22 жніўня гасцінны гарпасёлак Воранава ператварыўся ў сапраўдную кулінарную сталіцу Гродзеншчыны – тут грымеў і курэў духмяным парам бульба-фэст “Воранаўскі дранік”.

Творчая дэлегацыя культуры Дзятлаўскага раёна стала адной з самых яркіх і смачных лакацый фестывалю. Нашы майстрыхі шчодра дзяліліся ўнікальнымі сакрэтамі і старажытнымі рэцэптамі прыгатавання страў з таркаванай бульбы, якія з пакалення ў пакаленне беражліва захоўваліся ў вёсках Дзятлаўшчыны. Было прадстаўлена пяць рэцэптаў, якія ўвайшлі ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Галоўным кулінарным сюрпрызам лакацыі стала ўнікальная магчымасць пакаштаваць сапраўдныя беларускія дранікі проста “з пылу з жару”.

У клапатлівых руках Таццяны Дудкінай, захавальніцы і носьбіце элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны, простая дзятлаўская бульба ператваралася ў залацісты цуд. Шкварчэлі патэльні, віўся залацісты дымок, на вачах у захопленых гасцей выпякаліся хрумсткія, духмяныя і сакавітыя дранікі. Адзін толькі водар вабіў да дзятлаўскага падвор’я чэргі людзей, а частаванні разляталіся за лічаныя хвіліны.


Народная творчасць Панямоння – гэта не толькі песні, рамёствы і танцы, але і багатая жывая кулінарная спадчына, якая яднае сэрцы і дорыць сапраўднае свята смаку.




Дзякуем усім, хто завітаў на наш духмяны агеньчык!
Марына ЛУКІЯНЕЦ,
загадчык метадычнага аддзела
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga