Першы абласны злёт блогераў “ГроднаМедыяДжэм” праходзіць у горадзе над Нёманам.
На адной пляцоўцы ён сабраў больш за 100 стваральнікаў сеткавага кантэнту. Удзельнікі абменьваюцца вопытам па вядзенні сваіх блогаў у інтэрнэце з прафесійнымі журналістамі з рэдакцый сродкаў масавай інфармацыі.
Мерапрыемства было ініцыявана галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама сумесна з ГрДУ імя Я. Купалы, абкамам ГА “БРСМ”, рэдакцыяй “Гродзенскай праўды”.
У праграме сустрэчы таксама абмеркаванне важных пытанняў развіцця інфармацыйнай прасторы і конкурс па стварэнні ролікаў для TikTok-акаўнтаў сродкаў масавай інфармацыі Гродзеншчыны.
Дзятлаўскі раён на форуме прадставілі вядомы блогер, педагог дадатковай адукацыі Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Роберт Асіпук, дзве ўдзельніцы клуба “Юны журналіст” раённай газеты “Перамога” – навучэнкі сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы Аляксандра Кармільчык і Ганна Лаўрэнцьева, а таксама аграблогер з ААТ “Граніт-Агра” Дзяніс Трафімчык.
Сваімі думкамі наконт стварэння кантэнту з журналістамі сродкаў масавай інфармацыі падзяліўся Роберт Асіпук – блогер, аўдыторыя якога складае каля пяці мільёнаў чалавек:

– Блогасфера – гэта тое, што адлюстроўвае ўнутраныя інтарэсы чалавека, і пра гэта важна памятаць, ствараючы свой кантэнт. У мяне, напрыклад, кантэнт мастацкі, бо па адукацыі я дызайнер, мне падабаецца маляваць. У цэлым мой шлях у блогерства пачаўся са звычайнага пошуку, чым яшчэ заняцца. Я захацеў паказаць іншым, што ўмею, навучыць таму, што раблю сам. Людзі пісалі каментарыі, дзякавалі за тое, што таксама вярнуліся да ранейшага захаплення. Я кіраўнік студыі выяўленчага мастацтва “Перспектыва”, гуртка камп’ютарнай графікі, і многія навучэнцы, з якімі займаюся, паступаюць на адпаведныя спецыяльнасці. Ёсць нават такія, хто ў дванаццаць гадоў мае па шэсцьдзясят тысяч падпісчыкаў.
Ведаю многіх маладых людзей, якія імкнуцца быць папулярнымі і сутыкаюцца з вялікай колькасцю праблем: відэа не “заляцела” ці яшчэ што-небудзь пайшло не так – матывацыя ў іх падае. Аднак, калі ты ідзеш у блогасферу, таму што падабаецца гэты занятак, то не зважаеш на дробныя няўдачы, якія стопрацэнтна будуць у кожнага. Ёсць блогеры, у якіх на працягу некалькіх гадоў па пяцьдзясят-сто тысяч падпісчыкаў, а потым – мільён.
Ірына СТЫРНІК
Фота ўдзельнікаў
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#блогер #Дятловщина #нашелучшее #нашалепшае