Дабрачынная рэспубліканская акцыя “Нашы дзеці” спяшаецца завітаць у кожную ўстанову і арганізацыю, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі чакаюць навагодніх сюрпрызаў.

Па добрай традыцыі штогод прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і валанцёры Дзятлаўшчыны абавязкова наведваюць дзіцячае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы, каб і тут маленькія пацыенты сустрэліся з Дзедам Марозам і Снягурачкай, павадзілі карагоды, павесяліліся.

Не стаў выключэннем і гэты год: з падарункамі і пажаданнямі моцнага здароўя да юных дзятлаўчан, якія напярэдадні святаў праходзяць лячэнне, прыйшлі першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык і супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Анастасія Лагуцік і Алег Конан. Не абышлося і без галоўных навагодніх герояў, у ролі якіх выступілі работнікі Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

– Вам крышку не пашанцавала, што перад Новым годам знаходзіцеся не дома, аднак нашы чараўнікі-медыкі зробяць усё, каб вы паправіліся і сустрэлі святы з блізкімі, будзьце здаровыя, – звярнулася да маленькіх пацыентаў моладзевы лідар раёна.

Да яе словаў далучыліся і ратаўнікі, якія зычылі спаўнення самых запаветных мараў і бяспечных зімовых забаў. Віншаванні і шчырыя пажаданні ад гасцей прагучалі і ў адрас персаналу бальніцы.

Калі ж дзятва паклікала Дзядулю Мароза, пачаліся вясёлыя гульні і танцы, не абышлося і без традыцыйнага чытання вершаў. Ніводнае дзіця не засталося без цукерак і падарункаў.

Наступным адрасам, куды паспяшаліся дабрадзеі, быў сацыяльна-педагагічны цэнтр горада Дзятлава, дзе да іх далучыўся начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык.

Выхаванцы прытулка таксама атрымалі салодкія падарункі, вялікі кошык з садавіной ад моладзевай арганізацыі, зарад добрага настрою і цёплыя пажаданні, якія прагучалі яшчэ і для педагогаў установы.

Наступны прыемны сюрпрыз у гэты дзень чакаў навучэнку сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы Марыну Малышчык, якая гадуецца ў замяшчальнай сям’і Людмілы Асіпук-Фатон. Кацярына Хілімончык уручыла дзяўчынцы салодкі падарунак ад раённай арганізацыі ГА “БРСМ”.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #нашидети

Похожие публикации