У рамках дабрачыннай навагодняй акцыі “Ад усёй душы” свята завітала ў кватэру і дом сумеснага самастойнага пражывання аграгарадка Гезгалы Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.


Да людзей мудрага ўзросту з падарункамі і віншаваннямі прыехалі старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” Аляксандр Бараноўскі, намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Вадзім Бялятка, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, галоўны спецыяліст КСУП “Жукоўшчына” Ірына Красоўская, загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ЦСАН Дзятлаўскага раёна Іна Петрукевіч. У аграгарадку да іх далучыліся мясцовыя работнікі культуры.


Гезгалы – не першы пункт прыпынку “эстафеты добрых спраў” на Дзятлаўшчыне. Дабрадзеі ўжо паспелі павіншаваць і ўручыць святочныя падарункі многім дзятлаўчанам у розных кутках нашага раёна. Клопат і ўвага да старэйшага і малодшага пакаленняў – тое, што аб’ядноўвае нас у перыяд зімовых святаў. У доме і кватэры сумеснага самастойнага пражывання падарункі ўручаны чатырнаццаці атрымальнікам сацыяльных паслуг.

– Мы прыехалі пажадаць вам здароўя, бадзёрага даўгалецця, каб жылі вы ў міры і згодзе, цяпле і дабрыні, няхай ажыццявіцца ўсё, чаго самі жадаеце, – павіншаваў Аляксандр Бараноўскі.

– На маё пытанне, як жывецца, вы адказалі, што ўсё добра, а гэта пацвярджае той факт, што ў Беларусі вялікая ўвага надаецца сацыяльнай абароне насельніцтва, – зазначыў Вадзім Бялятка. – Сёння людзі пажылога ўзросту, як вы, а такіх у Гродзенскай вобласці і краіне даволі шмат, маюць магчымасць жыць у сацыяльных установах ва ўтульнасці і цяпле, з належным доглядам, і гэта вельмі важна.

Ад імя раённага выканаўчага камітэта, раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь”, аднайменнага грамадскага аб’яднання мы віншуем вас са святамі, жадаем моцнага задроўя, дабрабыту, шчасця, жывіце дружна, падтрымлівайце адзін аднаго.


– Няхай кожны дзень дорыць здароўе, радасць, мір, дабро, прыемна бачыць вас у выдатным настроі, няхай усе, хто дапамагае, акружаюць вас любоўю, цяплом, пяшчотай, – прадоўжыла эстафету віншаванняў Ірына Красоўская і ўручыла жыхарам дома сумеснага самастойнага пражывання кошык садавіны ад гаспадаркі.

– Гэты год аб’яўлены Годам беларускай жанчыны, няхай ён прынясе прадстаўніцам прыгожай паловы чалавецтва і нашым мужчынам шмат добрых падзей. Шчасця вам і ўдачы ў новым годзе, – далучылася да шчырых пажаданняў Кацярына Хілімончык.

Прыемным бонусам для прысутных стаў музычны падарунак ад работнікаў культуры.
Іна Петрукевіч і сацыяльныя работнікі падзякавалі гасцям за візіт дабрыні, падарункі і станоўчыя эмоцыі.

Наступнымі гасцей прымалі жыхары кватэры самастойнага сумеснага пражывання аграгарадка.




Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае