Абласны семінар-нарада па навядзенні парадку на сельскагаспадарчых аб’ектах у арганізацыях Дзятлаўскага і Слонімскага раёнаў, вядзенню бухгалтарскага ўліку і налічэнню заработнай платы, забяспечанасці кадрамі і ўмовах пражывання маладых спецыялістаў сельгасарганізацый прайшоў сёння ў Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце.

Удзел у ім прынялі першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрый Валяваты, старшыні Дзятлаўскага і Слонімскага райвыканкамаў Андрэй Садоўскі і Генадзій Хоміч, кіраўніцтва і спецыялісты Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, спецыялісты абласных службаў, кіраўнікі перапрацоўчых прадпрыемстваў, райсельгасхарчаў і сельгасарганізацый Дзятлаўскага і Слонімскага раёнаў.

Падобныя семінары-нарады з аналізам вынікаў работы двух раёнаў праводзяцца на Гродзеншчыне сістэмна, таму ў час іх вельмі дэтальна разглядаюцца ўсе недакладнасці, недахопы, якія выяўляюцца папярэднім маніторынгам абласных службаў.
Заўвагі гучалі ў адрас прадстаўнікоў абодвух раёнаў: па кадравым патэнцыяле, утрыманні і ўзнаўленні статку буйной рагатай жывёлы, навядзенні парадку ў сельгаспрадпрыемствах.


Між тым, сустрэча прайшла эмацыянальна, але канструктыўна, у прыклад ставілі і лепшых. Напрыклад, СГФ “АграМілк” – па тэхналагічных аспектах жывёлагадоўлі; на моцную “савецкую” чацвёрку з плюсам ацанілі работу бухгалтарскіх службаў правераных сельгаспрадпрыемстваў (у Дзятлаўскім раёне – гэта КСУПы “Жукоўшчына” і “Хвінявічы”); годна выглядаюць машынныя двары, належны парадак на пляцоўках для захоўвання металалому, у пунктах захоўвання тэхнікі, бытавых памяшканнях КСУПаў “Войневічы” і “Хвінявічы”. Адзначылі эфектыўную работу гаспадарак, якія сёння маюць падтрымку буйных абласных прадпрыемстваў (у нашым раёне – СГФ “АграМілк”, РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт”; ААТ “Дварэц-Агра”, ААТ “Молочный Мір”).





Узнялі тэму “кадравага голаду”. Сёння ён прысутнічае ва ўсіх сельскагаспадарчых структурах у той ці іншай меры, пры тым, што амаль усе прапануюць жыллё маладым спецыялістам, добрую заработную плату, заключаюць мэтавыя дагаворы. Пытанне, як стварыць папулярнасць сельскагаспадарчым прафесіям, засталося адкрытым.




Кожны кіраўнік даў справаздачу аб ліквідацыі выяўленых недахопаў, па некаторых пунктах вызначаны тэрміны для выпраўлення сітуацыі.




Юрый Валяваты адзначыў, што работа па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі ў вобласці праводзіцца маштабная. Аднак пакуль застаецца шэраг праблемных пытанняў, звязаных з недастаткова эфектыўнай дзейнасцю асобных службаў і ведамстваў.
– У большасці выпадкаў для таго, каб навесці парадак на аб’ектах, забяспечыць належнае ўтрыманне жывёлы, захоўванне ўгнаенняў і ўраджаю не патрэбны вялікія фінансавыя выдаткі. Кантролю, адказных адносін, добрасумленнай працы і гаспадарскага падыходу, часта, цалкам дастаткова, каб мець годны вынік, – падкрэсліў Юрый Мікалаевіч, і нагадаў, што за кожным кіраўніком – людзі, для іх працы і жыцця трэба стварыць прыстойныя, бяспечныя ўмовы.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#АПК #сельское хозяйство