусі краін, сярод якіх Расія, Кітай, Азербайджан, Куба, Венесуэла, іншыя.
Цяпер абмеркаваныя мэты і задачы мы, удзельнікі форуму, будзем рэалізоўваць у сваіх раёнах і абласцях, рухаючыся да новых вынікаў і дасягненняў.
Напрыканцы хочацца ўзгадаць і пра прыемны момант форуму, які дадаў яго ўдзельнікам пазітыўных эмоцый і нагадаў, наколькі беларусы мудры, моцны, працавіты народ. У час сустрэчы адбылося ўрачыстае адкрыццё інтэрактыўнай фотавыставы “Незгібальныя. Фоталетапіс подзвігу”. Першы яе блок “Пасля попелу – жыццё” быў прысвечаны жанчынам, якія ўзнімалі з руін заводы, аралі палі, вучылі дзяцей у пасляваенныя гады. Другі “Сталь і пяшчота” – сучасным працаўніцам вёскі, горада, высокатэхналагічных вытворчасцяў, іншых сфер. Выстава гэта з’яўляецца часткай маштабнага праекта Беларускай партыі “Белая Русь” і Нацыянальнай бібліятэкі пад назвай “Заслуга. Прызнанне. Будучыня”, прысвечанага Году беларускай жанчыны.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga