24 ліпеня пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага прайшло чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, на якім разгледжаны два пытанні.
Аб дыспансерызацыі насельніцтва раёна ў 2025-м і першым паўгоддзі 2026 года расказаў галоўны доктар Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Віктар Яцкевіч.

Ён падкрэсліў, што яна праводзіцца для ранняга выяўлення захворванняў і фактараў рызыкі, і азнаёміў прысутных са змяненнямі заканадаўства, якія адбыліся летась. У мінулым годзе для дыспансерызацыі было арганізавана сем кабінетаў: адзін – у ЦРБ, два – у гарадскіх бальніцах, чатыры – у амбулаторыях, праведзена вучоба спецыялістаў і інфармацыйная работа з насельніцтвам. У 2025 годзе на тэрыторыі раёна жылі 21 949 чалавек, з якіх дыспансерызацыі належалі 15 648. За 12 месяцаў яе завяршылі 1055 чалавек (18-39 гадоў або 100 %) і 11 289 (40 гадоў і старэйшыя або 97,6 %). Нарматыў ахопу быў выкананы. Упершыню ў час аглядаў медыкі выявілі 39 хранічных захворванняў. Больш падрабязна Віктар Яцкевіч спыніўся на абследаваннях, якія дапамагаюць выяўляць анкалагічныя захворванні, агучыў лічбы. Ён анансаваў, што ў хуткім часе ў Дзятлаве будзе запушчаны мамограф, які ўжо ўстаноўлены, і мамаграфічныя даследаванні, для якіх даводзілася ездзіць у суседні раён, стануць даступнымі дзятлаўчанам.

Прадаўжаючы свой даклад, галоўны доктар адзначыў, што ў 2026 годзе на тэрыторыі Дзятлаўшчыны жывуць 21 481 чалавек, з якіх дыспансерызацыі належаць 14 514. Для яе правядзення ў пачатку года было сем спецыялізаваных кабінетаў, а з 1 чэрвеня дадатковы кабінет адкрыты ў дзятлаўскай паліклініцы, яшчэ адзін – у стацыянары ЦРБ. За 6 месяцаў агляд прайшлі 3160 чалавек па звестках цэнтралізаванай інфармацыйнай сістэмы аховы здароўя (ЦІСА) або 21,7 %. На 24 ліпеня гэта лічба была ўжо 5786 або 48 %. Прычынай нізкага паказчыка стала неабходнасці работы праз ЦІСА, якая ў ЦРБ запрацавала толькі напрыканцы сакавіка, а ў сельскіх структурах раёна ў красавіку. За першае паўгоддзе пры дыспансерызацыі выяўлены 161 выпадак хранічных захворванняў. Пры гэтым асноўнай праблемай медыкаў галоўны доктар раёна назваў нежаданне пацыентаў траціць час на неабходныя абследаванні, не менш людзей у белых халатах хвалюе незацікаўленасць наймальнікаў праяўляць ініцыятыву па ўзаемадзеянні, а таксама ўхіленне ад зваротаў да доктара асобных катэгорый грамадзян, на асаблівым жа кантролі ў адміністрацыі бальніцы – якасць вядзення медыцынскай дакументацыі і выключэнне фармальнага падыходу пры аглядах.


Рахункуючы вынікі даклада, Андрэй Садоўскі падкрэсліў, што дыспансерызацыя – гэта сапраўды сумесная работа, таму наймальнікам раёна і ідэалагічным работнікам арганізацый варта рабіць на яе большы ўхіл. Пытанне захавання здароўя насельніцтва знаходзіцца на пастаянным кантролі раённай улады, з мясцовага бюджэту выдзяляюцца дадатковыя сродкі на ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановаў аховы здароўя раёна, папаўненне аўтапарка, інфарматызацыю. Разам з тым, работа медыкаў павінна быць сістэмнай і адладжанай, весціся не “дзеля галачкі”, бо Дзятлаўшчына, на жаль, трымае высокую планку па анкалагічнай запушчанасці. Кіраўнік раёна акцэнтаваў увагу адміністрацыі ЦРБ на паляпшэнні якасці аглядаў, рашэнні кадравых недахопаў, наладжванні сістэмнай дзейнасці на ўсіх узроўнях, павышэнні працоўнай дысцыпліны і заклікаў да канкрэтных вынікаў.


З ходам выканання вызначаных заданняў па нарыхтоўцы і здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў ад насельніцтва ў Дзятлаўскім раёне ў першым паўгоддзі прысутных азнаёміў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік.

Зазначыў, што тэрытарыяльнымі аператарамі па нарыхтоўках вызначаны Дзятлаўскае РУП ЖКГ і Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства, а ўсяго на тэрыторыі раёна працуе восем стацыянарных прыёмных пунктаў, з інфармацыяй аб рэжыме работы якіх можна азнаёміцца на афіцыйных сайтах аператараў і райвыканкама. У раёне ўстаноўлены 214 кантэйнераў для раздзельнага збору другасных рэсурсаў, у жыхароў прыватных дамоў у райцэнтры і часткова ў гарпасёлку Наваельня на адказным захоўванні знаходзяцца 1935 для другаснай сыравіны і столькі ж для смеццяі, а ўсяго раздзельным зборам адходаў ахоплена 20,7 тысячы насельніцтва або 94,3 %.
У першым паўгоддзі аддзел адукацыі райвыканкама і ўстановы адукацыі праводзілі з навучэнцамі інфармацыйную работу аб неабходнасці раздзельнага збору смецця і беражлівых адносінаў да навакольнага асяроддзя, ладзіліся тэматычныя акцыі па навядзенні парадку. Падобная работа з насельніцтвам сельскіх саветаў праводзілася старшынямі сельвыканкамаў. Раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сёлета праведзена шэсць абследаванняў палігонаў цвёрдых камунальных адходаў і пяць – рэкультываваных міні-палігонаў. Па іх выніках спажыўтаварыству вынесена папярэджанне, а камунгас прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за ўтылізацыю на палігоне адходаў з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі. У цэлым па раёне за парушэнні закона па выкарыстанні адходаў да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 21 юрыдычная і фізічная асоба.
Ад насельніцтва за справаздачны перыяд сабрана 155,2 тоны карысных адходаў, што складае 85,3 % ад плану. З шасці заданняў па нарыхтоўках, даведзеных аператарам, выкананы два. Так, Дзятлаўскім філіялам Гродзенскага аблспажыўтаварыства недастаткова была арганізавана работа па зборы палімерных адходаў (сабрана 14,7 % ад задання), зношаных шын (75 %), адпрацаваных масел (не сабралі). Дзятлаўскае РУП ЖКГ недабрала адходаў паперы і кардону (сабрана 13,3 % ад задання), шкла (78,1 %), палімерных адходаў (12,3 %), зношаных шын (14 %), адпрацаваных масел (36 %).
Сярод складанасцяў пры выкананні планавых паказчыкаў намеснік старшыні назваў няпоўнасцю рэалізаваную мадэль раздзельнага збору, невыкананне патрабаванняў па сартаванні смецця насельніцтвам, адсутнасць станцыі сартавання і вываз на палігон другасных рэсурсаў разам з цвёрдымі бытавымі адходамі.


Андрэй Садоўскі акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што змянілася сістэма кантролю за зборам другасных рэсурсаў: адсочваецца яшчэ і паказчык нарыхтоўкі ад насельніцтва. Пакуль што раённыя вынікі не радуюць, нягледзячы на набыццё кантэйнераў і новых смеццявозаў, а таму неабходна актывізаваць дзейнасць нарыхтоўшчыкаў у гэтым кірунку, прааналізаваць сітуацыю, адшукаць магчымасці для дасягнення планавых паказчыкаў. Пытанне застанецца на пільным кантролі і будзе дадаткова разгледжана на прамежкавай нарадзе па выніках нарыхтовак за дзевяць месяцаў.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga