Фотаздымкі – сведкі гісторыі чалавека, калектыву, арганізацыі, эпохі. Праз гады і дзесяцігоддзі яны даюць магчымасць ратаўнікам узгадаць самыя яркія моманты, падзеі, эмоцыі, саслужыўцаў і тое, як развівалася, мадэрнізавалася пажарная служба Дзятлаўшчыны, заснаваная на прынцыпах мужнасці, братэрства і ўзаемнай падтрымкі.
Як вядома, былых ратаўнікоў не бывае. Нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях заўжды ў страі і на сувязі са сваім калектывам.
Так і жыхар гаспасёлка Казлоўшчына Міхаіл Макарчык, які даўно развітаўся з родным пажарным аварыйна-выратавальным пастом № 11, час ад часу заходзіць у госці да саслужыўцаў. Гэтым разам – каб расказаць пра фотаздымак, дзе ён з’яўляецца галоўным героем, і пра тое, якой была пажарная служба раёна больш за трыццаць гадоў таму.
– Гэта апошні дзень маёй работы, – пачынае аповед Міхаіл Міхайлавіч. – Фотаздымак зрабілі на памяць, калі праводзілі мяне са службы на пенсію. Побач са мной саслужыўцы – вопытны прапаршчык унутранай службы Аляксандр Трайнель, з якім доўгі час працавалі разам, і маладая змена – сяржант Алег Грышук.

Міхаіл Макарчык расказвае, што прамой сцежкай да пажарнай службы стала служба на ваенна-марскім флоце матросам, дзе на практыцы даведаўся, што такое пажарныя ствалы і як тушыць узгаранне. Дэмабілізаваўся з упэўненасцю, што хоча стаць пажарным, аднак адразу працаўладкавацца не атрымалася. Некаторы час ён працаваў па грамадзянскай прафесіі, пакуль не атрымаў запаветную прапанову.
– За станаўленне ў прафесіі ўдзячны былому начальніку паста ў Казлоўшчыне Сцяпану Рыгоравічу Дзянісіку, які запрасіў мяне на службу і дапамог асвоіцца. Гэта легендарная асоба нашага раёна: 37 гадоў ён прысвяціў пажарнай службе, каля 32-х – на пасадзе кіраўніка. Ён непасрэдна ўдзельнічаў у будаўніцтве часці ў гарпасёлку, уклаў душу ў гэту справу, – расказвае мужчына.
Міхаіл Макарчык пачынаў службу інструктарам прафілактыкі, з часам перайшоў у змену, быў начальнікам каравула.
Ён узгадаў нямала падзеяў, якімі адзначыліся дзесяцігоддзі службы. Тады, як і цяпер, былі і баявыя выезды, і інспекцыйна-прафілактычная работа з насельніцтвам, якую абавязкова вёў кожны пажарны. Аднак самымі запамінальнымі былі і застаюцца першыя пажары, якія давялося тушыць.
– Помню свой першы вопыт, калі выязджалі на тушэнне гаспадарчай пабудовы. Здавалася б, нічога такога, але збудаванне па перыметры было абкладзена сухімі дровамі. Справіліся з сітуацыяй, і тады я зразумеў, што гэта маё, – прадаўжае Міхаіл Міхайлавіч.
А сапраўдным жыццёвым экзаменам для яго стаў выезд у поле на жніво, на тушэнне камбайна, які загарэўся ад замыкання электраправодкі.
– Я яшчэ нявопытны, а тут тэхніка ў полі вялікая, уся палае, салярка клякоча, быццам у танку. Было страшнавата, мала вопыту. Спрабавалі спачатку тушыць вадой – безвынікова, пакуль не ўключылі пену, і тады адолелі пажар.
Міхаіл Макарчык з цеплынёй узгадвае родны калектыў, дзе заўсёды панавалі дружба і ўзаемная падтрымка. З гадамі ваенізаваная служба рэарганізавалася ў МНС, мяняліся кіраўнікі, абнаўляўся калектыў, але нязменным заставалася адно: кожны, хто служыў у Казлоўшчыне, душой гарэў за сваю справу і таварышаў.
– Дзяжурылі, а ў вольны час займаліся ўладкаваннем свайго паста: нават вучэбную вежу для практычных заняткаў самі будавалі. Помню і паважаю кожнага, з кім служыў, шкада, што некаторых ужо няма ў жывых. Затое радуе маладая змена: прыходзяць на службу ўжо дарослыя дзеці заслужаных ратаўнікоў, а значыць, і наша справа будзе жыць.
У гэтыя выхадныя Міхаіл Макарчык адзначае адразу два святы – Дзень пажарнай службы і Дзень ваенна-марскога флоту. Усіх, хто як і ён мае дачыненне да службы, мужчына віншуе са святам, традыцыйна жадае сухіх рукавоў, моцнага здароўя і ўсім беларусам – мірнага неба над галавой.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #Дятловщина