Шырокі спектр сельскагаспадарчых і не толькі спецыяльнасцяў старшакласнікам Дзятлаўскага раёна прадставілі спецыялісты вышэйшых навучальных установаў нашай краіны.

Прафарыентацыйная сустрэча “Шлях у аграрныя прафесіі” адбылася 17 сакавіка ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці з удзелам кіраўніцтва і наймальнікаў Дзятлаўшчыны на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім і яго першым намеснікам – начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віталіем Шулейкам.

Адразу ў фае ў школьнікаў – а прыехалі ў райцэнтр навучэнцы старэйшых класаў установаў адукацыі з усяго раёна – была магчымасць пагутарыць з прадстаўнікамі вядучых сельскагаспадарчых ВНУ Беларусі.

Сваімі ведамі з прысутнымі дзяліліся і расказвалі пра магчымасці, якія адкрывае аграпрамысловы комплекс, дэкан факультэта давузаўскай падрыхтоўкі і прафарыентацыйнай работы Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Віктар Паплеўка, прафесар кафедры абароны раслін Аляксандр Свірыдаў, старшы выкладчык кафедры развядзення і кармлення сельскагаспадарчых жывёл Арцём Прасняк, дацэнты кафедраў мікрабіялогіі і эпізаталогіі Таццяна Скудная, матэматыкі і тэхнічных дысцыплін – Іван Бобрык, арганізацыі прававога забеспячэння аграбізнесу – Ілона Дзяшко, а таксама выкладчык Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта горада Мінска Арцём Анішчанка. Маладыя дзятлаўчане змаглі задаць гасцям хвалюючыя пытанні аб будучым паступленні, атрымаць на іх падрабязныя адказы, узяць з сабой паліграфічную прадукцыю з назвамі факультэтаў, дысцыплінамі для іспытаў, кантактамі.

– Падобныя прафарыентацыйныя сустрэчы ў нашым раёне ладзяцца не толькі з аграрнымі ВНУ, але і з прадстаўнікамі ваенных, медыцынскіх, тэхнічных вышэйшых навучальных установаў – павітаў прысутных Андрэй Садоўскі. – Гэта мерапрыемства не апошняе: у бліжэйшы час запланаваны ўдзел у кірмашы мэтавай падрыхтоўкі ГрДУ імя Я. Купалы.

Дзятлаўшчына – раён прамысловы, аднак палова прадпрыемстваў арыентавана менавіта на перапрацоўку сельскагаспадарчай прадукцыі, ёсць і сем гаспадарак, якія прадстаўляюць сферу АПК. У наш час кожная галіна эканомікі Беларусі зацікаўлена ў кадрах. Варта адзначыць, што сельская сфера даволі цікавая і перспектыўная. Я сам выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, які скончыў больш за трыццаць гадоў таму, прайшоў шлях ад радавога спецыяліста да кіраўніка раёна, аб чым не шкадую, бо калі займаешся любімай справай, то ўсё атрымаецца: і прафесія, і кар’ера. Цяперашнім выпускнікам раю самастойна прымаць рашэнне аб выбары прафесіі, бо ад яго залежыць будучыня. Безумоўна, найлепш заключыць мэтавыя накіраванні, у раёне такая магчымасць ёсць. Гэта дапаможа атрымліваць стыпендыю яшчэ і ад гаспадарак – дадатковыя дзесяць базавых велічыняў. На Дзятлаўшчыне мы праводзілі анкетаванне сярод выпускнікоў дзявятых і адзінаццатых класаў, і сорак два чалавекі арыентаваны на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці.          

Пра тое, што сельская гаспадарка стаіць на варце харчовай бяспекі краіны і ўяўляе сабой не толькі працу на зямлі, але і перадавыя тэхналогіі, інавацыі, навуку, спрыяе паспяховай кар’еры расказаў Віктар Паплеўка. Ён спыніўся на спецыфіцы навучання на кожным з факультэтаў Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, ільготах пры паступленні, расказаў, што для юнакоў ёсць магчымасць праходжання вайсковай службы на працягу летніх канікулаў, а пры заканчэнні ВНУ – атрымання ваеннага білета. Важнымі бонусамі для студэнтаў установы з’яўляюцца таксама прадастаўленне месца ў блочным інтэрнаце, сучасная матэрыяльна-тэхнічная база, цікавае праводжанне вольнага часу з універсітэцкім актывам, магчымасць вучыцца на павышаную стыпендыю, гарантаванае працаўладкаванне.

Больш падрабязна на перавагах навучання на факультэце ветэрынарнай медыцыны гэтага ж ВНУ спынілася Таццяна Скудная.

Аб чатырох факультэтах і васьмі спецыяльнасцях, якія прапаноўвае Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт расказаў Арцём Анішчанка. Установа знаходзіцца ў сталіцы, усім студэнтам прадастаўляецца інтэрнат. Ухіл гэтага ВНУ пераважна тэхналагічны, хаця ёсць і перапрацоўчыя спецыяльнасці. На базе ўніверсітэта функцыянуюць класы з сучаснымі трэнажорамі для грунтоўнага практычнага навучання будучых спецыялістаў.

Як склаўся яго прафесійны шлях на малой радзіме пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, школьнікам расказаў Віталій Шулейка. Сёлетніх абітурыентаў ён нацэліў на тое, што толькі праз старанную вучобу і работу можна дабіцца поспехаў у жыцці, у тым ліку ў родным раёне, а ў сучаснай сельскай галіне можна зарабляць добрыя грошы і выкарыстоўваць атрыманыя ў ВНУ веды і навыкі на сучасным “разумным” абсталяванні і тэхніцы, пры гэтым карыстацца шматлікімі працоўнымі гарантыямі.

Вынікі прафарыентацыйнай сустрэчы падвяла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская. Яна падзякавала гасцям за грунтоўную інфармацыю. Патлумачыла школьнікам, што жадаючыя атрымаць мэтавыя накіраванні могуць звяртацца да сваіх класных кіраўнікоў, нагадала, што выбар прафесіі – самы адказны этап у жыцці, бо толькі спецыяліст, які любіць сваю справу, можа не толькі дасягаць у ёй вышынь, але і атрымліваць радасць ад работы. 

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Предыдущая новость

Следующая новость

Похожие публикации