З 1 верасня 2025 года ў школах Беларусі плануецца абмежаваць выкарыстанне смартфонаў навучэнцамі.
Больш падрабязна пра гэта расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская:
– Работа па абмежаванні выкарыстання гаджэтаў у школах праводзіцца не першы год. Яна была распачата яшчэ ў 2022 годзе, калі ўступіў у сілу Дзяржаўны школьны стандарт. Дакумент утрымлівае асобную главу, прысвечаную правілам выкарыстання мабільных прыстасаванняў.
Згодна з ёю, дзецям у будынку ўстановы адукацыі неабходна ставіць мабільныя тэлефоны ў рэжым вібравыкліку ці бясшумны. Норма гэта распаўсюджваецца на вучэбныя, факультатыўныя, стымулюючыя, падтрымліваючыя заняткі, у тым ліку заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах, і пазакласныя мерапрыемствы. Пры гэтым гаджэт павінен знаходзіцца не ў кішэні, на парце ці ў рукзаку, а ў спецыяльна адведзеным для гэтага месцы.
Як правіла, у навучальных кабінетах ёсць кантэйнеры, дзе навучэнцам на час заняткаў неабходна пакідаць свае тэлефоны, паставіўшы іх у бясшумны рэжым.
Ва ўстановах адукацыі Дзятлаўшчыны ўжо прадумалі сістэму, як забяспечыць захаванасць гаджэтаў на працягу вучэбнага дня: найчасцей ячэйкі для гэтага ўстаноўлены ў зоне відэаназірання, а збіраць і выдаваць тэлефоны будзе асобны супрацоўнік. Пры ўзнікненні неабходнасці ці пазаштатных сітуацый, якія патрабуюць сувязі з бацькамі, з дазволу такога супрацоўніка можна будзе скарыстацца смартфонам да заканчэння ўрокаў.
Варта адзначыць, што з гэтых правілаў будуць выключэнні. Яны тычацца дзяцей, якія маюць патрэбу ў гаджэтах па стане здароўя: для кантролю ўзроўню цукру ў крыві пры цукровым дыябеце першага тыпу, пры некаторых іншых хваробах.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga