У межах рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” ў Дзятлаўскім цэнтры культуры і народнай творчасці прайшла дабрачынная раённая ёлка, якая сабрала навучэнцаў усіх школ раёна.

Запрашэнне на навагодняе свята атрымалі выдатнікі вучобы, навуковай дзейнасці, юныя спартсмены і творцы, а таксама дзеці з прыёмных, апякунскіх і шматдзетных сем’яў, выхаванцы сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

Шчырыя пажаданні з надыходзячымі цудоўнымі святамі юныя дзятлаўчане прымалі ад кіраўніка раёна Андрэя Садоўскага:

– Усяго некалькі дзён аддзяляе нас ад новага года, і па добрай традыцыі мы падводзім вынікі года адыходзячага. Ён быў выніковым для Дзятлаўшчыны, для сістэмы адукацыі ў прыватнасці. У навучальных установах з’явіліся новыя пляцоўкі, сучасныя камп’ютарныя класы; добраўпарадкаваліся школьныя тэрыторыі, было набыта новае абсталяванне. Гэты год багаты поспехамі і дасягненнямі навучэнцаў раёна ў алімпіядах, конкурсах, спартыўных спаборніцтвах, нядаўнія з якіх – прэмія імя Аляксандра Дубко, якой былі ўдастоены адразу двое навучэнцаў раёна. Са свайго боку, мы разам з раённым выканаўчым камітэтам робім усё неабходнае, каб палепшыць матэрыяльную базу ўстановаў адукацыі, уважліва сочым за вашымі перамогамі і дасягненнямі.

Трыццаць гадоў крочыць па краіне акцыя “Нашы дзеці”, унікальнасць якой заключаецца ў тым, што дарослыя маюць магчымасць разам з падарункамі перадаць цяпло, увагу дзецям, якім гэта асабліва патрэбна. Прыемна, што яна праходзіць адначасова з яшчэ адной цёплай дабрачыннай акцыяй, закліканай павіншаваць з навагоднімі святамі людзей мудрага ўзросту. Новы год – пара цудаў, якіх мы чакаем заўсёды. І хоць мы самі дарослыя людзі, таксама верым у казку, як і ў дзяцінстве. Жадаю, каб наступны год быў яшчэ больш яркім і насычаным для вас, для чаго ёсць шмат магчымасцяў і напрацовак. Упэўнены, што 2026 год стане выніковым і плённым для сістэмы адукацыі Дзятлаўшчыны.

Таксама жадаю міру не толькі ўсім беларусам, але і нашым суседзям, у якіх пакуль што неспакойна. Шчыра жадаю ўсім вам радасці, дабрабыту, моцнага здароўя і шчасця.  

Андрэй Уладзіміравіч пажадаў, каб мара кожнага дзіцяці нашага раёна абавязкова збылася ў надыходзячым годзе.

Разам з вядучымі праграмы і артыстамі маленькія і юныя гледачы адшукалі формулу выдатнага навагодняга настрою, паспявалі добрыя песні і патанцавалі, а ўдзельнікі тэатра роставых лялек “Вясёлае свята для ўсіх” і ўзорнай студыі “Мелодыя душы” прапанавалі малечы адсвяткаваць “Новы год без інтэрнэту”.

Свята прадоўжылася вялікім карагодам вакол упрыгожанай ёлкі, у якім сабраліся кіраўніцтва раёна, школьнікі і педагогі.

Юных дзятлаўчан чакалі вясёлыя гульні, конкурсы, флэшмобы ад раённага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і роставых лялек, і абавязкова – смачныя цукеркі ад Дзядулі Мароза і Снягурачкі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #нашидети

About Author
administrator
View All Articles

Похожие публикации