19 чэрвеня на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання. Працавала некалькі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага сустрэлася з калектывам Дзятлаўскага раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый, старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага – з педагогамі гімназіі № 1 горада Дзятлава, працавалі і групы намеснікаў старшыні райвыканкама.



Абмеркавалі актуальную тэму “Беларусь – краіна магчымасцяў. Моладзевая палітыка на сучасным этапе”. Па даных статыстыкі, беларуская моладзь складае пятую частку насельніцтва і з’яўляецца магутным стратэгічным рэсурсам. Пры гэтым наша краіна перажывае не самы просты перыяд: адбываецца змена пакаленняў. Што можа зрабіць дзяржава? У першую чаргу – забяспечыць магчымасці. “Беларусь – краіна магчымасцяў, – адзначыў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка 24 снежня 2024 года, звяртаючыся да ўдзельнікаў навагодняга балю ў Палацы Незалежнасці. – Важна, каб вы адчувалі сутнасць нашага грамадства, дзе ўсе роўныя ў сваіх магчымасцях”.

Сувязь пакаленняў забяспечвае пераемнасць у развіцці грамадства, гэта крыніца жыццёвага вопыту і мудрасці, якія перадаюцца ад старэйшых малодшым. Беларусы павінны ведаць сваё мінулае, каб не паўтараць памылак. Каштоўнасці беларускай моладзі цяпер адрозніваюцца ад прыярытэтаў ранейшага пакалення, у іх структуры на першым месцы здароўе, затым сям’я, матэрыяльны дастатак, следам ідуць родныя, блізкія, сябры, сяброўства, каханне, менш увагі звяртаецца на сумленне, творчасць, чалавекалюбства.

Развіццё патэнцыялу маладога пакалення – адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай моладзевай палітыкі. У яе аснове – якасная і даступная адукацыя, садзейнічанне ў рэалізацыі права моладзі на працу, дзяржаўная падтрымка маладых сем’яў. Прадоўжаны курс на захаванне гістарычнай праўды, патрыятычнае выхаванне: іншых шляхоў і спосабаў выжыць у сучасным свеце, які ўступіў у стадыю перадзелу, проста няма. Праявіць свае таленты, умацаваць лепшыя якасці маладыя людзі могуць у грамадскіх аб’яднаннях “БРСМ” і “БРПА”, таксама Беларусь – адна з нямногіх краін, якая захавала студатрадаўскі рух і ўдыхнула ў яго новае жыццё. Напрыклад, толькі на Дзятлаўшчыне сёлета ў студатрадах мяркуецца працаўладкаваць 196 чалавек. Магутным інструментам для пазітыўных змяненняў служыць і валанцёрства. Дзяржава падтрымлівае моладзевыя ініцыятывы праз конкурсы і праекты. Падводзячы вынік, можна сказаць, што дзяржава робіць стаўку на маладое пакаленне. Пацвярджаюць гэта і словы Прэзідэнта на фінальным канцэрце акцыі “Марафон адзінства-2025”: “Наступная пяцігодка стане часам моладзі. Задача старэйшага пакалення – перадаць вопыт, веды, уменні, кампетэнцыі новаму пакаленню кіраўнікоў, рабочых, сялян, спартсменаў, айцішнікаў. Далучанасць маладых людзей да ўсіх сфер дзейнасці дзяржавы стане вырашальнай”.

– Праблема дзяцей і бацькоў не новая, – у прадаўжэнне тэмы адзначыў Андрэй Садоўскі. – Кожны жадае ім лепшага, часам, стараючыся, каб выехалі куды-небудзь. Аднак магчымасці сябе праявіць ёсць і на Дзятлаўшчыне, у нас усё побач: сады, школы, гурткі, а калі хочацца пабываць у тэатры – можна з’ездзіць. У вялікіх гарадах значна больш складанасцяў, асабліва для прыезджых, калі неабходна знайсці кватэру. У нашым раёне амаль усе маладыя спецыялісты забяспечаны арэндным жыллём. Тым не менш, нават калі ўзяць Гродзеншчыну, сярод 960 тысяч насельніцтва больш за 40 % жыве менавіта ў абласным цэнтры.

Не застала наша моладзь і цяжкасцяў, ліхіх 90-х з іх дэфіцытам, гэтага маладыя людзі не разумеюць, але працаваць і гаварыць з імі неабходна. Ад таго, як іх накіруем, залежыць будучыня наша і краіны, бо ўсе справы рана ці позна перададзім менавіта маладым.



Удзельнікі Адзінага дня інфармавання спыніліся таксама на супрацьдзеянні карупцыі, незаконным абароце наркотыкаў і адказнасці за такія парушэнні, закранулі актуальную тэму рэалізацыі акцыі “Бяспечныя канікулы”, нагадалі, якіх правілаў прытрымлівацца, каб адпачынак на прыродзе і каля вады быў прыемным, расказалі аб бяспецы пры падрыхтоўцы да жніва.























Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#власть #Дятловщина #нашелучшее #нашалепшае