Лічбавыя тэхналогіі трывала ўвайшлі ў паўсядзённае жыццё. З імі камфортна, аднак не варта забываць пра бяспеку. Як сведчыць статыстыка, злачынствы з рэальнасці ўпэўнена пераходзяць у віртуальную прастору.
Аляксей Клок, следчы раённага аддзела Следчага камітэта, нагадаў дзятлаўчанам, як распазнаць махляроў своечасова і абараніць грошы:
– Заўжды трэба звяртаць увагу на нюансы, якія дапамогуць зразумець, што размаўляеце са зламыснікам. З вамі дакладна звязаўся махляр, калі званок паступіў у месенджары ад імя банка, міліцыі, КДБ, Нацыянальнага банка або аператара сотавай сувязі. Кладзіце трубку, як толькі пачуеце ад субяседніка патрабаванне назваць СМС-код, пароль, нумар карты або CVV-код, калі ён запалохвае крымінальнай справай, вобыскам, арыштам ці фінансаваннем тэрарызму, забараняе расказваць пра размову родным і вымушае трымаць усё ў тайне. Ні ў якім разе нельга рэагаваць, калі вам прапаноўваюць перадаць грошы кур’еру, пакласці іх у “тайнік” ці перавесці на “бяспечны рахунак”.
Памятайце, што банкі і праваахоўныя органы ніколі не патрабуюць перадаваць зберажэнні праз агентаў ці кур’ераў, пераводзіць іх, не вядуць “дэклараванне” і не ажыццяўляюць спецаперацыі і следчыя дзеянні па тэлефоне.
Увогуле, коды з СМС і паролі ад банкаўскіх картак і асабістай пошты нельга паведамляць трэцім асобам ні пры якіх абставінах, таму як толькі чуеце пагрозы ў свой адрас, размовы пра “крэдыты” ці “спецаперацыю” – кладзіце трубку. Памятайце, што адзіны спосаб супрацьстаяць махлярам – спыніць дыялог.
Калі вы ці вашы блізкія ўжо паверылі і паведамілі інфармацыю ці аддалі грошы злачынцам, неадкладна заблакіруйце банкаўскія рахункі і тэлефануйце ў міліцыю на нумар 102.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga