Пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі адбылося пасяджэнне міжведамаснага каардынацыйнага савета па фізічнай культуры, спорце і турызме пры райвыканкаме. Вадзім Аляксандравіч засяродзіў увагу прысутных на змяненнях, якія чакаюць сферу турызму, бо менавіта яна павінна стаць адным з прыярытэтных кірункаў эканомікі Беларусі ў новай пяцігодцы.




Вынікі работы ў 2025 годзе падвяла і абазначыла задачы на 2026-ы галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка. Падкрэсліла, што год разглядаецца не толькі як каляндарны, але і як завяршальны па рэалізацыі стратэгіі развіцця турызму ў Дзятлаўскім раёне, яго пазнавальнага аблічча на ўзроўні рэспублікі для папулярызацыі раёна сярод турыстаў на 2024-2025 гады, якая была зацверджана рашэннем каардынацыйнага савета. Асноўнымі кірункамі папулярызацыі сталі Дзятлаўшчына гасцінная, гераічная, таямнічая, незвычайная. За вызначаны перыяд у турызма раёна з’явіўся свой брэнд – вобраз Дзятліцы. У 2024 годзе стартам праграмы “Па слядах герояў” пакладзены пачатак напрамку “Дзятлаўшчына гераічная” з паслугамі “На прывале”, “На сонечнай палянцы”, маршрут прэзентаваны на міжнародным кірмашы турпаслуг “Адпачынак-2024”. Па кірунку “Дзятлаўшчына гасцінная” Дварэцкі дом культуры прапануе анімацыйную праграму “Шчыра вітаем, у госці запрашаем”, якую сёлета наведалі 14 тургруп (196 чалавек) пры ўзаемадзеянні з расійскім тураператарам “Пілігрым”, госці з Узбекістана, прадстаўлены кірунак і праз майстар-класы, падзейныя мерапрыемствы, іншыя праграмы. “Дзятлаўшчыну таямнічую” можна адкрыць праз экскурсіі, у тым ліку з аўдыягідам. Сёлета ў раёне па тэме “Мястэчка Дзятлава” з’явіўся новы атэставаны экскурсавод Вераніка Паўлоўская. Дзякуючы сумеснай рабоце з ГрДУ імя Я. Купалы, распрацавана экскурсія “Дзятлаўшчына гераічная і непаўторная”, па якой таксама можна атэставацца ў якасці экскурсавода. Раён паспяхова прэзентаваў турыстычны патэнцыял на выставе “Адпачынак-2025”, для чаго было выпушчана 14 відаў лістовак аб маршрутах, праграмах выхаднога дня, паслугах і чатыры віды ўнікальнай сувенірнай прадукцыі, а па выніках удзелу распрацаваны і накіраваны для супрацоўніцтва шэсць праграм тураў выхаднога дня. Па кірунку “Дзятлаўшчына незвычайная” ў маі адкрыты маршрут “Зялёнымі сцежкамі Ліпічанскай пушчы”. Вынікова прайшла штогадовая акцыя “Вандруй, адчуй, натхняйся”, удзельнікамі якой сталі 31 суб’ект турызму, 1077 чалавек, праведзены 52 мерапрыемствы. Актыўна праходзілі месячнікі па відах турызму і мерапрыемствы да 80-годдзя Вялікай Перамогі, у тым ліку велапрабег па маршруце № 489 “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы”, на якім з’явілася партызанская зямлянка. Цяпер ідзе работа над новым прадуктам – аглядавай экскурсіяй з элементамі тэатралізацыі “Штэтл – ажыўшыя гісторыі Дзятлава”, старт якой намечаны ў 2026 годзе. Прадаўжаецца работа па папулярызацыі адпачынку на Дзятлаўшчыне праз сацыяльныя сеткі, СМІ. Адным з прыярытэтных відаў застаецца аздараўленчы турызм, запатрабаваны паляўнічы і актыўны, расце папулярнасць аграэкатурызму, майстар-класаў рамеснікаў. Увесь станоўчы вопыт, у тым ліку з гістарычным аспектам стаў асновай для кнігі-запрашэння “Дзятлава – горад, які чакаў вас больш за 575 гадоў”. У перспектыве належыць прадоўжыць работу па развіцці іншых відаў турызму, укараненні новых турпрадуктаў, стварэнні кластараў. Сфера шырокая, уключае 13 відаў турызму, таму тычыцца амаль кожнай арганізацыі і ўстановы.


Аб развіцці фізкультуры і спорту на Дзятлаўшчыне расказаў загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда. Зазначыў, што цяпер у сферы працуюць 27 чалавек, функцыянуюць 100 спартыўных аб’ектаў, нядаўна гэту базу папоўнілі шматфункцыянальныя спортпляцоўкі ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, Дварэцкай сярэдняй школе, на пляжы ў Дзятлаве, у маі 2026 года мяркуецца ўвесці ў эксплуатацыю пляцоўку з трыбунамі ў Новаяльнянскай сярэдняй школе імя А. А. Шаўчук, а на стадыёне “Колас” з’явяцца электроннае табло, душавая, біятуалеты. Сёлета ў раёне праведзены 133 спартыўныя мерапрыемствы, зборныя каманды Дзятлаўшчыны паўдзельнічалі ў 111 абласных і рэспубліканскіхспаборніцтвах. Сацыяльны стандарт забяспечанасці бюджэтных расходаў на аднаго жыхара раёна складае 1,03 базавыя велічыні, спартыўнае майстэрства да ІІ-ІІІ юнацкіх разрадаў павысілі 133 навучэнцы, падрыхтаваны два выхаванцы для перадачы ў вышэйшае звяно, столькі ж увайшло ў спісачныя саставы нацзборных, працуюць тры спартыўныя класы (39 навучэнцаў). Яраш Вікторыя стала чэмпіёнкай рэспублікі ў спартакіядзе школьнікаў і атрымала абласную прэмію імя А. Дубко, жаночая валейбольная каманда перамагла ў абласных спаборніцтвах, хакейная “Алмаз” стала віцэ-чэмпіёнам рэспубліканскага турніру “Залатая шайба”. Паказчык пазабюджэтнай дзейнасці выкананы на 103,6 %. У планах на 2026 год – утрымаць планку і прадоўжыць работу па папулярызацыі спорту сярод насельніцтва, развіцці сферы.

Падводзячы вынікі пасяджэння, Вадзім Бялятка адзначыў, што ў раёне дынамічна развіваюцца спорт і турызм, у хуткім часе ў райцэнтры з’явіцца свой фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам, у больш аддаленай перспектыве мяркуецца будаўніцтва пляцоўкі са штучным лёдам.

Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае