Разам з чарадой навагодніх святаў на Дзятлаўшчыне прадаўжаецца рэспубліканская дабрачынная акцыя “Ад усёй душы”, закліканая акружыць увагай і клопатам пажылых грамадзян.
Гэтым разам свята завітала ў бальніцу сястрынскага догляду аграгарадка Гезгалы: пацыентаў установы наведалі з падарункамі кіраўніцтва раёна, духавенства, адміністрацыя Дзятлаўскай ЦРБ, раённага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, КСУП “Жукоўшчына”.
Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі павіншаваў усіх з навагоднімі святамі і нагадаў галоўны сэнс дабрачыннай акцыі:
– Беларусь – сацыяльна арыентаваная дзяржава: у аснову нашага ладу закладзены прынцыпы сумленнасці, духоўнасці, згодна з якімі мы з павагай і клопатам ставімся да кожнага чалавека. Аб гэтым нагадваюць цудоўныя навагоднія дабрачынныя акцыі. Кожны чалавек у сваім жыцці можа сутыкнуцца з непрадбачанымі абставінамі, патрапіць у складанае становішча, калі ўзнікае патрэба ў сацыяльных установах. Такім чынам дзяржава бярэ на сябе клопат аб сваіх грамадзянах. Сацыяльныя арганізацыі шырока прадстаўлены і на Дзятлаўшчыне, тут людзям дапамагаюць падтрымліваць здароўе, акружаюць цяплом і спагадай. Сёння створаны дастойныя ўмовы для жыхароў і пацыентаў такіх установаў, ёсць магчымасць кожны год за сродкі раённага бюджэту рабіць уклад у паляпшэнне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Невыпадкова акцыі “Ад усёй душы” і “Нашы дзеці” праходзяць у Беларусі ў пару навагодніх і калядных святаў. Да ўдзелу ў іх далучаюцца калектывы арганізацый, грамадскія аб’яднанні, валанцёры, проста нераўнадушныя людзі, якія маюць магчымасць падарыць часцінку дабрыні тым, хто найбольш мае патрэбу ў ёй. Ад кіраўніцтва раёна выказваю словы ўдзячнасці ўсім, хто не застаўся ў баку ад добрай справы. Асаблівыя словы адрасую вам, медыцынскія і сацыяльныя работнікі – людзі з вялікім сэрцам. У гэтыя святочныя дні жадаю сіл, бадзёрасці духу, моцнага здароўя, а нашай Айчыне – міру і росквіту.
У межах дабрачыннай акцыі бальніца сястрынскага догляду атрымала прыемны падарунак: з раённага бюджэту была пералічана сума ў пяць тысяч рублёў на набыццё электрычных цырульных прыладаў, гігіенічных сродкаў, а таксама салодкіх падарункаў для пацыентаў.
Да віншаванняў далучыўся благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі протаіерэй Іаан Кісель:
– Гасподзь кажа: тое дабро, што вы зрабілі на зямлі сваім бліжнім, вы зрабілі для мяне. Таму акцыі, якія цяпер праходзяць у нашай краіне, уратавальныя для іх ініцыятараў і ўдзельнікаў. Яшчэ раз сардэчна віншую ўсіх з Новым годам і Нараджэннем Хрыстовым. Жадаю вам сіл цялесных і выратавання душы.
Па добрай традыцыі са свежымі яблыкамі з садоў КСУП “Жукоўшчына” да сваіх падапечных завітала галоўны спецыяліст арганізацыі Ірына Красоўская.
Артысты Гезгалаўскага дома культуры разам з навучэнцамі Гезгалаўскай сярэдняй школы падрыхтавалі для пацыентаў бальніцы святочную канцэртную праграму.
Па завяршэнні мерапрыемства госці наведалі ў палатах пацыентаў, якія не змаглі прысутнічаць на канцэртнай праграме. Кіраўнік раёна пагутарыў з персаналам бальніцы аб надзённых справах, пажаданнях па ўмовах работы.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga