Рэспубліканская навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” крочыць па Дзятлаўшчыне, і ў гэты час коджны дарослы можа стаць для дзяцей добрым чараўніком.
У пераднавагоднія дні пажаданні і мары маленькіх дзятлаўчан выконвалі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская.

Яны завіталі ў сацыяльныя ўстановы раёна, маленькім насельнікам якіх асабліва патрэбны ўвага і навагоднія цуды.

Выхаванцы цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі атрымалі ў падарунак гульнявое развіваючае абсталяванне, а таксама куфэркі з цукеркамі і найлепшымі пажаданнямі. Дырэктар установы Марына Гуговіч расказала пра поспехі педагогаў і навучэнцаў, у ліку якіх – перамога ў рэспубліканскім конкурсе. Яна падзякавала кіраўніку раёна за пастаянную падтрымку і ўвагу да навучальнай установы, дзе займаюцца асаблівыя дзеці. Госці сумесна з выхаванцамі і педагогамі склалі свой вянок навагодніх пажаданняў.










У сацыяльна-педагагічным цэнтры разам з Андрэем Садоўскім і Марынай Лашкоўскай дзяцей віншавалі Дзед Мароз і Снягурачка, з якімі маленькія і юныя насельнікі ўстановы вадзілі карагоды і гулялі ў гульні.








Андрэй Уладзіміравіч павіншаваў калектыў цэнтра і яго жыхароў з надыходзячымі чароўнымі святамі:

– Новы год – гэта час, калі ўсім хочацца верыць у цуды, весяліцца, загадваць самыя смелыя жаданні. Хачу пажадаць, каб вашы мары абавязкова збыліся ў надыходзячым годзе і вы былі шчаслівыя.

Разам з Марынай Яўгеньеўнай ён уручыў калектыву цэнтра гульнявое абсталяванне і спартыўны інвентар, а кожныму з дзяцей – падарунак, аб якім яны прасілі Дзеда Мароза.


Гасцям прапанавалі пазнаёміцца з бытавымі ўмовамі, абнаўленнямі, якія адбыліся сёлета пры падтрымцы раённага бюджэту.


У вялікім гасцінным доме, дзе жывуць прыёмныя бацькі-выхавальнікі Марына і Аляксандр Русаўскія і дзесяць дзяцей, пануе атмасфера любові, клопату і добразычлівасці.

Дзеці расказалі кіраўніку раёна пра свае поспехі ў вучобе і спорце, аб тым, як дапамагаюць бацькам.


Андрэй Уладзіміравіч пажадаў вялікай сям’і здароўя, дабрабыту, смелых мараў і высокіх дасягненняў і ўручыў падарункі, якія дададуць утульнасці, стануць памочнікамі гаспадару і гаспадыні – гэта машына для мыцця посуду і сучасная газонакасілка, а таксама садовыя прылады і рэчы для дома, аб якіх прасіла сям’я.

Марына Лашкоўская таксама павіншавала дружную сям’ю з надыходзячымі Калядамі і Новым годам і ўручыла дзецям падарункі.

– Мы заўсёды адкрытыя для вас, гатовы падтрымаць не толькі ў навагоднія святы, а ў любы час, – адзначыў старшыня райвыканкама.




Марына і Аляксандр Русаўскія падзякавалі гасцям за цёплыя словы і падтрымку, падарылі на памяць календары на наступны год.


Цуды толькі пачынаюцца: у гэтыя навагоднія святы ні адно дзіця на Дзятлаўшчыне, як і ва ўсёй Беларусі, не застанецца без увагі і падарунка. У гэтым дапамогуць добрыя чараўнікі – работнікі калектываў і члены грамадскіх арганізацый раёна.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #нашидети